Мои Конспекты
Главная | Обратная связь


Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Устану я, красная дзеўчына



Старая кабеціна, ідучы з Зоськай з карчмы, завяла яе ў сваю хату. Хітра‑ільсцівым голасам аб усім яе жыцці‑быцці распыталася. Усё дашчэнту выведала.

– На гэта, дзеткі мае, ёсць розныя лекі, розныя зёлкі, – казала шаптуха. – Косці кажана памагаюць, малако чорнай свінні. Але вось я навучу цябе, як адну замову казаць. Ты будзеш яе гаварыць тры разы на дзень тры дні падрад. Першы раз – перад усходам сонейка, другі раз – на захад сонейка, а трэці раз – у поўнач, калі першыя пеўні запяюць. Гэта напэўна паможа.

Зоська лавіла кожнае слова шаптухі, якая гаварыла скрыпучым, шапатлівым і дрыжучым голасам.

Старая доўга‑доўга шаптала, аж пакуль Зоська навучылася на памяць усю замову. Словы замовы чаравалі яе, захоплівалі.

Зоська пакінула старой кавалак палатна і пайшла дахаты. Яна была пэўна, што гэтая замова паможа, што Сымон вернецца да яе.

І замова ёсць малітва, але не дубоваму богу, а невідочным бесам, нячыстай сіле. Да «нячыстай сілы» Зоська адчувала большую блізасць і нейкую пяшчотную інтымнасць. Чарцей яна больш баялася, чым Бога, і, разам з гэтым, больш паважала іх…

Зоська цэлы дзень знаходзілася ў нейкім, невядомым раней, новым настроі. Суткі, падзеленыя ёю на тры часткі – ад замовы да замовы, набылі надзвычайныя чары, вялікую сілу. Гэтымі шэптамі яна, Зоська, трымае ў сваіх руках цэлыя вёскі, усіх людзей. Яна не ведае, што здарыцца, як яно ўсё гэта будзе, але здарыцца нешта такое, ад чаго ёй стане вельмі прыемна і радасна…

Яе зацікаўленасць расце з кожнай хвілінай. Не церпіцца дачакацца трэцяга разу замову казаць. Цэлы дзень нічога не есць, а голаду не адчувае.

Урэшце надышоў час, калі ўсё павінна скончыцца раз назаўсягды – усё Зоськіна гора, усе пакуты яе сэрца…

Маці ўжо даўно спіць. Яна непакоіцца ў сне, кідаецца з боку на бок, мармоча, стогне, вохкае.

Жудасна робіцца Зосьцы. Уся яна дрыжыць ад страху. Але вось якраз надышоў час казаць замову ў трэці раз. Яе вочы злосцю гараць ад затаёнай напружанасці, бляднее твар. Яна шапоча:

«Устану я, красная дзеўчына, не благаславіўшыся, пайду не хрысціўшыся, і выйду не дзвярмі за новыя вароты ў чыстае поле. У чыстым полі стаяць тры бесы: бес Сава, бес Савул, бес Калдун. Падыду я, красная дзеўчына, пабліжэй, ды пакланюся паніжай: і вы, трыдзевяць бесаў – бес Сава, бес Савул, бес Калдун – паслужыце мне, як служылі Іраду‑цару: ідзіце па гарадах, па сёлах, па вёсках і збярыце ўсю пуду і сухоту са звяроў, птушак, рыб і з усякіх людзей – і знясіце тую нуду і ўсякую сухоту малайцу Сымону ў ясныя вочы, у чорныя бровы, у румяны твар, рацівае сэрца, чорную печань, гарачую кроў, у трыдзевяць жыл і ў адну жылу – станавую падпятную. І каб гэты малойца не мог ні жыць, ні быць, ні днём па сонцы, ні ўночы па месяцы, без мяне, краснай дзеўчыны…»

Зоська з такой шчырасцю гаварыла, ажно сэрца грукатала. Гэта была толькі першая частка замовы. Кажучы другую частку, яна слабела з кожным словам і пачынала прыслухоўвацца, што робіцца навокал. Мо зараз зямля ўздрыгнецца… Мо свет перавернецца. А яна не хацела, каб дзеля яе людзі невінаватыя цярпелі…

Не паспела яна кончыць замову апошнім моцным словам «амінь», як нехта пачаў асцярожна стукаць у дзверы.

