Мои Конспекты
Главная | Обратная связь


Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Таямніцы неба і зямлі



У мястэчку была другая беззямельная сям'я – Борух і яго жонка Сора. Яны жылі на другім канцы мястэчка ў маленькай хатцы, знутры і знадворку аблепленай глінай. Борух – стары, нізкага росту чалавек, з вялікай галавой на шчуплых плячах – браў на вучобу трох‑чатырох дзяцей. Яго жонка Сора хадзіла з кошыкам шкляной пасудьі па вёсках. Яна прадавала пасуду ці абменьвала на прадукты, і з гэтага яны жылі. Борух займаўся тайнай навукай «кабаллы». У кожную раніцу ён хадзіў на блізкае возера на абрад «святога амавення». У кожную поўнач ён уставаў, абсыпаў галаву попелам у знак жалобы, садзіўся на зямлю і аплакваў зруйнаванне храма Іерусалімскага. Часам удзень ён хадзіў у лес, дзе ў самоце вывучаў таямніцы неба і зямлі. Дзень у дзень ён пісаў нейкі філасофскі трактат. Яго ў ваколіцы лічылі святым чалавекам. Да яго на парады прыходзілі і беларусы.

У сем год мяне аддалі ў навуку да Боруха. У яго вучыліся дзеці пасадзецкага багача‑карчмара. Яны былі нашмат старэйшыя за мяне і вучылі талмуд. Я ніколі да гэтага часу не бываў у хатцы Боруха. Я з цікавасцю аглядаўся па кутках хаціны і заўважыў, што тут уся пасуда са шкла і гліны, лыжкі – драўляныя, гліняныя падсвечнікі, злепленыя груба ім самім. Падлога была гліняная. І рукі і твар самога Боруха мелі колер гліны. Ён вечна дыміў люлькай – старасвецкай бурштынавай з доўгім, у два аршыны, плеценым цыбуком. Хлопцы карчмара былі гультаі, і Борух часта спакойна і ўдумліва паганяў іх канчуком‑шасціхвосткай.

– Вучыцеся, бычкі! – гаварыў ён пры гэтым.

Некалькі гадзін у дзень ён займаўся выключна мною. Раздзел за раздзелам чытаў са мной Біблію, тлумачачы бегла значэнне старажыдоўскіх слоў. Ён мяне ніколі не біў. Апрача гэтага, ён кожны дзень аддаваў гадзіну на вусную размову са мною. Ён мяне называў сваім «духоўным сынам». Тлумачыў, што ўсё на зямлі Бог – нябесны ганчар – выляпіў з гліны. З гліны мы выйшлі ды ў гліну вернемся. «Чалавечая душа, – гаварыў Борух, – божая іскра. Бог даў чалавеку дабро і праўду, а чорт – зло і фальш. І вось у вечным змаганні між сабою дабра і зла, праўды і фальшы праходзіць чалавечае жыццё, нібы малюсенькая кропля ў акіяне вечнасці, нібы дробны чаўнок у бурлівай стыхіі несупыннага патоку». Аграмадныя светлыя вочы Боруха свяціліся двума страшнымі аганькамі. Ён мяне заварожваў.

Борух растлумачыў мне ўсю механіку зямлі і неба.

Зямля ляжыць на хвалях вялікаводнага Ўкіёнуса. Зямлю акружае вялізная рыба Левіятан, што вечна трымае свой хвост між зубоў. Калі б Левіятан выпусціў хвост і выпрастаўся б, дык ад гэтага ўзняліся б хвалі да самага неба, уся зямля апынулася б пад вадою, як у часе першага патопу.

У вялікіх пустэчах, дзе чалавек не мае доступу, знаходзяцца ў падзямеллях бочкі з віном ад часоў Ноя – некалькі тысяч год. А там на мурожных горах пасецца агромністы бугай. Рагамі ён падпірае аблокі. А калі ён пачынае рыкаць, тады ў нас грымяць грымоты.

