Мои Конспекты
Главная | Обратная связь


Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Трывожыліся людзі



Сонечная цяплынь гарачыла кроў пана Вашамірскага.

На вялізным дзядзінцы, недалёка ад сажалкі, муравалася новая камяніца – стайня для панскіх коней. Дзеля гэтай справы прыехаў з Варшавы архітэктар. Былі таксама выпісаны спецыяльныя майстры. Вялізная камяніца расла з кожным днём. Праца кіпела. Разам з архітэктарам пан Вашамірскі кожны раз разглядаў планы і малюнкі новай стайні.

Доўга ён не мог спыніцца на адным з многіх праектаў стайні. Пан углубляўся ў вывучэнні разнастайных стыляў розных эпох. Ён знаёміўся са стылямі стайняў старарымскіх часоў, нямецкіх рыцараў, прускіх каралёў, польскіх магнатаў. З усіх гэтых малюнкаў, зробленых для яго архітэктарам, у яго ўяўленні аб стайнях стварылася вялікая блытаніна. Ад гэтай блытаніны выйшла мешаніна розных стыляў. Стайня павінна была быць падобная ў частках і непадобная ў цэлым да многіх стайняў, што дагэтуль былі ў розных вялікіх людзей. Будыніна накшталт не то хорама, не то палаца, з белымі калумнамі, з вялізнымі стральчатымі вокнамі, з уваходам, як у касцёл, з барэльефамі на сценах, са скульптурнымі фігурамі коней на даху і з многімі іншымі ўкрасамі, нябачанымі і нязнанымі дагэтуль.

– Ніводны палац у маіх суседзяў не павінен быць так аздоблен, як мая стайня! – гаварыў пан Вашамірскі варшаўскаму архітэктару.

Былыя акторы з панскай студыі былі прыстасаваны канюхамі да коней, якіх прыдбаў для пана па розных маёнтках пан Вольскі.

Коні пакуль што мясціліся ў старой панскай стайні. Да кожнага каня быў прыстаўлены адзін з актораў, які за ім глядзеў: карміў, мыў, чысціў, прыбіраў.

Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну было – мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы.

Ён пачаў вывучаць гэту справу ва ўсю яе шырыню і глыбіню. Пароды коней. Адзнакі добрага каня. Конскія хваробы. Ежа. Як іх гадаваць. Язда на кані – і конна і на запрэжаным. Вывучаў нораў каня, яго псіхіку. Цікавіўся вельмі наезнікамі, канакрадамі. Набыў аб конях багатую літаратуру.

З кім бы пан Вашамірскі ні гутарыў, – ці то з панам, ці то з простым чалавекам, – ён заўсёды накіроўваў гутарку на гэту тэму. З тым самым імпэтам, з якім раней рыхтаваў тэатр, ён цяпер будаваў стайню і набываў дарагіх коней.

Яго шталмайстрам быў нейкі захудалы шляхціц, пан Анановіч. Ён быў прыняты на гэту пасаду толькі таму, што ведаў конскую хроніку ўсёй ваколіцы, ведаў розныя байкі аб канакрадах ваколіцы за апошнія сто гадоў.

Аб ранейшым панскім тэатры пан Анановіч адзываўся вельмі крытычна:

– Увесь тэатр не варт аднаго добрага каня. Ад коней ёсць карысць, а ад тэатра – ніякай. А спевы панскага Салаўя – глупства ў параўнанні з музыкай падковаў. Паны сярод людзей, а коні сярод жывёлін – самыя шляхотныя істоты па зямлі.

У гэты час аб Салаўі ні слуху ні духу не было. Ён прапаў.

Балерыны і актрысы з адрэзанымі косамі – пакараныя такім чынам немаведама за што – працавалі на полі. Ім давалася самая цяжкая праца: чысціць хлявы, вазіць гной і т. д.

Некаторыя з былых панскіх актораў не вытрымалі такой рэзкай змены ад сцэны да стайні. Яны ўцяклі з маёнтка. Лясы пана Вашамірскага былі для іх больш прытульнымі за яго палацы. Лавіць цімакоў у лесе – тое самае, што лавіць ветра ў полі. Здарылася яшчэ адна бяда: тройку лепшых коней укралі ў адну ноч.

– Няйначай гэта акторы зрабілі! – гаварылі ўсе.

І вось пан Вашамірскі мсціў тым з іх, якія ў яго засталіся. Не было таго дня, каб іх не лупцавалі, каб хто‑колечы з іх не быў закуты ў цяжкія калодкі.

Ксёндз Марцэвіч і пры панскай стайні быў выкарыстаны панам Вашамірскім для ганаровай працы: ён зрабіўся конскім летапісцам. Збіраў паэзію аб конях з розных часоў: апісанне хараства каня ў Бібліі, у рыцарскіх раманах, у грэцкіх казках аб кентаўрах, аб амазонках, студыяваў каня на малюнках святога Юр'я, святога Іллі, збіраў для пана Вашамірскага калекцыю малюнкаў славутых маляроў, якія малявалі коней. Сам пачаў вершы пісаць аб конях. Ён з'яўляўся збіральнікам конскага хараства і паэзіі.

А прыгонныя людзі пана Вашамірскага працавалі ў панскім дварэ: капалі гліну, цэглу рабілі, і не было калі засеяць сваё поле. Па вёсках заставаліся толькі старыя і малыя. Хто не працаваў на панскай стайні, той абрабляў яго поле.

Трывожыліся сяляне. Не ведалі, што рабіць. Пустыя шнуры, здратаваныя капытамі панскіх коней, былі для іх страшней за ўсе іншыя здзекі.

– Голад, страшны голад будзе ў нас, – гаварылі старыя.

Маладыя гарачыліся.

– Падпалім панскі маёнтак! Заб'ём самога пана! – меркавалі яны.

Людзі сярэдніх гадоў раілі ў адзіночку, ціханька ўцякаць адгэтуль ды ісці ў цімакі.

Усіх трывожыла адно:

– Што рабіць?

Дзеду Марціну больш за сто год. Ён маленечкі, сагнуты ў качаргу. На яго галаве і барадзе рэдкі пушок колеру сухога жоўтага пяску. Твар вельмі зморшчаны, нібы абклеены лупінкамі з яловых шышак. А вочы гнойныя і слязлівыя.

Ляжыць дзед на гародзе, пячэцца на сонцы. Кашуля расхістана на грудзях. На яго целе шмат рубцоў. Некалькі пакаленняў паноў Вашамірскіх пісалі бізунамі на целе прыгонніка свае жудасныя ўчынкі. Добра памятае дзед. Ужо больш за дваццаць год, як ён у кожную вясну памірае. Ляжыць на гэтай самай мяжы і канае. Яму ўсё здаецца, што канец падыходзіць.

– Як гэта чалавек так доўга жыць можа? – дзівіцца ён.

Ляжыць дзед нерухома. Да яго нават вераб'і прывыклі. Яны спяваюць над ім, скачуць на яго грудзях. Зусім яго не баяцца. А недалёка малыя дзеці ў адных кашульках, цвёрдых, як бляха, ад бруду, гуляюць у «смерць дзеда». Адзін з хлапчукоў змайстраваў крыжык з лучын. Двое іншых узялі невялічкае карытца, палажылі туды ануч: гэта дзед у труне. Трэція магілу капаюць у пяску, а чацвёртыя галосяць, плачуць:

– На каго ты нас, дзядок, пакідаеш? Што ж мы рабіць без цябе будзем?

Закапваюць дзеці «труну з дзедам» (карытца з анучамі) у зямлю, ставяць камень на магілцы, укопваюць крыж, зноў адкопваюць і пачынаюць гульню спачатку.

Сонца пячэ. Дзед Марцін слухае і бачыць гэту гульню. Ускаквае з мяжы са злосцю. Дзеці палохаюцца, уцякаюць.

Раней у гэту гульню забаўляліся яго праўнукі, цяпер іхнія дзеці…

А дзед усё жыве.