Непрытомная, спалоханая выскачыла яна ў сенцы і адчыніла дзверы. Два галасы зліліся ў адзін:

– Зоська…

– Сымонка…

Пад адсветам зорак яны ўпіліся бліскучымі зрэнкамі адзін у аднаго…

Не чужы, а свой

Часта выходзіў Салавей з Зоськінай хаты на двор. Рупіла глядзець‑сачыць, ці хто за ім не гоніцца. У студыі маглі заўважыць яго адсутнасць, хаця ён быў пэўны, што ў часе такой суматохі мала хто там аб ім дбае. Яму рэпетыцыі былі непатрэбны. Яго і не вучылі.

Цішыню глухой ночы трывожыла толькі рыпанне дзвярэй старой хаткі.

Ён аглядаўся па баках і пільна прыслухоўваўся. Думаў аб Зосьцы: яна здзівілася, што ён зусім «панскі выгляд» мае. Мабыць, так яно і ёсць. На сваіх сябрах у студыі Салавей гэта даўно заўважаў, толькі не на сабе. Ва ўсіх сыходзілі мазалі з рук. Усе апрануты чыста. Ад жыцця ў панскіх палацах, ад старанных муштраванняў у працягу некалькі мссяцаў з твараў студыйцаў сышоў мужычы колер. Рухі ва ўсіх пазграбнелі, зрабіліся лёгкімі і спрытнымі. Нават выраз вачэй змяніўся: паглыбеў, іншы змест адсвечваецца ў іхнім бляску. Панскі гебаль адгабляваў людзей, адгаліфаваў. Усе яны ўжо былі не такімі, якімі з'явіліся ў палацы.

Салавей пачаў сябе аглядаць‑ашчупваць.

У першы раз за ўвесь час заўважыў, што сапраўды ён не той, якім быў хоць бы паўгода таму назад. Не дзіва, што Зоська не разумела яго некаторыя, як яна гаварыла, «панскія словы».

Вялікую змену ў сабе ён адчуваў толькі цяпер, калі аб гэтым яму казала Зоська. Таксама цяпер толькі прыкмеціў, што Зоська – простая, а маленькая ўбогая хатка душыць яго. Пасля вялікіх пышных панскіх палацаў (хоць ён іх ненавідзеў) простая хатка здавалася яму канураю, у якой нельга жыць не то што чалавеку, але і панскаму сабаку. Ранейшага захаплення Зоськай у яго ўжо не было. Тое імкненне бачыць яе, якое песціў у грудзях увесь час, як бы астыла.

Па голасу, па вачах Зоські, па ўсіх яе рухах Салавей адчуваў, што яна бачыць у ім гэту змену.

Жаль да Зоські агарнуў яго.

Сінь ночы атуляла яго з усіх бакоў. Сінім колерам была афарбавана і вёска Вашаміршчына, што ўпіралася сценамі ў густы хмызняк, і лес цёмна‑сінім мурам маўкліва‑грозна глядзеў у закуранае хмарамі неба.

Снег быў пругкі і хрусцеў задушаным стогнам пад кожным крокам, хоць Салавей стараўся ступаць асцярожна і нячутна.

У Салаўя было спачатку такое ўражанне, нібы нешта ўкраў у Зоські, украў самае лепшае і дарагое ў яе жыцці. Украў сваімі ўласнымі рукамі. Але ў цішыні як пачаў болей глыбока думаць аб гэтым, – як гэта выйшла і чаму так здарылася, што Зоська па яго пакрыўджанымі вачыма паглядае, – ён пачаў адчуваць, што ў гэтым сам мала вінават: панскія пакоі яго перарабілі. Ён сам сабе чужым стаў… Цяперашні Салавей зусім не той чалавек, што ранейшы Сымонка.

Чаму гэтак сталася, ён як бы не разумеў, але адчуваў, што разам з агідай да панскай няволі, да панскіх палацаў гэтыя палацы і вабілі да сябе; цягнула яго да іх, як матылька да агню.

Разам з агідай да паноў, да іхніх учынкаў і здзекаў над прыгоннымі ён не можа цяпер глядзець на сваіх ранейшых сяброў і нават на Зоську так, як глядзеў раней, – нечым ён ад іх адрозніўся і заўважаў у іх тое, непрыемнае для сябе, чаго раней не бачыў…

Салавей часта ўваходзіў і хутка выходзіў адтуль.

Зоська сядзела на лаве пры стале, і слёзы капалі з яе вачэй.