Над зямлёю вісіць сем нябёс. Кожнае неба падпіраюць анёлы, такія высокія, што калі б па такім анёлу пайшоў чалавек пехатой, дык ад пят да галавы ён дабраўся б за пяцьсот год. На анёлах усюды вочы. Мы іх бачым і называем зоркамі. На сёмым небе знаходзіцца Адэнай, Шэхіна і Руах‑Гакойдаш – нешта падобнае да хрысціянскай троіцы. Яны знаходзяцца ў раі. З імі разам жывуць праведнікі‑цадыкі. Там на кіпарысе вісіць арфа цара Давіда, на якой іграе вецер. Музыка ў шэсцьдзесят разоў прыгажэйшая за музыку на зямлі.

Надыдзе час, калі сам Бог зловіць рыбу Левіятана, зарэжа агромністага бугая, дастане старое Ноева віно і наладзіць пір для сваіх цадыкаў‑праведнікаў. Ежа і пітво будуць у шэсцьдзесят разоў смачнейшыя, чымся на зямлі.

Хедэр

Калі я дома расказаў дзеду аб гэтых гутарках, яму гэта не спадабалася. Ён забраў мяне ў Боруха і аддаў у хедэр к другому рэбэ (настаўніку). Зваўся ён – рэб Залман. Ён быў касавокі, з чорнай густой барадой старадаўняга асірыйца. На руках ён меў па шэсць пальцаў. Адным сваім выглядам «шэсцярэнь» наводзіў страх на вучняў. У яго «хедэры» (школе) пачаліся мае сапраўдныя пакуты.

У цесным пакоі пры адным стале сядзела каля дзесяці хлопчыкаў. Сядзелі мы безвыходна па дванаццаць гадзін. З дому нам прыносілі есці. Дзень быў падзелены на чытку малітваў, Бібліі і Талмуда. Прыблізна гадзіна часу аддавалася на чыстапісанне па‑старажыдоўску і на вывучэнне першых чатырох правіл арыфметыкі. Вольнымі ад хедэра мы бывалі паўдня ў пятніцу і паўдня ў суботу. Два разы на год вучні хедэра мелі канікулы – месяц вясною і месяц увосені.

Усе дзесять вучняў маліліся і чыталі разам уголас. У хедэры стаяў незвычайны шум, нібы гулі некалькі раёў пчол. Кожны з вучняў лічыў такую нудную і аднастайную вучобу за катаргу. Рэбэ прыходзілася ўбіваць «божую навуку» ў галовы вучняў кулакамі. Ён біў нас бязлітасна дзень у дзень. Дамоў я прыходзіў з хедэра заўсёды падрапаны, з апухлым тварам. Бацькі на гэта не зварочвалі ніякай увагі.

За цяжкія праступкі рэб Залман караў нас бізунамі па голым целе, як прыгонных у часы паншчыны. Я помню два такія пакаранні.

Я вельмі любіў маляваць. Рэбэ гэта лічыў непрыстойным заняткам і забараняў «псаваць паперу». Аднаго разу ён знайшоў у мяне размаляваны аркуш паперы: чалавечкі, дрэўцы, хаткі, жывёлы. Рэбэ за гэта ўсыпаў мне некалькі гучных аплявух. Тут жа хтосьці з вучняў данёс, што я на першай старонцы Бібліі намаляваў свінку. У набожных жыдоў свіння лічылася нячыстай жывёлай. За гэту свінку рэбэ сарваў з мяне вопратку, кінуў мяне на ўслонак, загадаў маім таварышам трымаць мяне за рукі і ногі, а сам сцёбаў мяне цвёрдай дзягай па голай спіне…

У другі раз я ўчыніў таксама цяжкі «грэх». Гуляючы з дзецьмі ў суботу ў лесе, я натрапіў на суніцы. Паводле закона юдэйскай рэлігіі ў суботу збіраць ягады няможна, бо гэта работа. А субота – дзень адпачынку. З'явілася нястрымнае жаданне папробваць спелых пахучых суніц. Я разважаў так: «Зрываць ягады рукамі божым законам не дазволена, але адразу з кусткоў зрываць ротам і есці можна. У суботу ж жыды не посцяць…» Я лёг на зямлю і давай прагна есці суніцы…

– Грэх! Грэх! – крычалі мае таварышы і ўцяклі дамоў раней за мяне.

– Грэх… Грэх… – звінела ў маіх вушах.

Царыца Шабас

Дамоў я ішоў адзін. Дзеці ўжо раструбілі на ўсё мястэчка пра мой вялікі грэх перад царыцай Шабас.