Часта ляжыць на мяжы. Рубцы на яго целе ад бізуноў некалькіх пакаленняў паноў Вашамірскіх пякуцца на сонцы. Гудуць мухі над дзедавым тварам.

– Што рабіць? – думае дзед. – Усе працуюць на панскай стайні і на панскім пояі.

– Што рабіць?

Дзед цярэбіць левай рукою грудзі, потым падпяразваецца цясней вяровачкай і павольным крокам выходзіць на вуліцу вёскі Вашаміршчыны.

Пасярод вуліцы расце трава. У лужынах смуродная вада зацягнута зялёнай тванню. Улезла ў гразь рабая свіння, пачала качацца з боку на бок, смачна рохкае.

На прызбах сядзяць дзеці, старыя.

– Ой‑ой‑ой, як цяжка жыць! – чуе дзед голас шаптухі каля прызбы адной хаткі.

Дзед падняў на вуліцы крывы сукаваты кіёк і абапёрся.

– Лягчэй, – шапнуў ён і накіраваўся на поле.

Неба сіняе ў ледзь прыкметных ружовых плямінах. Над лесам адпачываюць бірузовыя хмаркі. На старым дубе кукуе зязюлька.

– Ку‑ку! – лічыць яна дзедавы гады і злічыць не можа.

Ідзе павольным крокам дзед Марцін і аглядаецца па баках. Сярод паплавоў уецца вузенькая рачулка. Блішчыць расплаўленым серабром. Над рачулкай кружацца матылькі.

Раптам дзед спыніўся і войкнуў.

– Не можа быць! – крыкнуў ён дрыжучым хрыплым голасам. – Не можа быць!

Па сялянскіх паплавах пасвяцца коні пана Вашамірскага. Цэлы табун коней рознай масці дратуе веснавую свежую траву. Рыжы, агнёвага колеру жарабок выгнуў па‑лебядзінаму шыю, навастрыў вушы, заржаў і пусціўся падбрыкваць па зялёным абшары лугоў.

– Чым жа мы будзем нашу скаціну зімою карміць? – запытаўся дзед у здратаваных паплавоў. – Звар'яцеў пан. Як жыву, такіх парадкаў не бачыў!

Пан Вашамірскі загадаў забраць сёлета лугі ў прыгонных. Яго шталмайстар параіў яму так зрабіць:

– Калі пан хоча вярнуць коням зграбнасць і хараство тых часоў, калі яны жылі на волі ў дзікім стане, дык трэба іх пасвіць на такіх някошаных лугах.

Часта пан Вашамірскі на захадзе сонца любаваўся тут на сваіх коней. Ён тады ўспамінаў французскую гравюру, што вісіць у адным з яго пакояў.

Захад сонца палае над лесам рознакаляровымі агнямі. Ад лесу цягнецца цень, ён даўжэе, расце з кожнай хвілінай. На захадзе сонца пан ладзіць тут жа пры конях балюшкі з музыкай, з паненкамі.

І аб балюшках дзед не ведаў, але аб гэтым яму апавядаў Каспар, які часта хадзіў глядзець свае адзірванелыя загоны. Пасля панскай кары Каспар не мог працаваць. Адмарожаныя рукі былі пакалечаны да таго, што ледзь мог імі лыжку трымаць з посным шчаўем.

Бадай кожны дзень дзед сустракаў Каспара на пустых загонах.

– Не будуць у нас сёлета жорны гудзець, – гаварыў ён Каспару. – Вось глядзі, як неаранае поле ў лагчынах патрэскалася ад гарачыні.

Заплакаў дзед. Плач яго і да плачу не быў падобны. Ён гігікаў без слёз. Здавалася, што ён збіраецца смяяцца.

– Не плакаць, а злавацца трэба! Так злавацца, каб сваёй галавы не шкадаваць і пайсці з сякерай на пана! – сказаў Каспар.

Гнойныя і чырвоныя вочы яго блішчэлі, наліваліся аганькамі.

Дзед Марцін махнуў рукою.

– Гэтак і мой бацька, святой памяці, гаварыў. А я ўжо злуюся сто гадоў, ад самога, сынку мой, нараджэння, і нічога з маёй злосці не выходзіць.

– Мяне дзівіць адно, – сказаў Каспар. – Нас многа, а паноў мала. Ніяк не ўцямлю, чаму гэта яны робяць з намі што хочуць, а мы маўчым.

На маёй памяці два разы мужычкі бунтаваліся. Я сам быў у гэтых бунтах адным з першых. Вось рубцы ад ран па спіне, але кожны раз паны бралі верх. Войска ім памагала. Вось што, сынку!

– Дык што ж рабіць?

– А хто яго ведае. Вось каб згаварыліся разам прыгонныя па ўсіх маёнтках ды ў адну ноч перадушылі ўсіх паноў, тады, можа, і быў бы толк.

– А як жа яны згаворацца?

– А багавіца іх ведае.

Дзед зірнуў у блакітнае неба, жмурыў вочы на сонцы і зашаптаў:

– Эх, каб мне перад смерцю адну гадзіну, адну маленькую хвіліну, вольку‑вольніцу пабачыць…

– Навошта табе воля, ты ўжо ледзь не да самых вушэй у магілу ўлез? – дзівіўся Каспар.

– А ўнукі. А праўнукі? Ды я хаця спакойна памёр бы. Ужо дваццаць год паміраю, а смерць‑ліха не бярэ. Эх! хоць праз шчылінку хлява на волю зірнуць…

– Што рабіць? – прагаварыў яму Каспар у адказ.

Дзед абапіраўся на свой кіёк і глядзеў у далечыню пільным вокам. Праз некалькі хвілін звярнуўся да Каспара:

– Глядзі, сынку, хто там у белым ідзе на полі?

– Гэта ж мая Марылька шалёная. Яна ж маткай боскай была ў касцёле. Уцякла адтуль. Яна цяпер у хаце гаспадарыць. Малых гадуе. Пачынае ачуняць ад хваробы. Толькі адна бяда, што вось кожны дзень на магільнік ходзіць. Сядзіць на магіле сваёй маткі ды маўчыць. Дый гэта яшчэ не бяда, а вось цяжарная яна.

– Унук будзе, – сказаў дзед. – І гэта не бяда!

– Панскага ці ксяндзоўскага роду, – задумёна дадаў Каспар.

У пушчы

Горда глядзяць у неба стагоднія хвоі. Дрыжаць вершаліны, шушукаюцца і прыслухоўваюцца да галасоў знізу. Трашчыць, хрусціць галлё пад нейчымі нагамі – ці то звера, ці чалавека. Але чалавек рэдка бывае ў такіх непраходных нетрах, дзе нават удзень сонца затулена дрэвамі, і пад імі спачывае вечны вільготны цень.

А ўночы цемра аплятае гушчыню пушчы. Не відаць ні дрэў, ні карчоў‑вываратняў. Адна жуда пануе там. А часам бліснуць у цемры два аганькі, мільгануць, як запаленыя свечкі, воўчыя вочы. А часам сава дзіка зарагоча. Доўга цягнецца рогат і пераходзіць у плач. А часам месяц круглы, колеру крыві, зірне на вершаліны пушчы. Сыпле месяц агнёвае зерне на хваёвыя голкі, пільна ў гушчу ўглядаецца.

У самым сэрцы пушчы, у непраходнай глушы выкапана зямлянка. Гарыць вогнішча, палыхае. У гліняных гаршках нешта варыцца. На жалезных прутах скварыцца сала.

Невялікі круг асвятляе вогнішча. Твары людзей абветраныя, бронзавыя.

Вочы ва ўсіх цёмныя ад скупога водсвету вогнішча.

Першымі ўцяклі сюды Салавей, чорнабароды Язэп з сынам і бялявы дзяцюк Пятрусь. У адзіночку пачалі прыходзіць акторы з былога тэатра пана Вашамірскага.