– Ты, Сымонка, не то пан, не то паўпанак, не то панскі слуга! – скардзілася Зоська.

Яна аглядала яго з ног да галавы, прабуючы пальцамі яго чыстую, добрую вопратку.

– Ды я такі самы, якім быў раней! – апраўдваўся Салавей з няпэўнасцю ў голасе.

– Ты чужы, чужы… – строга, праз слёзы гаварыла Зоська.

Салавей верыў больш яе словам, чымся сваім. Як ні стараўся ўгаварыць сябе, што не змяніўся – не памагло.

– Чужы, чужы…

У душы Салавей лаяў сам сябе за тое, што пайшоў сюды. Не думаў, што так прыкра будзе тут…

Зоська часта мяняла лучыну, папраўляла яе з такім выглядам, нібы яна, Зоська, адна ў хаце.

Салавей прыслухоўваўся да кожнага шолаха, да малейшага скрыпу. Яго трывожыла тое, што Зоськіна матка ляжыць на печы і, пэўна, не спіць.

Як бы ў адказ на яго думкі, з печы пачуўся кашаль і спынілася сапенне спячай кабеціны.

Мабыць, старая прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў хаце.

І Зоська і Салавей змянілі тон гутаркі на звычайны. Гаварылі аб розных рэчах, толькі не аб саміх сабе. Ім абодвум прыкра было, што іхняя гутарка не абыходзіцца без сведак; хаця Салаўю як бы зрабілася лягчэй ад гэтага, бо лепш было гаварыць аб пабочных рэчах, чымся аб сваіх уласных.

Словы Зоські: «чужы, чужы…», сказаныя з балючай скаргай, увесь час звінелі ў яго вушах.

Гэтыя словы, адбіваючыся на розныя лады рэхамі ў сэрцы, псавалі яму настрой, труцілі кроў і набывалі той глыбокі трагічны сэнс, якога ён не зразумеў спачатку. Нешта падсвядомае, чаго ён не мог бы словамі сказаць, дыктавала яму, што ён зрабіўся чужым не толькі Зосьцы, але і самому сабе. Яго нянавісць да ўсяго панскага была цяпер мацней, чымся раней, аднак, нягледзячы на гэта, яго цягнула назад да панскіх палацаў, да іх роскашы з тым самым імпэтам, з якім ён некалькі гадзін таму назад, крадучыся адтуль, пайшоў, праклінаючы паноў і ўсё панскае.

Яго цягнула да палацаў, як часам цягне чалавека ў глыбокі вір.

Салавей стараўся рассейваць сваю ўвагу на ўсякія вакольныя рэчы ў хаце: то заглядаўся на сіняватыя аганёчкі лучыны, на горкі дым, што віўся над ёю, то кідаў вачыма ў кут, дзе ў загародцы на саломе ляжала цялушка, скручаная ў абаранак.

Цялушка стрыгла вушамі, утаропіўшы круглыя, нібы задумённыя, вочы на агонь лучыны. Белы круглячок на лобе цялушкі блішчэў, як снег, і выглядаў прышытай латачкай з белага кужалю.

Салавей пацягнуў носам пах горкага дыму, цяжкі пах цялушкі, кур з падпечку і, не хочучы, зморшчыўся.

А Зоська наглядала за ім і ўгадвала ўсе яго думкі і адчуванні.

– Нашто плот гарадзіць, Сымонка! Ідзі ўжо да «сваіх» палацаў. Табе тут цяжка ў нас… Ідзі сабе на генеральныя рэпетыцыі!

– А што? – усхапіўся Салавей.

Зоська расказала яму пра тое, як не пусцілі са студыі Марыльку да паміраючай маці, як Каспара, бацьку Марылькі, забралі ў двор на кару.

У Салаўя загарэліся вочы. Ён стукнуў кулаком аб стол.

– Няхай прападзе панскі маёнтак! Жыць не буду, калі не адпомшчу за здзекі! Не вярнуся ў тэатр!

Старая прачнулася і зірнула з печы спалоханымі вачыма.

Зоська абняла Салаўя.

– Вось цяпер ты не чужы… – шаптала яна. – Цяпер ты мой, наш…

Не чулі яны, як дзверы адчыніліся.

Некалькі гайдукоў глядзелі на іх. Гайдукі схапілі Салаўя і пачалі вязаць вяроўкамі.