У гэты дзень сам Бог адпачываў пасля стварэння свету. У гэты дзень і грэшнікі ў пекле адпачываюць. Пра Шабас напісан цэлы том Талмуда. Юдэйская армія, якая даўней паўстала супроць рымлян, заўсёды ў шабас адпачывала, не баранілася. Рымскія легіянеры рэзалі іх у суботу, як ягнят. Так кажа легенда. Ёсць мора Самбатыён, дзе на востраве жывуць веліканы – Маісеева племя. Каб ніхто з людзей не мог туды дабрацца, з неба несупынна падаюць у мора Самбатыён каменні. Толькі ў шабас там спакойна.

А я паквапіўся на суніцы…

Што скажа маці і бабуля пра мой учынак? Яны ж гатуюць ежу ў пятніцу і ў шабас адпачываюць. Нават карову самі не дояць. Вады з крыніцы не прыносяць і лямпы самі не запальваюць. Усё гэта робіць удава Марта. А ў пятніцу на захад сонца бабуля і маці ў чэсць Шабас запальваюць свечкі. Маці – у стаячых падсвечніках, а бабуля – у вісячым сямісвечніку. Яны моляцца на свечкі, засланяючы далонямі вочы, каб не глядзець на святы агонь… У шабас і дзеці не растуць… трава на полі не расце… крамы і корчмы зачынены…

А я паквапіўся на суніцы…

Што скажа на мой учынак дзед і бацька, якія ў шабас нічога не робяць? Што скажа столяр Янка, які ўмее спяваць шабасовыя песні на старажыдоўскай мове? Што скажа мой строгі рэбэ? Ён адзін з самых адданых рыцараў царыцы Шабас. У буднія дні ён заўсёды грызе свае ногці – па шэсць на кожнай руцэ. Затое ў шабас гэты злы шэсцярэнь ніколі іх не трывожыць. У шабас і ногці яго адпачываюць.

А я паквапіўся на суніцы…

Сіняе шоўкавае неба. Залатое сонца. Жаўранкі спяваюць гімны царыцы Шабас. На лугах звіняць косы. Навакол радуецца жытняе поле, а я самы нешчаслівы на свеце хлопчык. Я здрадзіў царыцы Шабас. Мяне чакае кара.

Я ўяўляю сабе царыцу Шабас у выглядзе нашай багатай карчмарыхі Златы: тоўстая, кароткая і злая, злая… На яе галаве капялюшык са штучнымі белымі кветкамі, чырвонымі журавінкамі і зялёнымі лісткамі. Над капялюшыкам красуецца пышнае пяро павы. Яна, царыца, у сіняй, колеру неба з залатымі крапінкамі, шоўкавай ратондзе. На грудзях – залаты гадзіннік. На тлустай шыі – тры нізкі бліскучага жэмчугу. На пальцах – залатыя пярсцёнкі з аметыстамі і карбункуламі. Голас у царыцы Шабас таксама злы і калючы, як у нашай карчмарыхі Златы.

Не люблю я царыцы Шабас, нягледзячы на тое, што ў яе дзень я напалавіну вольны ад хедэра. Бяда, што ў гэты дзень ты, як мёртвы, – нічога рабіць няможна… А вось гэтая ж царыца – злая, як ведзьма, – мае крыллі і лунае над палямі і лясамі. Яна сочыць за тым, каб жыдоўскія хлопчыкі ягад не збіралі ў лесе. Чым жыдоўскія хлопчыкі горшыя за нежыдоўскіх хлопчыкаў?

Мяне чакае рэбэ з цвёрдай дзягай у руках. Ён – кат, гад, разбойнік. Ён – агідны, люты чалавек.

Каб гэта наш вядзьмар Карпуха зачараваў мяне ў цялушку, у рабенькую цялушачку з лысінкай на лбе. Я пабрыкваў бы па полі і не баяўся б ні царыцы Шабас, ні рэбэ. Маці шукала б мяне, клікала б, звала:

– Дзе ты, сынок?

А я не хлопчык, а цялушка.

Каб я ведаў чароўнае слова – перакінуўся б у зязюльку. Я паляцеў бы ў блізкі лес і, нягледзячы на Шабас, кляваў бы суніцы, брусніцы, чарніцы… А то ўзляцеў бы на зялёную вярбу ля нашай хаты. Маці пыталася б:

– Дзе ты, сынок?

