Мои Конспекты
Главная | Обратная связь

...

Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Ножыкі і пісталеты





Помощь в ✍️ написании работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Гэта быў адзіны выпадак, калі я праводзіў канікулы за некалькі кіламетраў ад дома, у садзе.

У такі вольны час бацька вучыў мяне граць на скрыпцы. Але мяне больш вабіла да сябе дзедава кузня, дзе перад веснавымі і восеньскімі святамі бываў у дзеда самы гарачы час працы – ураджай на яго полі. Гаспадыні прыносілі лудзіць і пачыняць разнастайную пасуду. Я ўжо ведаў усю дзедаву алхімію пры луджэнні. За дапамогу дзед дазваляў мне час ад часу займацца і «сваёй» работай. Я тады спецыялізаваўся на ножыках. Са старых кос выточваў лязо, з медзі рабіў тронкі з прыгожымі калечкамі для пояса. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складныя ножыкі карысталіся вялікай славай. Такія ножыкі ў полі – о‑го‑го! Золата, а не ножыкі. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Яны адкрылі мне ўвесь навакольны свет на некалькі кіламетраў. Ад іх я даведаўся, дзе якія грыбы і ягады растуць. Разам з імі я хадзіў у арэхі, на рыбу з вудамі і сеткамі. Яны адкрылі мне ўсе сакрэты лугоў, балота і лесу. Ад іх я даведаўся, дзе якія птушкі гнёзды ўюць, назвы птушак, дрэў, траў, навакольных вёсак. Разам хадзілі ў яблыкі па чужых садах. Усю жывую геаграфію ваколіцы я, дзякуючы пастушкам, вывучыў на практыцы. Гэта былі вандроўкі ў прыродазнаўства, гульні на слаўнай волі. Пасля няволі ў хедэры, сяброўства з пастушкамі было для мяне нязведаным шчасцем.

Хлопцы навучылі мяне хадзіць на высокіх хадулях. Гэта мне вельмі спадабалася. Здавалася мне, што я велікан. Мы пераходзілі на хадулях рачулку. Таксама пераскоквалі праз яе пры дапамозе доўгага кія. Гімнастыцы, якой мне не даставала ў хедэры, я вучыўся ў пастушкоў.

На гумне аднаго з бацькоў гэтых пастушкоў рос магутны вілаваты дуб. На вышыні шасці метраў ад зямлі хлапчукі пабудавалі з старых драніц хатку. Не было таго дня, каб я не прыходзіў пасядзець у хатцы. Стаяць у ёй нельга было. Яна была ледзь большая за сабачую будку.

З вышыні разгортваўся шырокі краявід ваколіцы. Адкрываліся новыя дымчатыя далі, новыя гаі, новыя ўзгоркі і нізіны, далёкія хутары. Абодва пасадзецкія азёрцы выглядалі двума люстэркамі ў рамках ярка‑зялёных аіраў, густога сітніку і альховых зараснікаў. Млыны нагадвалі скрынкі. Тракт і прасёлачныя дарогі былі падобны да вузенькіх істужак. Людзі і фурманкі выглядалі лялечнымі. З высокага дуба «свет» стаў куды большым. Ужо другі год як памёр стары Вышамірскі, выдатны выдумшчык паляўнічых казак. За гэты час яго дочкі – «паненкі» запусцілі гаспадарку. Пастушкі дабраліся да каляровых шыб яго альтанкі. Яны прынеслі ружовыя, сінія і чырвоныя «акуляры».

І мы, хлапчукі, глядзелі на «свет» праз каляровае шкло. Перад нашымі вачыма знаёмая ваколіца ператваралася ў казачны малюнак. Лясы, людзі, неба, азёры, жывёлы і птушкі набывалі новыя колеры – і гэта нас, дзяцей, захапляла.

Аднаго разу пастушок Прахор выпрасіў на дзень у рыбака Лук'янскага невялічкі човен. Мы з Прахорам узялі з сабою хлеба і паехалі на чаўне вузенькай рэчкай. Лясамі, лугамі і балотамі рэчка цягнулася на некалькі кіламетраў, пакуль не ўпадала ў сплаўную рэчку Слязанку.

Колькі зайцоў і вавёрак мы напалохалі! На адной забалочанай паляне разгульвала стада буслоў. Яны палявалі на жаб. Мы затулюлюкалі, засвісталі, і буслы ўзляцелі ў неба. Ад быстрага палёту паветра рэзалася, нібы шоўк, выдавала своеасаблівае шастанне. Калі‑нікалі апускаліся на паляну бусловыя пер'і.

Праязджаючы праз бор, мы натрапілі на высокі папаратнік, на зараслі багуноў і верасу, на непраходныя балоцістыя імхі з няспелымі чырвона‑белымі журавінамі, якія нагадвалі гусіныя вочы. Тут жа чарнелі карчы‑вываратні з фантастычнымі карэннямі, падобныя да страшных спрутоў або да невядомых звяроў. Стаялі дубы, расшчэпленыя зверху данізу перунамі, у расшчэлінах якіх ляжалі наваленыя бурай асіны. Гэта нагадвала вайну веліканаў.

Нямала мы тут напалохалі дзікіх качак, гусей. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны.

Пра гэтыя мясціны апавядаюць такую гісторыю. У пана Чапкоўскага здохла адна з яго пародзістых сучак. Засталіся маленькія шчаняты. Маладая сялянка Анэля толькі што нарадзіла хлопчыка. Пан Чапкоўскі загадаў ёй карміць сваім малаком асірацелых шчанят. Анэля не сцярпела такога здзеку, схапіла свайго хлопчыка, уцякла на балота і тут загінула.