Нялёгка было дабірацца сюды праз балоты. З панскіх людзей ніхто не адважваўся рыхтаваць тут аблавы на цімакоў.

Ужо некалькі месяцаў жывуць цімакі ў гэтай пушчы. Спачатку думалі перабрацца адгэтуль на Ўкраіну, але раздумалі.

Чорнабароды Язэп, што быў выбраны атаманам, сказаў так:

– Мы‑то самі ўцячэм, а што нашыя браты? Няўжо ж мы іх пакінем на здзекі пану Вашамірскаму?

– А што ж мы можам рабіць? – пыталіся некаторыя з актораў.

– Як што? Калі пан не палепшае, дык зробім так, што ад яго маёнтка адны каменькі застануцца.

– А мужычкі па вёсках?

– Лепш загінуць, чымся цярпець усё гэта. Яны ж усё роўна з голаду перамруць. Усё роўна няма жыцця ад груганоў панскіх.

Чарнелі вочы чорнабародага атамана Язэпа, бялелі зубы. Шмат сілы было ў яго шырокіх плячах. Ён глядзеў на малайцоў агнёвымі вачыма і гаварыў:

– Здужаем пана! Усе яго прыгонныя вёскі нам дапамогуць! Нас многа!

Салавей быў на яго баку. Аднак былі і такія, што не згаджаліся з атаманам.

– Самі прападзём, цэлыя вёскі прападуць, а нічым не дапаможам. Акаянныя паны такімі і застануцца. Яшчэ горш лютымі стануць. Царскае войска ім дапаможа.

Так плылі дні, месяцы. Ісці далей, каб дзе‑небудзь у чужой краіне застацца, цімакі не рашаліся: сваіх не хацелі пакідаць, і расправіцца з панам Вашамірскім не пробавалі: зноў жа сваіх вяскоўцаў шкадавалі, каб іх не знішчыла войска.

Шумела пушча.

Часам сярод белага дня рабілася цёмна, як уночы. Неба было атулена чорна‑сінімі кажухамі хмар. Грымоты будзілі пушчу ад сну. А маланкі рэзалі яе хваёвыя грудзі агнёвымі нажамі, а дажджы мылі яе, лупцавалі вадзянымі доўгімі, ад неба да зямлі, вяроўкамі.

Страшна было тады ў пушчы, непрытульна. У часе такой навальніцы цімакі хаваліся ў зямлянцы. Адзін толькі атаман, чорнабароды Язэп, не хаваўся ад навальніцы. Ён заставаўся на невялікай паляне і любаваўся навальніцай. Заўсёды, з маладых год, ён любіў такую пагоду.

І ён думаў:

«Вось каб людзі адважыліся такую навальніцу‑мяцеж пусціць па панскіх маёнтках; з агнём, са злосцю, з дзікім шумам, з вострымі нажамі, з сякерамі…»

Заўсёды навальніца выклікала ў яго думках вобраз страшнага мяцяжу супроць агідных паноў.

Пасля такой навальніцы ў пушчы атаман заўсёды сам раскладваў агонь, сушыў вопратку і доўга думаў. Грозныя былі тады вочы ў чорнабародага Язэпа, губы сцяты, і ніхто да яго тады не падыходзіў з гутаркамі.

Аднаго разу прывалокся сюды, у пушчу, музыка Антон. Яму ўдалося захапіць з сабою скрыпку.

– Без скрыпкі я сюды не ўцёк бы, – гаварыў ён цімакам.

На гэта атаман зморшчыў лоб і грозным голасам сказаў:

– А як нам трэба будзе ісці ў госці ў маёнтак пана Вашамірскага, скрыпку ў зямлянцы пакінеш і возьмеш сякеру. Толькі раней добра яе навострыш. Пакуль што раскажы, што там робіцца.

Антон расказаў.

Тады атаман сціснуў кулакі і працадзіў праз зубы:

– Хутка пойдзем у госці да пана Вашамірскага!

– Сягоння ж пойдзем!

– Зараз пойдзем!

– Хадзем!

Так гаварылі цімакі.

– Ціха! – крыкнуў атаман, – калі не хочаце мяне слухаць, дык выбірайце сабе другога атамана. Буду яго слухацца.

Цімакі змоўклі.

– Ты, Антоська, пакуль што грай! – звярнуўся атаман да скрыпача. – Грай так, як табе самому хочацца. А мы ўсе будзем слухаць. Добра, што ты да нас прыйшоў…

Сеў Антон на паваленым пні і давай настрайваць скрыпку.

Цімакі селі ў кружок, моўчкі, сур'ёзна, нібы чакалі ад скрыпача нечага такога, ад чаго залежыла іх жыццё і смерць.

Здавалася, што грозныя стагоднія хвоі з нецярплівасцю чакалі. Здавалася, што вершаліны шумець перасталі.

Антон зайграў.

У першы раз пушча чула такія гукі. У першы раз прыгонныя чулі такую музыку.

Антон зусім забыўся, што вакол яго сядзяць людзі. Ён граў для «сябе». У адзін і той самы час чуваць былі розныя галасы: адна струна заходзілася ад плачу, другая дзіка рагатала, а трэцяя струна кудысьці клікала‑звала грозным крыкам. Не было на гэты раз той кволасці ў яго ігры, што чуваць была ў панскім палацы.

Антон адчуваў, што яму горача: гарыць лоб, вочы, а ў грудзях страшнае пажарышча. Каб рукі не былі заняты ігрою, ён бы сціснуў далоні ў цвёрдыя кулакі, сякеру ўзяў бы…

Чамусьці ў гэты час усе цімакі ўспомнілі адно і тое самае:

Свісты бізуноў па акрываўленых плячах прыгонных, жудасны плач сялян і рогат, дзікі нястрыманы рогат лютага войта і азвярэлых панскіх гайдукоў.

– Біць! Рэзаць! Паліць! – крыкнуў адзін з цімакоў ды ўскочыў з свайго месца.

– Хадзем! Маёнтак падпалім! – крыкнуў другі.

– Усю свалату перарэжам! – залямантаваў трэці.

Кожны па‑свойму выказваў сваю злосць.

Адзін толькі атаман маўчаў. Толькі жылы на яго лбе выступілі, і над самым носам углыбіліся дзве змаршчыны.

Над палянай вісела гарачае рыжае сонца. Пахла смалою і травамі.

Антон спыніў ігру.

– Лоўка граеш! – пахваліў яго атаман.

– Перад мужыкамі лепш грае, чымся перад панамі, аж за сэрца бярэ, – заўважыў адзін з былых панскіх актораў.

– Што гэта? – усхапіўся раптам ад дзіва атаман. – Хто тут плача?

Воддаль пад хвояй корчыўся ад плачу Салавей.

– Чаго хнычыш? – злосна крыкнуў атаман. – Мяккае ў цябе сэрца, як бачу. Не салаўём трэба быць, а злосным каршуном! Нашаму брату плакаць не выпадае. Ідзі сабе да пана, салаўём паплачаш перад ім. Можа, ён і злітуецца…

Салавей засаромеўся, змоўк.

– Далей чакаць нельга! Пойдзем! – пачуліся галасы цімакоў.

Пасля згоды атамана людзі пачалі збірацца ў дарогу.

– А ты, можа, тут застанешся па‑салаўінаму спяваць і слёзы ліць? – звярнуўся атаман да Салаўя.

Салавей пакрыўдзіўся, апусціў галаву і маўчаў.

– Ведаеш што, – сказаў яму атаман больш мяккім голасам. – Мы каля маёнтка ў гушчары пачакаем, а ты крыху пажартуй з пана Вашамірскага. Наладзь яму генеральную рэпетыцыю. Пасля гэтага мы прыйдзем табе на дапамогу. Так яно, можа, нават і лепш будзе.

Абрадаваўся Салавей.

– Грым, вопратка і конь будзе для мяне? – запытаўся Салавей.