А я з вярбы: «ку‑ку! ку‑ку!» Потым узняўся б у сіняе неба, з імпэтам кінуўся б уніз на агідны твар рэбэ і давай яго кляваць і драпаць кіпцюрамі.

Было б таксама някепска, каб я быў хаця б аўсяным каласком на нашай страсе. Іх шмат на даху нашай хаты. Дзед мне гаварыў, што іх тут сам Бог сеіць. Гляджу сабе са страхі на далёкі тракт… На мяне садзіцца залатая пчолка, прыгожы матылёк. Дожджык мяне палівае, сонейка грэе, ветрык калыша… Мне так добра – не трэба маліцца. Я вольны ад нудных псалмоў, ад нецікавага Талмуда. Я расту і ў Шабас, і ніхто мяне не карае за гэта…

Ахоплены такімі дзівоснымі марамі, я не заўважыў, як апынуўся сярод мястэчка. Рэбэ мяне чакаў на вуліцы. Хтосьці са школьнікаў яму ўжо данёс аб маім учынку.

Рэбэ паглядзеў на мяне строгімі і вясёлымі вачыма. Чужое няшчасце яму заўсёды прыносіла радасць. Ён схапіў мяне за руку і пацягнуў у хедэр, каб пакараць за суніцы – за нарушэнне святой суботы.

У хедэры рэбэ пачаў зрываць з мяне вопратку. Я змагаўся з усіх сіл. «Гад, каршун», – крычаў я. Я кусаў свайго ката за рукі, ірваў яму бараду, драпаў твар, брыкаўся, галасіў. А ён сарваў з мяне ўсю вопратку і пачаў біць дзягай. Чым больш я змагаўся, тым мацней ён мяне біў.

Абодва мы былі акрываўленыя – і я і рэбэ.

Ні бацька, ні дзед за гэта на рэбэ не пакрыўдзіліся. Толькі добрая бабуля, прыкладваючы халодныя кампрэсы да маёй акрываўленай спіны, пралівала нада мною горкія слёзы.

У другую суботу я, праклінаючы і Шабас, і рэбэ, і ўвесь свет, зноў пайшоў у лес. Цяпер я ўжо наўмысне збіраў ягады рукамі. А дома я сказаў, што, калі мяне рэбэ будзе біць за ягады, кінуся ў возера і ўтаплюся.

І я і мае таварышы ўзненавідзелі хедэр, дзе нас, малых, калечылі і фізічна і маральна.

У дзесяць год я ўжо някепска ведаў старажыдоўскую мову. У Бібліі і Талмудзе я ахвотна чытаў раздзелы, насычаныя легендамі і апавяданнямі. Рэлігійна‑філасофская частка была вельмі схаластычная. Апісанне жыдоўскіх звычаяў і законаў было нудна чытаць. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак аб розных святых: «Шывхе баал шэм», «Ялкут», «Цэена Ўрэена» і шмат іншых. Кожны раз перад сном я імі зачытваўся. Дзівосная фантастыка аб анёлах, чэрцях, русалках, чараўніках і святых, распісаных у падобных кніжках яркімі фарбамі, палохалі мяне, дзівілі і захаплялі.

Сны

У сне я іх бачыў, гэтыя казкі, у жывых карцінах, у новых дэкаратыўных перастаноўках.

Я гуляю ўвечары са сваімі школьнымі таварышамі па выгане за мястэчкам. Павольна надыходзіць ноч – цёмная, цёмная. Мне боязна. Я тулюся да таварышаў. Яны пачынаюць свістаць і люлюкаць. Яны дзіка рагочуць. Аказваецца, што гэта не мае таварышы, а чэрці… Я з усіх сіл бягу дамоў. Чэрці гоняцца за мною – хочуць зацягнуць на непраходнае балота, у багну. Я ледзь выратаваўся ад іх, ускочыў у хату. Бацька спіць. Я буджу яго і расказваю пра свае страхі. Ён слухае, выпучвае вочы, высоўвае доўгі язык і пачынае рагатаць. Гэта зусім не бацька мой, а чорт. Я зусім не ў роднай хаце, а ў старым млыне. З возера выходзіць на грэблю карагод голых доўгавалосых русалак. Пад куваканне жаб яны, маўклівыя і сумныя, танцуюць. Яны акружаюць мяне, шчакочуць, хочуць зацягнуць у аір, у возера. Яркі месяц асвятляе іх прыгожыя твары. Замест кашуль яны ахутаны туманам. Мяне цягне да гэтых русалак. Яны надзіва прыгожыя. Але тут мая пагібель. Русалкі хочуць мяне ўтапіць. Яны зараз мяне ўтопяць. Яны зацягнулі мяне ў ваду. Я прачынаюся.