– Усё дадзім, – сказаў атаман.

Свяціла сонца над палямі. Ціха і патаемна гулі вершаліны стагодняй пушчы.

Цімакі парашылі назаўтра ісці ў дарогу.

Пан Скшымбжыцкі

Слава аб стаенніках пана Вашамірскага разляцелася па ўсіх вакольных і нават далёкіх маёнтках. Разносіў гэту славу на крыллях свайго красамоўства шляхціц Вольскі. Яму вельмі да сэрца былі новыя ўчынкі пана Вашамірскага. Апрача таго, што вялікая частка панскіх грошай, якія прызначаліся на куплю коней, заставалася ў Вольскага, ён меў яшчэ добрую награду ад пана і натурай: дзвюх балерын.

З усіх ваколіц прыязджалі паны ў маёнтак пана Вашамірскага любавацца яго коньмі.

Аднаго разу прыехаў здалёк нейкі пан Скшымбжыцкі. Гэта быў чалавек гадоў пад шэсцьдзесят пяць, з даўгой белай барадой, высокі, надзіва стройны і спрытны на свой узрост.

Пан Вашамірскі паказаў пану Скшымбжыцкаму коней і яшчэ няскончаную новую стайню.

У старога пана вочы блішчэлі, як у маладога, кожны раз, калі выводзілі са стайні напаказ новага каня.

Відаць, пан Скшымбжыцкі быў вялікім знаўцам на коней: кожнага каня аглядаў з ног да галавы, зблізку і здалёк, мацаў крыж, глядзеў капыты, зубы; беспамылкова характарызаваў каня, як толькі раз гляне на яго; гаварыў цэлыя прамовы аб харастве каня, аб яго хадзе, хваліў пана Вашамірскага за яго новыя ідэі і за іншыя дабрачыннасці.

– Калісьці, – казаў пан Скшымбжыцкі, – і мой бацька быў аматарам да добрых коней, але да такіх коней, як у пана, было яму далёка.

Кампліменты старога пана былі вельмі даспадобы пану Вашамірскаму, і сімпатыя да гасця расла ў яго з кожнай хвілінай.

Пасля абеду пан Вашамірскі прапанаваў пану Скшымбжыцкаму пакатацца конна на адным з лепшых сваіх жарабцоў.

– Але, можа, ласкавы пане, па старасці пану больш пажадана на лёгкай брычцы праехацца? – запытаўся пан Вашамірскі.

– Ды я з панам яшчэ конна бяруся ў выперадкі! – з скрыпучым старчым смехам, кашляючы, прагаварыў пан Скшымбжыцкі. – Калісьці і я быў на гэта ахвотнікам!

– Слова гонару, пану можна зайздросціць, калі так. Аднак жа думаю, што пан Скшымбжыцкі са мною не справіцца.

– Не ведаю. Спрабуем. Калісьці справіўся б! – працадзіў праз белую бараду пан Скшымбжыцкі і моцна закашляўся.

– Эт, калісьці, – гаварыў госць далей дрыжучым ад старасці голасам, – і я быў адным з першых наезнікаў! Гады… гады…

Госць глыбока ўздыхнуў, наставіў засмучаныя вочы ўдаль і ўвайшоў успамінамі ў мінуўшчыну.

Пан Вашамірскі з шчырым спачуваннем зірнуў на пана Скшымбжыцкага. Слова «калісьці» кранула самыя чулыя струны яго душы. Ён успомніў свайго дзеда з такой жа барадой, з такім жа «калісьці». Вось як бы той з магілы падняўся.

– Мы будзем ехаць паволі. Выберам самых спакойных коней, ласкавы пане! – супакойваючым, нібы да дзіцяці, тонам сказаў пан Вашамірскі.

Госць доўга разважаў, пасля махнуў дрыжачай рукой, смешна тупнуў нагою і адважыўся:

– Калі на тое пайшло, пане Вашамірскі, дык няхай ужо будуць коні самага лепшага гатунку. Стары вол баразны не псуе. Калісьці і я быў не з апошніх малайцоў.

Па загаду пана Вашамірскага канюхі асядлалі двух коней.

Стаеннікі білі капытамі зямлю, стрыглі вушамі, чакаючы паноў.

Спрытна ўскочыў на каня пан Вашамірскі. Ён сядзеў на тлустым Віхоры (так зваўся конь) лёгка і зграбна – нібы во ў танец пусціцца.

Пан Скшымбжыцкі ўзбіраўся на другога каня, па назве Нерон, цяжка, з воханнем. Падскочыў адзін з канюхоў і памог яму. Але як сеў у сядло, дык таксама выпрастаўся, як бы прырос да каня, і выглядаў, нібы барадаты кентаўр на старасвецкім малюнку.

– Эх, калісьці не карабкаўся я на каня, як старая баба, – уздыхнуў пан Скшымбжыцкі.

– Куды паедзем? – запытаўся ён больш цвёрдым і пэўным голасам. – Нібы акрэп і памаладзеў, седзячы ў сядле на такім слаўным кані.

– Едзем прысадамі на шырокі тракт, ласкавы пане! – запрапанаваў пан Вашамірскі.

– Не, пане, можа, паедзем праз гумно ў бок лесу, – папрасіў госць. – У лесе павінна быць вельмі прыемна цяпер. Калісьці я так любіў лес.

– Што ж, можна, ласкавы пане! – згадзіўся пан Вашамірскі.

Яны пусціліся праз гумно павольным крокам. Мінуўшы гумно, паехалі шпарчэй.

Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад гасцём, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер.

Аднак пан Скшымбжыцкі ад яго не адстаў.

– Што ж, я‑то стары, але Нерон малады, – гаварыў пан Скшымбжыцкі пану Вашамірскаму, калі яны пад'ехалі к лесу. – Калісьці і я быў малады.

– Нягледзячы на тое, што Нерон мой малады, але яго род стары і ганаровы, ласкавы пане! Яго бабка з стайні графаў Патоцкіх. – Так сказаў з гонарам пан Вашамірскі і пачаў пералічаць паходжанні ўсіх сваіх коней.

З вялікай цікавасцю слухаў яго госць, устаўляў свае рэплікі і сваё «калісьці».

– Так, так, пане Вашамірскі! У пана добры густ. Калісьці і я меў някепскі густ. Я чуў ад пана Вольскага яшчэ цікавыя рэчы, нібы ў пана быў чалавек, які салаўём спяваў? – Так запытаў госць, і яго сівая барада траслася ў тахт яго словам.

Пан Вашамірскі задумаўся перад тым, як адказаць на запытанне.

Яны ў гэты час былі ўжо ў лесе. Ехалі лясной дарогай. Абапал дарогі сцяною стаялі, нібы ў белае палатно апранутыя, бярозы. Маладыя зялёныя лісці ледзь дрыжэлі ад лёгкага ветрыку. Глыбей у лесе відаць былі шэрагі елак. Паміж дрэў прабівалася сонейка, якое асвятляла сухія леташнія лісці і шышкі. На розныя галасы радаваліся птушкі. Свежай прэласцю аддавала ад аграмадных вываратняў і карчоў.

– Салавей… – казаў у раздум'і пан Вашамірскі, – ды пане ласкавы гэтым мне напамінае аб маіх глупствах, аб маім тэатры. Я хацеў хама зрабіць на пана. Я думаў задзівіць свет. Салавей уцёк, а актораў сваіх я на канюхоў перарабіў.

– Добрая справа, і я быў вось такім самым, як пан Вашамірскі, – буркнуў у бараду пан Скшымбжыцкі. – Я запрапанаваў бы трохі нам прагуляцца пехатою па лесе. Хачу паглядзець, можа, калі на паляванне да пана прыеду.

– Вельмі прашу! – згадзіўся пан Вашамірскі.

– Я так адчуваюся не зусім добра. Даўно не ездзіў конна. Гады даюць аб сабе знаць. Калісьці не быў такім трухлявым.

Пан Вашамірскі спрытна скочыў з каня і падбег да гасця, каб памагчы яму злезці.

«Якраз мой дзед», – падумаў пан Вашамірскі, і ў яго з кожнай хвілінай расла ўсё большая чуласць да пана Скшымбжыцкага.

Яны прывязалі коней да пня.

– А я ведаю панскага Салаўя, – сказаў раптам пан Скшымбжыцкі жартаўлівым голасам. – Ён быў у маім маёнтку і свістаў салаўём…

– О, ласкавы пане! – здзівіўся пан Вашамірскі.

– Я нават і свістаць ад яго навучыўся. Калісьці і я любіў вясёлыя жарты. Люблю і цяпер пажартаваць.

Нягледзячы, што гэтае «калісьці» ставіла мяжу паміж старым і маладым, аднак пан Вашамірскі пачуў да яго блізасць.

Пан Скшымбжыцкі пачаў свістаць салаўём…

Водгаласкі пайшлі па лесе…

Пан Вашамірскі вылупіў на яго пару здзіўленых вачэй і глядзеў, як зачараваны.

– Дык няхай пан Вашамірскі не дзівіцца, – сказаў пан Скшымбжыцкі і сарваў з сябе бараду і парык з галавы, – бачыце, акторы з панскай студыі, што нядаўна ўцяклі ад пана, прынеслі мне парык і грыму – прыгадзілася. Я грымаваўся пад панскага дзеда. Вельмі добра памятаю яго.

Перад панам Вашамірскім стаяў яго ранейшы Садапей…

Пан Вашамірскі пабляднеў, зуб аб зуб ляпаў. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі Салавей прывязваў яго да дрэва крэпкай вяроўкай: яна была схавана ў Салаўя за пазухай.

– Можа, цяпер пан Вашамірскі свісне салаўём? А можа, ваўком завые? – А калі пан не хоча, дык…

Салавей пачаў дубасіць пана Вашамірскага па чым папала канчуком, прыгаварваючы:

– Вось гэта табе, яснавяльможны пане, за тэатр! Вось гэта за лупцоўку цяперашніх канюхоў – ранейшых актораў! Вось гэта табе за Зоську! Вось гэта – за здзекі з прыгонных!

Вось гэта…

Салавей пералічыў усе панскія грахі. Многа разоў паўтараў «вось гэта»…

– Глядзі, яснавяльможны пане, калі не спыніш здзекаў, дык Салавей яшчэ раз свісне!

Пры гэтых словах Салавей адвязаў пана ад дрэва, сеў на каня, другога ўзяў за павады і паехаў лясной дарогай, дзе ўжо чакаў на брычцы яго «фурман» – адзін з цімакоў.

Мніх-бернардынец

Пані Вашамірская хворая яшчэ з часоў балю. З кожным днём ёй усё горш ды горш. Дзіўная хвароба ў пані старой. Яна ні з кім не гаворыць, не скардзіцца ні на якія болі. Нейкая панская хвароба.

Яе апанаваў сум.

Не спіць па начах, а ўсё думае‑думае. Свае думкі тоіць пры сабе, нават духоўніку, ксяндзу Марцэвічу, нічога не кажа.

Пані ўвесь час думае пра Салаўя. Рассылала людзей па ўсёй ваколіцы шукаць яго. Катоў сваіх яна выпусціла на волю, выганяла з пакояў, калі яны лезлі туды назад. Яны прымушаны былі ладзіць свае вясеннія канцэрты на стрэхах.

Не выпісвае пані да сябе ніякіх дактароў, бо ведае, што адно толькі лякарства ёй можа дапамагчы – Салавей. Толькі мець яго ў сваіх пакоях. Салаўіных песняў яна цяпер у сне не чуе, бо яна наогул не спіць, але душа пані наяве сніць – сніць Салаўя.

– Няйначай памрэ пані, – шэпчацца чэлядзь у пакоях.

Пані Вашамірская ляжыць на ложку, чакае смерці. Ад роспачы ёй нічога іншага чакаць не засталося.

Ксёндз Марцэвіч даўным‑даўно падрыхтаваў яе да смерці красамоўным маляваннем чарцей і анёлаў, пекла і раю.

Пасля таго як пан Вашамірскі распусціў свой тэатр, выправіў на свой кошт у Парыж французскіх педагогаў – рэжысёра і балетмайстра, ксяндзу Марцэвічу ад сваёй драматургіі застаўся адзін прыемны ўспамін: хвальба доктара багасловіі і філасофіі – Курачковіча аб тым, што пекла ксяндза Марцэвіча падобна да пекла Дантэ.

Гэта моцна засела ў галаве ксяндза Марцэвіча. «Давай, – думаў ён, – буду развіваць далей сваё маляванне пекла. Магу давясці яго перад старой паняй Вашамірскай да вялікага мастацтва».

Старая пані аказалася добрай глебай для імправізацыйнай пякельнай творчасці ксяндза Марцзвіча.

Дзень у дзень ксёндз, які цяпер не адыходзіў ад пані ні на крок, убіваў ёй у мазгі жывыя малюнкі страшнага пекла. Рай перад паняй ён мала прадстаўляў. Спецыялізаваўся, галоўным чынам, на малюнках пекла.

Часта ён распісваў перад паняй у жудасных фарбах «апошні шлях грэшнай душы». Першым чынам ён тлумачыў старой, што з'яўляецца грэхам, а пасля гаварыў аб карах за грэх:

– Калі чалавек грэшны, калі не шануе духоўнікаў, калі не дае на касцёл грошы, калі Богу не моліцца, дык да такога яшчэ пры кананні прыходзяць чэрці – рагатыя, з казлінымі бародамі, з капытамі, з хвастамі. Вочы ў іх гараць‑гараць зялёнымі аганькамі, гараць‑гараць…

Ксёндз Марцэвіч гаворыць шэптам, манатонна. У яго самога шэрыя вочы так блішчаць, ажно пані Вашамірская баіцца зірнуць на яго. Ксёндз пераходзіць на больш драматычны тон:

– Абцугамі пачынаюць чэрці рваць душу з чалавека. Не хоча грэшная душа выходзіць з грэшнага цела, вельмі не хоча. Баіцца, лямантуе, трапечацца, крычыць… Чалавек корчыцца, пакутуе, дыханне стрымліваецца. Нарэшце вырвалі душу. Панеслі чэрці душу грэшную праз горы, праз лясы, праз моры‑акіяны, панеслі‑павалаклі ў апраметную. А там, унізе, пякельны агонь гарыць‑палае, смала ў вялізных катлах пеніцца…

– Ой… – стогне пані Вашамірская, – а далей што?

– А там маршалак чарцей, Люцыпар, пытаецца ў грэшнай душы: «Ты духоўнікаў шанавала? Карміла іх? Песціла іх? Спавядалася перад імі? На божы касцёл давала грошы? Богу малілася?» Дрыжыць грэшная душа ад страху. І кідаюць грэшную душу ў гарачую смалу. «Ой, горача‑горача!» – крычыць грэшная душа. Тады вымаюць яе з гарачай смалы і топяць у халодную, як лёд, ваду. «Ой, халодна‑халодна!» – зноў крычыць грэшная душа.

Пані Вашамірская хапаецца за сэрца:

– Я ж, ойча святы, не грэшная, – кажа яна ў вялікім сполаху, – я і вам памагаю, і на касцёл даю, і Богу малюся, і спавядаюся…

– Я кажу наогул аб грэшніках, – гаворыць салодкім голасам ксёндз Марцэвіч, – пані Вашамірская святая. Пані напэўна ў рай пападзе.