Бабулі роднай апавядаю свой сон.

Яна ўважліва слухае. Супакойвае мяне. Раптам на яе лбе вырастаюць рогі. Яна ўся абрастае шэрсцю…

Гэта ж зусім не мая бабуля, а страшная ведзьма. Яна хоча мяне зарэзаць і з'есці. Яна ўзнялася ў паветра, паляцела, трымаючы мяне вострымі кіпцюрамі, як у каршуна. Мы ляцім з ёю над мястэчкам. На дахах стаяць хлопчыкі і глядзяць. Мы з ведзьмай апынуліся ў глухім лесе. Яна расклала вогнішча. Старая ведзьма‑людаедка хоча кінуць мяне ў агонь. Я прашу літасці. Здалёку даносіцца да мяне жаласлівы плач маці. Яна шукае мяне. Я крычу і… прачынаюся.

Хатнія акружаюць мяне. Пытаюцца, што мне снілася, даюць мне вады ў конаўцы. Я гляджу на іх і баюся. І я наяве думаю, што мяне акружаюць чэрці…

– Ты мабыць, перад сном «крыяс‑шма» не чытаў, – строга мяне папракае маці. – Трэба маліцца перад сном, тады нячысцік не будзе табе балматаць на вуха.

Вялікі пройгрыш

З таго часу, як бацька ўдарыў нагу бервяном і прахварэў некалькі тыдвяў, ён кінуў займацца возкай лесу на рум. У сплаўны сезон ён наймаўся ў лясных купцоў прыказчыкам пры сплавах, а зімой ён жыў «з паветра». Конь у яго быў заўсёды. Бацька гаварыў, што без каня жыць не можа – яму нудна.

Ад дзеда бацька аддзяліўся. Яму апрыкрала дзедава набожнасць. У другім канцы мястэчка, насупраць хутарка паляўнічага Вышамірскага, на зямлі карчмара стаяла пустая хата з прыбудоўкай для хлява і пуні. Бацька туды перабраўся. Карчмару плаціў дзесяць рублёў у год. Тут ён жыў «вольна», без дзедавага апякунства. Пасля сястры Марыі бусел прынёс нам у хату яшчэ хлопчыка і дзяўчынку. Маці перайшла ад шыцця каптуроў да вопратак. Удзень яна была занята дзецьмі і гаспадаркай. Уночы яна шыла. Швейнай машыны яна яшчэ не мела.

Бацька быў заняты скрынкай і канём. Кожны тыдзень у чацвер ездзіў ён у мястэчка Даўгінава на кірмаш мяняць каня. Гэтым ён зарабляў. Яго тактыка была такая: выменьваць каня на горшага і атрымаць некалькі рублёў прыдатку. Новага каня, худога і слабога, за тыдзень адкормліваў і зноў – на кірмаш у Даўгінава. Зноў мяняў каня на горшага і прывозіў некалькі рублёў прыдатку… Калі яму часам не ўдавалася выменьваць свайго каня, ён прымаў удзел на кожным рынку пры такой жа справе ў іншых. За гэта ён па звычаю атрымліваў «камісіённыя» з абодвух бакоў.

Ён зрабіўся знатаком на коней. Навакольныя сяляне заўсёды звярталіся да бацькі, калі трэба было каму‑небудзь з іх купіць каня ці прадаць свайго. Бацька ездзіў з імі ў Даўгінава. За такія клопаты яму плацілі натурай – бульбай, збожжам.