Ксёндз гаворыць далей:

– Смяецца Люцыпар, рагоча. Чым больш грэшная душа пакутуе, тым прыямней маршалку пякельніцы. Ён кліча чарцей рознага росту: вялікіх, маленькіх, маленечкіх і самых дробненькіх, як шпілечкі. Яны рвуць у грэшнай душы язык за тое, што богу не малілася, што духоўнікаў не шанавала, што на святы касцёл не давала. І адрэзваюць ногі ў грэшнай душы за тое, што ў касцёл не хадзіла. І адрываюць вушы за тое, што не слухала святых званоў. І гарачым жалезам пратыкаюць сэрца грэшнай душы за тое, што не была набожнай. І раздзіраюць цела на драбнюткія кавалачкі і кідаюць зноў у смалу гаручую…

– Ой, – стогне пані Вашамірская, – ойчанька, злітуйся…

Ксёндз Марцэвіч як бы не чуе і гаворыць далей аўтарытэтным голасам:

– З гарачай смалы душа грэшная зноў выплывае цэлая, цэленькая нібы толькі што на свет нарадзілася. На яе нападае вялікі голад, такі голад, быццам яна пасцілася сорак дзён і сорак начэй. Тады чэрці падносяць ёй золата, брыльянты, шаўкі, аксаміты; падносяць усё тое, што грэшная душа мела пры жыцці. «Ты гэта не хацела даваць на касцёл – на еж! грызі!» Чэрці кормяць грэшную душу ўсім гэтым, так кормяць, ажно ўсё назад з горла лезе…

Пані Вашамірская дрыжыць ад страху і шапоча:

– Усё, усё сваё багацце аддаю на касцёл…

Шчодрай рукою пані Вашамірская сыпала золата. Вось хутка ксёндз Марцэвіч пачне будаваць гэты касцёл. Яшчэ вось трохі часу пачакае, бо на званіцу не хапае грошай…

У той час з'явіўся сюды адзін мніх‑бернардынец, які таксама збіраў грошы на касцёл.

Не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Але мніх быў такі набожны, што ксёндз да яго доступу не меў. Мніх вечна малітвы шаптаў і набожнымі вачыма шукаў на сценах пакояў пані Вашамірскай святых абразоў.

Мніх быў вельмі строгі і грозны. Ён заняў адразу першае месца ў набожным сэрцы старой. Мніх падабаўся ёй сваім выглядам, які напамінаў біблійнага прарока. Ён быў таксама красамоўным, таксама распісваў пекла перад паняй Вашамірскай. У яго пекла мела крыху інакшую афарбоўку, было больш інтымнага евангелічнага характару. Грэшная душа, паводле слоў бернардынца – тая, што шануе багатых і зневажае бедных.

– Па грэшную душу прыходзяць чэрці, такія самыя, аб якіх кажа ксёндз: рагатыя, барадатыя, хвастатыя. Яны накідваюць на грэшную душу пятлю і, як цялушку, цягнуць у пекла. Люцыпар пытае ў грэшнай душы во так грозна, злосна: «Ты катавала прыгонных? Ты здзекавалася над мужыкамі? Ты жыла ў шаўку і золаце, а твае падданыя ў гнаі капаліся? Ты ела смачныя рэчы, а яны душыліся заціркай з мякіны? Ты піла заморскае віно, а яны пот і кроў сваю пілі?»

Мніх‑бернардынец бліскае страшнымі вачыма на паню Вашамірскую. Старая нямее ад сполаху, маўчыць.

– Вельмі грозны гэты самы Люцыпар. «Гэй, слугі мае! – камандуе ён, – прынясіце сюды тыя самыя бізуны, якімі бедных людзей катавала во гэтая грэшная!» Можа, сто, а можа, тысяча чарцей валакуць панскія бізуны, чырвоныя, завэцганыя ў мужыцкай крыві, у хамскім мясе. Б'юць, лупцуюць чэрці гэтымі бізунамі грэшную душу. Крычыць грэшная душа, літасці просіць. Рагоча Люцыпар. «А ты, – кажа ён, – грэшная душа, злітавалася над людзьмі?» І кідаюць грэшную душу ў тую самую смалу, аб якой гаварыў ксёндз. Смажыцца грэшная душа ў смале, як яечня на патэльні. «Яшчэ смалы! Мала смалы! – крычыць злосны Люцыпар. – Гэй, чарцюгі, ліха на вас, яшчэ смалы!» – «Мы змарыліся», – кажуць рагатыя і касматыя. Тады прыбягаюць нябожчыкі прыгонныя, якіх грэшная душа мучыла пры жыцці. Яны на крык Люцыпара з раю ў пекла спусціліся, пашкадавалі Люцыпара, хацелі яму дапамагчы. «Мы, паночку‑лябедзіку, – кажуць мужыкі‑прыгонныя, – прывыклі працаваць яшчэ на зямлі. На панскім прыгоне, ой, як працавалі! У раі мы разгультаіліся без работы. Ад абібоцтва косці ломіць. Будзем дзеля забаўкі ліць смалу на нашу яснавяльможную панечку!»

– О, Матка Найсвентша! – стогне пані Вашамірская і рукі ламае.

Бернардынец ледзь прыкметна ўсміхаецца і далей гаворыць:

– Хлопцы цягнуць поўныя бочкі смалы і льюць на грэшную душу. Тады рагатыя і касматыя чэрці пробуюць грэшную душу на смак, пробуюць так, як часам кухар пані смажанае і печанае спрабуе, абліжуцца яны, паложаць грэшную душу на другі бок і зноў смажаць… Як грэшная душа зарумяніцца, бы скварка, тады Люцыпар кажа: «Гатова!» І страшны Люцыпар кліча тады катоў на сняданне. Тых самых катоў, якіх пані няньчыла і песціла. «Няў‑няў», – няўкаюць каты. Яны галодныя. Вочы блішчаць. Кіпцюры распушчаны. Шэрсць натапырана. Ой, як страшна… Каты кідаюцца на грэшную душу, грызуць, ірвуць на кавалачкі…

– Досыць… – просіць літасці пані Вашамірская. – Вады!.. Вады!.. – Яе лоб пакрываецца халодным потам.

Аднаго разу, калі ў адсутнасці бернардынца ксёндз Марцэвіч даводзіў пані мо ў дзесяты раз, што грэшнаму чалавеку з'яўляецца чорт перад самай смерцю, калі ён прыходзіць па душу, каб яе ў пекла забраць, – нячутна, ціха адчыніліся дзверы пакоя, дзе ляжала пані. У пакой увайшоў чорт, высокі, з казлінымі рагамі, з хвастом, з бліскучымі вачыма…

Ксёндз Марцэвіч сядзеў каля пані і заканчваў новую імправізацыю пра чорта.

– Во якраз такі, як пані бачыла на абразах, дзе намалёваны страшны суд, – канчаў апошнія словы ксёндз Марцэвіч. – Але толькі грэшныя павінны яго баяцца…

– Мэ‑э‑э! – замэкаў чорт пры дзвярах. – Я прыйшоў па душу пані…

Пані з крыкам падскочыла на ложку і зірнула ў бок чорта.

Не менш за яе спалохаўся і ксёндз.

Ён пачаў класці крыжы і шаптаць:

– Згінь, сіла нячыстая! згінь! У імя Айца, і Сына, і Духа святога. Амэн!

– Не бойцеся, – сказаў чорт, – я той самы мніх, я пажартаваў.

Чорт сарваў з сябе рогі, якія стукнуліся аб падлогу, сарваў хвост – стаяў ранейшы мніх…

Ксёндз Марцэвіч кінуўся да яго з кулакамі.

Бернардынец яго далікатва спыніў:

– Я і не мніх.

Мніх зняў з сябе грым і свіснуў салаўём. Пані Вашамірская ўжо не чула і не бачыла Салаўя, бо заснула навекі.

Ксёндз Марцэвіч казеліў вочы.

– Як вам, ойча, падабаецца мой мніх і чорт? – запытаўся Салавей лагодным тонам у ксяндза Марцэвіча. – Недарма ж я быў у панскай студыі пад вашай апекай…

Салавей выняў з кішэні канчук…

Помста

– Няхай толькі ачуняю, – шаптаў пан Вашамірскі самому сабе, – тады я з імі, хамамі, па‑свойму расплачуся. За ўчынак Салаўя жылы буду цягнуць з усіх прыгонных. Нікога не прапушчу.

Пан Вашамірскі ляжыць на ложку хворы ўжо некалькі дзён. Сам сабе халодныя кампрэсы да спіны прыкладвае. Ад сораму ён нават нікому з сваіх блізкіх людзей не гаварыў, што над ім учыніў пан Скшымбжыцкі, гэта значыць, Салавей.

Вось ужо трэцяя ноч пасля ўчынку Салаўя, а злосць у пана Вашамірскага расце. Ён ад болю і злосці спаць не можа. Ён глядзіць праз адчыненае акно і прыдумляе страшнае катаванне для ўсіх.

– Яны не лепшыя адзін аднаго. Кожны з маіх прыгонных, каб толькі меў магчымасць, учыніў бы нада мною тое самае, што і Салавей… Усіх, усіх люта пакараю!

Праз акно ён бачыць, як па начным небе праходзяць чорныя, як атрамант, хмары з залатымі краямі. Часам выплывае з‑за хмар востры серп месяца. Зірне месяц у пакой пана Вашамірскага ды зноў схаваецца. А вецер гоніць хмары па небе, нібы пастух стады дзівосных жывёлін. То соўваюцца наперад некалькі аграмадных мядзведзяў без ног. Праз хвіліну мядзведзі перакідваюцца ў нейкую істоту без галавы з доўгімі нагамі, з залатым хвастом. Яшчэ раз хвіліну істота без галавы рассыпаецца ў стада цёмна‑сініх лебедзяў. Вецер гоніць іх наперад.

Шуміць вецер у парку. Пан Вашамірскі ловіць вухам шушуканне дрэў. Непрыемна яму гэтае шушуканне – падобнае да шэптаў многіх людзей. Прыслухоўваецца пан Вашамірскі да начных галасоў у маёнтку і дзівіцца:

– Чаму ж гэта сягоння сабак не чуваць?

Ён пачынае непакоіцца.

– І бражджоткі старога вартаўніка таксама не чуваць…

Страх нападае на пана Вашамірскага.

– Што гэта можа быць?

Шуміць вецер у парку. І нібы крокі чуваць з розных куткоў вялікага дзядзінца, і нібы гоман людскі.

Пан Вашамірскі адчувае, што ў яго грудзях пуста робіцца, а валасы на галаве растуць, растуць…

Ён ціханька адчыняе акно і высоўвае галаву. Па вуглах будынкаў мітусяцца людскія цені. Невялікімі грамадкамі – па тры, па пяць чалавек.

Хацеў пан Вашамірскі крыкнуць: «ратуйце!» і не мог, язык анямеў. Хацеў ён шапнуць: «Пан Езус…», ды твар яго скрывіўся. Ён успомніў Каспараву Марыльку, што «божай маткай» стаяла ў касцёле «Кроў Езуса». Мільгануў у яго ўяўленні «дух святы» ў постаці доктара багасловіі і філасофіі ксяндза Курачковіча.

Хоць страшна было пану Вашамірскаму глядзець уніз праз акно, але вачэй адарваць не мог.

Цяпер ён пачуў гул людскіх галасоў ва ўсіх пакоях палаца. Тупат ног па мяккіх дыванах, нейкае бароканне, хрыпы, лаянкі.

Адвярнуўся пан Вашамірскі ад акна толькі тады, калі блізка за сваёй спіною пачуў у сваім пакоі гулкі свіст.

Перад ім стаялі Салавей і чорнабароды Язэп. Яны запалілі свечку, і чорнабароды Язэп звярнуўся да пана:

– Давай грошы!

Пан Вашамірскі не мог і слова сказаць ад страху, толькі рукою паказаў на кованую скрыню пад ложкам.

Яны кінуліся да скрыні. Скрыня не адчынялася.

– Ключы! – крыкнуў чорнабароды Язэп.

– Я ведаю, дзе ключы, – сказаў Салавей, – у пана за пазухай на шоўкавым шнуры.

Калі яны даставалі ключы ў пана, у яго з'явіўся голас. Ён падняў крык.

– Крык не паможа, – засмяяўся чорнабароды Язэп. – Усе твае гайдукі звязаныя ляжаць, а іншая твая чэлядзь нам памагае. Сабак мы атруцілі.

Войкнуў пан Вашамірскі і апусціў галаву.

Пана звязалі, заткнулі яму рот анучаю і крыкнулі праз акно да людзей.

Прыбеглі чатыры чалавекі з былых панскіх актораў. Павалаклі яго ўніз. Пана пры гэтым пацяшаў Салавей голасам і словамі ксяндза Марцэвіча:

– Пакуты цела – гаенне для духа…

Свечка засталася гарэць на стале. З адчыненага акна дзьмуў вецер. Аганёк свечкі круціўся ва ўсе бакі, нібы агнёвае джала змяі. Вось‑вось, здаецца, патухае. Сцены пакоя заплывалі змрочным ценем. Але раптоўна зноў успыхне святло і бледным водсветам абалье сцены і столь пакоя. Асвятлілася на хвіліну французская гравюра, на якой красаваўся стэп, дзікія коні ў першабытным харастве скакалі па стэпе.

Ажыўлялася на хвіліну гравюра і зноў нікла ў ценях. Пасярод пакоя стаяла адчыненая кованая скрыня і пара круглых тумбачак, абабітых дарагім аксамітам, ляжалі бокам на падлозе. Блішчэлі чышчанай меддзю маленькія калёсікі, прышрубаваныя да тумбачак знізу.

Унізе, у драўляным будынку, на скотным дварэ пан угледзеў на падлозе звязаных усіх сваіх адданых людзей – дзікіх гайдукоў, лютага войта і нават ксяндза Марцэвіча.

Салавей паглядзеў ксяндзу глыбока ў вочы, пахлопаў яго па спіне і сказаў у другі раз:

– Пакуты цела – гаенне для духа. Святыя вашыя словы, ойча вялебны…

Ксёндз Марцэвіч маўчаў. Ён, можа, нешта сказаў бы, але і рот духоўніка быў запханы анучаю.

– Глядзі, чорнабароды, – звярнуўся Салавей да атамана, – ксёндз не згаджаецца з тым, што пакуты цела гаенне для духа!

Пры гэтым Салавей паказаў рукою на твар ксяндза Марцэвіча.

Вочы ксяндза на лоб вылазілі ад натугі. Яны злосна блішчэлі. Вось зараз праколіць імі і Салаўя, і чорнабародага Язэпа, і ўвесь свет.

– Так, – адказаў лагодна чорнабароды Язэп, – ксёндз супроць сваіх уласных святых слоў. Гэта вельмі кепска. Сягоння, як паедзе на той свет разам з панам Вашамірскім ды з усімі панскімі гіцлямі, дык Пан Бог яго за такі грэх у рай не пусціць…

Заварушыліся ўсе звязаныя і давай тарашчыць ва ўсе бакі спалоханыя вочы.

– Што? І вы не згодны, што пакуты цела гаенне для духа? – са злосцю запытаўся чорнабароды Язэп. – Тады і ваша месца ў раі іншыя зоймуць…

Праз некалькі хвілін пасвятлела на дзядзінцы. З усіх будынкаў маёнтка шугала полымя. У падпале прымалі ўдзел усе прыгонныя пана. Прыбеглі людзі з блізкіх вёсак.

Вецер рос. Галавешкі, цэлыя снапы агню перакідваліся ў паветры з даху на дах, ляцелі агнёвымі птушкамі.

Будынкі панскага маёнтка трашчалі. З вокнаў высоўваліся чырвоныя языкі полымя.

Светла стала ў маёнтку, як сярод белага дня. Воддаль цямнеў парк. Па дзядзінцы насіліся галопам дзесяткі панскіх стаеннікаў, якія былі падобны цяпер да французскай гравюры ў панскім пакоі.