Аднаго разу бацьку абманулі цыганы. Ён прывёз з Даўгінава такую дахляціну, што конь назаўтра здох. Я ўпершыню бачыў, як плакаў бацька. Маці на яго крычала:

– Сорамна плакаць па каню…

Бацька застаўся без дзела. Маці ўпотайку ад яго хадзіла да дзеда «пазычаць» грошы на пуд жыта. Тым часам бацька прыдумаў новую справу – мяняць гадзіннікі. У яго быў добры сярэбраны гадзіннік, які ён атрымаў у пасаг ад дзеда. Тактыка была такая ж, як з коньмі: мяняць на горшы і браць прыдатак. Мяняў ён гадзіннік з пасажырамі, што праязджалі праз Пасадзец. Выменены гадзіннік ён аднаўляў: чысціў крэйдай, шараваў анучкамі, пакуль даводзіў гадзіннік і ланцужок да новага блеску, да зіхацення. Ён, канешне, гаварыў, што гадзіннік зусім новы… Гэты «новы» ён мяняў на горшы і браў прыдатак.

Але гэта справа была вельмі дробная, без разгону.

Кончылася яна, як з канём – даволі трагічна. Выменяў бацька гадзіннік, узяў пяць залатовак прыдатку, пашараваў яго да такога блеску, аж ён, гадзіннік, вочы сляпіў. Прылажыў гадзіннік да вуха і пачуў у ім падазроную хрыпотачку, нібы млявасць на яго напала. Бацька ўстрывожыўся і давай кожную хвіліну прыкладваць яго да вуха. Заўважыла маці.

– Што з гадзіннікам?

– Ды нічога…

– Навошта кожную хвіліну тыцкаеш яго ў вуха?

– Мне вуха баліць. Кепска чую. Відаць, прастудзіўся… – сказаў бацька.

– А Божа ж мой! – спалохалася маці. – Вуха баліць, а ты маўчыш…

– Ці ж крычаць?

– На камфару, пакапай у вуха – памагае.

Маці падала бацьку бутэлечку з камфараю. Бацька пайшоў на двор, накапаў камфары ў гадзіннік. Гадзіннік стаў. Бацька спалохаўся і пачаў яго трасці, як чалавека, які страціў прытомнасць. Спачатку гэта памагала. Гадзіннік прыходзілася ўстрахваць кожныя пяць хвілін. Потым – кожныя тры хвіліны, потым – кожную хвіліну. Урэшце гадзіннік зусім страціў пульс.

Тады бацька ўзяў іголку і пачаў поркаць у гадзінніку шрубкі – і гэта не памагло. Бацька панёс гадзіннік рыжавусаму Янку на паратунак. Янка разняў яго на самыя дробныя кавалачкі, прачысціў і зноў склаў. Гадзіннік наравіўся. Ён сіпеў, як гадзюка, хархоліў і бурболіў, нібы топіцца і вось‑вось яму надыходзяць канцы.

Так яно і было. Гадзіннік выпадаў у бацькі з рукі і зусім рассыпаўся. Бацька кінуў гадзіннік у рыбную сажалку Вышамірскага. Ланцужок ад гадзінніка ён ціха схаваў у камодзе. Вочы ў яго былі сумныя. Такія ж вочы былі ў яго, калі ён схаваў аброць ад паўшага каня на печы пад бэлькай.

З чаго цяпер жыць? Што мяняць?

Больш не было ў бацькі чаго мяняць. Толькі раз шапкамі абмяняўся з суседам і ўзяў дзесяць капеек прыдатку… Тады бацька пазычыў у карчмара на працэнты дзесяць рублёў, купляў на вёсцы то авечку, то цялушку і прыносіў на спіне дамоў. Мяса і скуру прадаваў камісіянерам на Менск, а сабе пакідаў ножкі, пячонку, галаву і лёгкія. Гэта лічылася заробкам. Часам яму заставалася яшчэ і некалькі залатовак.

У той час выйшаў закон аб манапольках для продажу гарэлкі. Карчмар пабудаваў манапольку. Сядзельцам быў немец Карл Рэйтар. Па‑жыдоўску ён гаварыў не горш за жыда. Удзень ён прадаваў гарэлку, а па вечарах ён вучыў пасадзецкую моладзь гуляць у карты. Уцягнуўся ў гэту справу і мой бацька. Збіраліся ў нас. Цэлымі зімнімі начамі рэзаліся ў «дваццаць адно» і «шэсцьдзесят шэсць». Кожную ноч маці хвалявалася, каб хаця бацька выходзіў чыстым – без пройгрыша і без выйгрыша.

Я сядзеў позна і таксама назіраў за гульнёй. Сумаваў, калі бацька прайграваў, радаваўся, калі выйграваў. У кон ставілася заўсёды адна капейка. Аднак аднаго разу бацька прагуляў рубель наяўнымі, яшчэ астаўся вінаватым пару залатовак.

Я ўспомніў, што за такое багацце ўдава Марта прайшла босымі нагамі па гарачых цэглах. Яна страшным болем зарабіла на два пуды хлеба для сваіх малых сіротак…

Калі ўсе разышліся, маці заплакала:

– За гэтыя грошы можна было купіць два пуды жыта…

– Горшая бяда была з канём, і то выжыў, – сказаў бацька.

Маці не ўнімалася:

– Сваімі рукамі выкінуць гэтулькі грошай…

– А мо прыкажаш мне страляцца, як пан Багдановіч? Не бойся, тваіх маёнткаў я не прагуляю.

Якраз на той час адзін з тутэйшых памешчыкаў прагуляў у карты свае маёнткі, пасля чаго кончыў самагубствам.

Аднак пасля гэтай ночы кончыліся карты. Бацька прадаў матчыны залатыя навушніцы, што купілі ёй на вяселле, прадаў яшчэ сёе‑тое з хаты і зноў купіў каня. Ездзіў часта ў фурманкі, дастаўляў камісіянерам мясныя прадукты, і жыццё ў нас крыху палепшылася.

Бацька скардзіўся толькі на адно: яму цяжка плаціць рэбэ, за маю «навуку» дваццаць рублёў на год. Пры гэтых скаргах я заўсёды радаваўся. Я думаў, што бацька перастане за мяне плаціць, і я звольнюся ад ганебнага ненавіснага хедэра.

Гэтага не было. Аднаго разу бацька апошнюю карову прадаў, пакінуў сям'ю без малака і заплаціў за мяне праклятаму рэбэ дваццаць рублёў…

Сад

У мяне восеньскія канікулы. З усім імпэтам свайго сэрца імкнуўся я на волю з хедэра яшчэ за месяц да канікул.

Бацька пазычыў у карчмара на працэнты пяцьдзесят рублёў і за пяць кіламетраў ад Пасадца заарандаваў у пана Адольфа Мыслінскага сад. Бацька ўжо некалькі тыдняў жыве ў садзе.

Ён прыслаў па мяне фурманку. Я дапамагу яму вартаваць сад. На нашым кані вёз мяне стары дзед Мірон Сабалевіч. Гэта быў маленькі, як дзіцё, дзядок – з рэдзенькай бародкай, з чырвонымі ніткамі вакол паблеклых вачэй, чысценькі, у новых лапціках і падраным кажуронку.

Сын дзеда Мірона, пажылы селянін з чорнай, як сажа, барадой, служыў у пана парабкам. Яго звалі «чорнабародым Язэпам». Здружыўся я тады з сынам «чорнабародага» – з хлопчыкам маіх год – Тамашом. Ён быў пастушком.

Я – вартаўнік саду – даваў штодзень хлопчыку Тамашу яблыкі цішком ад бацькі, а ён, Тамаш, вучыў мяне па вечарах граць на жалейцы. Я вельмі захапіўся жалейкай, гэта была просценькая музыка лесу і поля, як бы чырліканне птушак, журблівы смех ручаінкі. Жалейка мяне вельмі расчульвала.

У сад заходзіў дзед Мірон – непісьменны летапісец ваколіцы, стары творца пагаворак і філасофскіх пасловіц. Тоненькім, пісклівым, як у птушкі, галаском ён апавядаў майму бацьку былі з часоў паншчыны. Я і Тамаш таксама пільна прыслухоўваліся да гутаркі дзеда.

Лепшая зямля ваколіцы належала старому пану Мыслінскаму. Лугі, пахата, лясы, вёскі, сяляне – усё‑ўсё было панскай маёмасцю… І дзед Мірон належаў пану. Пасля смерці старога пана яго пяць сыноў падзялілі між сабой спадчыну. Кожнаму з іх выпадала па вялікаму маёнтку. Шмат хто з былых прыгонных засталіся «вольна» служыць у Мыслінскіх парабкамі.