Людзі выганялі з хлявоў кароў, быкоў, авечак, свіней, курэй, гусей.

Жывёліны былі вельмі папалоханыя. Дзікімі галасамі равелі, мычалі, візгаталі і крычалі. Стаяў страшэнны садом.

Над кожным будынкам палыхаў агонь. Высачэзныя слупы іскраў і дыму шугалі ў неба да хмар.

Каменныя львы на парадным ганку панскага палаца ружавелі ад водсвету пажару і здаваліся жывымі.

Да будынкаў, што стаялі воддаль ад пажару, людзі падносілі пукі саломы і падпальвалі.

Усё гэта рабілася з жудасным супакоем, акуратна, не спяшаючыся, нібы прыгонныя працавалі на панскім полі. Толькі пры гэтай рабоце незвычайная радасць свяцілася ў сялянскіх вачах, нібы радасць хмельнага гадовага свята…

Раптам уздрыганулася зямля. Пачуліся выбухі гарматнай страляніны.

– Што гэта? – спалохаліся людзі.

– Не бойцеся, – сказаў чорнабароды Язэп, – гэта бровар гарыць, бочкі са спірытусам бухаюць…

– Ай‑ай‑ай… Навошта падпаліў так раптоўна? – пашкадавалі людзі. – Мы б выпілі на гэткім панскім балі.

– Няможна сягоння піць! – крыкнуў чорнабароды Язэп.

А бровар трашчаў. Мора сіняга агню пырскала фантанам, страшнай навальніцай. Пахла спірытусам.

Шыпела, гуло, бухала, грымела. Трэснуў цагляны бровар ад выбуху, і на вялікім абшары разлілося возера сіняга полымя.

Пасля выбуху спірытус пачаў гарэць роўным спакойным агнём.

Тым часам загарэўся і парк. Корчыліся лісці, вугліліся вершаліны дрэў. Сотні залатых кудзерцаў мільгаліся па дрэвах, пераскаквалі маланкавымі дугамі‑вясёлкамі адразу намнога сажняў угару, потым вуглёвымі лапамі шорхаліся па зямлі, паўзлі прыгінаючыся.

– Генеральная рэпетыцыя, – смяяўся Каспар, пакалечаны мінулай зімою на лютым марозе па загаду пана.

– Так. Генеральная рэпетыцыя, – сказаў чорнабароды Язэп і зірнуў удаль спакойнымі задумёнымі вачыма. – Можа, некалі ўсе маёнткі лютых паноў засвецяцца.

– Дай, Божанька! – пачуўся старэчы, дрыжачы голас.

– Дай, Божанька, волю для нашых братоў! – Гэта сказаў стагодні дзед Марцін, які таксама прывалокся на пажар.

А жудаснае вока пажару наскрозь прасвідравала ноч. Свяціла на вялікую адлегласць вакол яркай зарніцаю.

Пэўна, дзесьці па далёкіх вёсках, угледзеўшы зарніцу, думалі, што сонца ўзыходзіць.

Пэўна, знекуль здалёк ведалі, што гэта зарніца пажару.

Пэўна, з іншых маёнткаў панскія падлізы беглі сюды ратаваць маёнтак пана Вашамірскага.

У той жа час на пагорку, за выганам вёскі Вашаміршчыны, стаяла шалёная дачка Каспара.

Пажар быў перад ёю як на далоні. Галавешкі ляцелі птушкамі аж да яе.

Марылька была ў адной кашулі.

– Сціхні, пажар, сціхні! Я, матка боская, табе кажу…

Раптам яна пачала церці вочы кулакамі, нібы толькі што ад сну прабудзілася.

– Гэта ж гарыць маёнтак пана Вашамірскага! – прашаптала яна.

Шчаслівая ўсмешка мільганула па яе твары. Прытомнымі вачыма яна зірнула вакол. Стаяла на гэтым месцы і любавалася на пажар аж да самай раніцы, калі на ўсходзе неба пачало бляднець.

Пачаў накрапліваць дожджык.

– Ой, чаго я тут стаю ў адной кашулі? – усхапілася Марылька. – Людзі ўгледзяць. Сорамна…

Яна пабегла дахаты.

Салаўіны курган

Вось такую гісторыю чуў я ў саўгасе, у былым маёнтку пана Вашамірскага, ад старога дзеда, былога панскага лёкая.

Мы сядзелі з ім на мяжы некалькі гадзін. Я ўвесь час моўчкі слухаў, а дзед апавядаў. Пры гэтым ён час ад часу рабіў спынкі і дыміў «казіныя ножкі» з махоркі. Ён задумёна пазіраў у бок лесу. Вочы яго сядзелі глыбока пад сівымі кустамі брывей.

– Ага, дзе я там спыніўся? – запытаўся ў мяне дзед.

– Пажар у маёнтку пана Вашамірскага, – падказаў я.

– Але… але..

– Чым гэта скончылася? – нецярпліва запытаўся я.

– Як усе мужыцкія мяцяжы, – сказаў дзед. – Праз некалькі дзён з'явіўся цэлы полк лютага войска.

– Ну…

– Страшна было. Нават малыя дзеці не засталіся. (Дзед махнуў рукою.) Усіх, усіх знішчылі. Прыехаў пасля гэтага дзядзька пана Вашамірскага, па прозвішчу таксама Вашамірскі. Перасяліў сюды з сваіх вёсак новых людзей. У памяць загінуўшага пляменніка ён адбудаваў маёнтак і надаў яму ранейшы выгляд.

Дзед пацёр белай рукою лоб і зірнуў на мяне.

– Што я хацеў сказаць? – запытаўся ён.

Дзед доўга думаў.

– Успомніў, – абрадаваўся ён. – Не ўсе людзі з прыгонных пана загінулі. Яны ўцяклі ў лясы. І зноў свісты Салаўя чуваць былі. Ён і чорнабароды Язэп часта нападалі на панскія маёнткі гэтай ваколіцы. Не раз у маёвую ноч паны дрыжэлі ад страху, пачуўшы песню нават звычайнага салаўя. Яны тады чакалі непажаданых гасцей.

– Зірні туды! – звярнуўся да мяне дзед і паказаў рукою, куды я павінен глядзець: – Вунь там, за гэтым лесам, ёсць вялізныя пасекі. Туды бабы ходзяць увосень апенькі збіраць. Там стаіць курган. Даўней там усюды была непраходная пушча. Такая была гушчэча, што і днём было страшна. Вось там і жыў Салавей з сваёй кумпаніяй. Той курган яшчэ і цяпер завецца «Салаўіным курганом». Невясёлы гэты курган, – кажа далей дзед, – хоць і салаўіны. Пры паляках там легіёны панскія тутэйшых вясковых дзецюкоў стралялі. У гэтым маёнтку войска панскае стаяла. Праўда, партызаны пасля задалі такога перцу панам, ажно горача і моташна ім стала. Вось і некалькі вёсак знішчылі паны пры ўцёках ад бальшавікоў. Цяперашнія паны не лепшыя за даўнейшых, трэба сказаць. Вось анегды прыбег сюды з таго боку адзін дзяцюк. Ён гаварыў такія штукі, ад якіх валасы дыба становяцца.

І дзед расказаў мне адзін з тысячаў жудасных фактаў катавання ў панскіх турмах невінаватых людзей.

Ад густога парку цягнуўся па полі доўгі цень. Адпала гарачыня летняга дня.

Нібы косці шкілета, тырчэлі з пяску на дарожцы вакол вялізнага запушчанага кветніка абломкі каменных ільвіных лап.

Калісьці львы нема і горда паглядалі ўдаль з высокага ганка панскіх палацаў.


[1]Старадаўняя суботняя застольная песня на старажыдоўскай мове.

 

[2]Штэндар – нагадвае па выгляду пюпітр для нот, толькі больш масіўны і са скрынкай.