Добра ведаю братоў Мыслінскіх: сярэдняга росту, шыракаплечыя, нізкалобыя, з маленькімі, мышынымі вочкамі. Па ўсёй нашай ваколіцы іх называлі «склютамі». У профіль яны нагадвалі сякеры. Вельмі скупыя і злыя паны Мыслінскія здзекаваліся са сваіх парабкаў, бадай, не менш, чымся іх бацька са сваіх прыгонных. Мельнік Барткевіч аб іх склаў вострую і трапную байку пад назваю «Пяць вужакаў».

З апавядання дзеда Мірона я даведаўся, што старая пані Мыслінская вельмі любіла катоў. Лепшыя пакоі ў панскім доме займалі каты. Сама пані ўбірала іх у шаўковыя банцікі. Яны спалі на аксамітных падушачках, і іх абслугоўваў цэлы штат прыгонных дзяўчат. Спецыяльная кухарка гатавала ім ежу «па‑англіцку», – расказваў дзед Мірон.

Стары люты пан сваімі рукамі скалечыў нямала народу. Аднаго разу, калі пан паехаў у лес на паляванне і апынуўся адзін у цёмным гушчары, на яго ззаду нехта напаў, накінуў яму мяшок на галаву, паваліў і да таго біў кулакамі, пакуль пан перастаў дрыгаць нагамі. Але, на жаль, пан ачухаўся, ачуняў. Пан падазраваў, што гэта работа Тодара, роднага брата дзеда Мірона, бо дачку Тодара пан аддаў суседняму пану за сабаку, і пан загадаў аднаму з сваіх шчырых псароў – шляхтуну Сымону Найду – павесіць Тодара…

Яго павесілі ў вялізнай панскай пуні, што стаяла на беразе возера, недалёка ад млына. Падмуроўку гэтай пуні я сам бачыў.

Чорнабароды Язэп араў панскае поле ад цямна да цямна. Я часта пазіраў на яго з саду. Сілуэт аратая з канём вызначаўся на фоне неба, як малюнак. Відаць было здалёк, як ён натужваецца, як ён, моцны, шыракаплечы, нагінаецца над сахой. Ён мне здаваўся асілкам. Я быў упэўнены, што ён можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст.

Неяк раз пад вечар чорнабароды Язэп араў ля самага саду. Падышоў пан Адольф Мыслінскі. Яму не спадабалася работа Язэпа. Вочы пана памутнелі, наліліся крывёй. Ён пачаў лаяцца самымі брыдкімі словамі, размахнуўся і ўляпіў чорнабародаму Язэпу пару гучных аплявух… Язэп не пахіснуўся. Твару Язэпа я не бачыў, але чуў голас пана:

«Бач, вочы якія! Разбойніцкія…»

Я быў здзіўлены, што такі асілак не бароніцца ад пана.

З таго разу я яшчэ бліжэй здружыўся з сынам чорнабародага – з маім равеснікам Тамашом. Кожны дзень, тоячыся ад бацькі, насыпаў яму за пазуху самых лепшых яблыкаў. Хлопчык так прагна іх глытаў, што захварэў на крываўку. Праз дзеда Мірона я пераслаў свайму сябру «лякарства» – шабасавую пшанічную булачку.

Рупны дзед Мірон пачаў заўчас майстраваць для Тамаша труну на вялізным панскім дрывотніку. Я глядзеў, як ён распілоўвае маленькай пілкай тонкія шурпатыя драніцы. Буйныя слёзы ліліся з маіх вачэй. Дзед Мірон таропіўся паблеклым прыжмураным вокам у роўна парэзаныя драніцы. Часта, вохкаючы і ківаючы галавой, дзед браў мяне на вокамер. Я быў аднаго росту з яго паміраючым унукам…

Выжыў Тамаш. Я зноў даваў яму яблыкі, за што ён навучыў мяне наігрываць мелодыі на вялізнай піле бацькі – чорнабародага Язэпа.

Ужо як Тамаш вырас, ён налаўчыўся граць на гармоніку і скрыпцы. Ён граў на сялянскіх вяселлях полькі, кадрылі і маршы.