Мы даплылі да Слязанкі. Тут цягнуліся паплавы. Высілася шмат стагоў сена. На зваротным шляху нам было цяжка спраўляцца з чаўном, бо трэба было ехаць супроць плыні. Рачулка была неглыбокая, і мы вёсламі ўпіраліся ў грунт. Мы плылі назад к млыну бадай да самага вечара.

Над рэчкай і лугамі вісеў белы, як вішнёвы цвет, туман. Дзесьці стагнала жаласлівым голасам птушка.

З намі ад млына ішла бабуля Ева. Яна збірала ў бары лекавыя травы. Зусім сцямнела. Аб маю белую шапку біліся крыллямі кажаны, і мне было непрыемна. У альховых кустах ля возера стагнала птушка.

Бабуля Ева расказала пра птушку цікавую гісторыю.

Жыў‑быў адзін люты пан. Прыгонныя працавалі на яго круглыя суткі. Кожны дзень пан загадваў склікаць мужыкоў на стайню і біць. Гэта за тое, што яны кепска працавалі. На паншчыну выганялі і старых і малых. Дома пакідалі толькі грудных малютак. Яны вечна плакалі ад голаду. Прыганятыя адпускалі матак да маленькіх дзяцей толькі раз на дзень.

Аднаго разу загарэлася вёска. Пакуль сяляне прыйшлі дамоў з паншчыны, ад хат засталіся галавешкі і печы. Згарэлі і малыя дзеці. Так думалі бацькі. Але дзеці не згарэлі. Яны перакінуліся ў птушак і ўзвіліся ў сіняе неба.

Людзі ўзбунтаваліся. Напалі на маёнтак. Забілі паноў і спалілі палац. Прываліла тады царскае войска, перабіла людзей да апошняга чалавека і кінула іх у лес ваўкам на пачастунак. З таго часу іхнія малюткі, што перакінуліся ў птушак, шукаюць па лясах і балотах сваіх забітых бацькоў. Яны жаласліва плачуць, стогнуць, моляць:

– Баць‑кі‑і‑і… Баць‑кі‑і‑і… Баць‑кі‑і‑і…

Бедныя птушачкі.

Чым жа яшчэ, апрача ножыкаў, узрадаваць маіх новых сяброў?

Пабачыўшы аднаго разу ў хлопчыка, сына карчмара, дзіцячы «пугач», я задумаў новую, вельмі цікавую справу – пісталеты. Матэрыялу для такой вытворчасці было ў дзедавай кузні нямала: тонкія жалезныя трубкі для рулек, сталёвы дрот са старых парасонаў для пружын і кавалкі металу для розных дэталей. Я распрацаваў праект пісталеціка і зрабіў адзін для спробы. Я набіваў у рульку порах і страляў дзіцячым папяровым патронам. Ручку зрабіў з дубовага сука.

Пастухі былі ў захапленні ад работы.

У дзедавай кузні, употайку ад дзеда, я адкрыў фабрыку пісталетаў. Пастушкі даставалі дубовыя сукі для ручак. Агульнымі сродкамі мы здабывалі порах, папяровыя пістоны. Я парэзаў дзедавыя трубкі на рулькі, прыварваў да рулек жалезныя донцы, прасвідроўваў у іх дзірачкі для праходу агню ад пістона ў парахавы набой, выпільваў усе металічныя часткі, з дроту рабіў маленькія шомпалкі, драўляныя ручкі фарбаваў і аздабляў меддзю – і пастушкі дзіву даваліся майму майстэрству.

Пісталеты стралялі, як сапраўдныя стрэльбы. У гэтым быў галоўны эфект. Мы наладжвалі ў лесе стрэльбішчы. Скончылася гэта даволі сумна. У аднаго пастушка разарвалася рулька, і ўвесь порах папаў яму ў твар. Ён ледзь не аслеп. Яго павезлі к доктару.

Ад вялікага страху я ўцёк у вёску Дунаі да дзядзькі Мордха‑Лейбы і цёткі Бейлі. Дзядзька пасадзіў мяне за стол і загадаў чытаць Псалтыр. Я быў на гэты раз паслухмяны і набожны. Абяцаўся Богу, што калі ён выратуе мяне ад пакарання за пісталеты, дык з першага скарбу, што я знайду, кіну рубель у святую скарбонку рэбэ Меера‑цудадзея. Такая скарбонка вісела ў дзедавай хаце над дзвярмі.

Адным махам я прачытаў ледзь не паў‑Псалтыра. Потым я ўспомніў адну цікавую гісторыю пра дзядзьку, але колькі я ні прасіў яго расказаць, ён аднекваўся. Ціхенька на вуха мне гэтую гісторыю расказала цётка, калі дзядзька лёг спаць.

Гладыш

Гэта было праз два гады пасля таго, як дзядзька пабраўся з цёткай. Пасагу было сорак рублёў. За гэтыя грошы дзядзька купіў у Дунаёўскай пані старую хатку і астаўся жыць у вёсцы. Два гады пакутаваў. Малочныя прадукты ад каровы ён насіў у Пасадзец прадаваць камісіянерам і за выручаныя грошы купляў хлеб. Жыць было вельмі цяжка. Дзядзька апусціўся. Увесь падворак каля хаты выглядаў сметнікам. Тут валяліся старыя, паламаныя гаршкі, бутэлькі, ляжаў агідны гладыш, аплецены бяростай і вымазаны дзёгцем. Спачатку гладыш валяўся ля самых дзвярэй і так намазоліў дзядзьку вочы, што ўзлаваны дзядзька адкінуў яго да плота, дзе буяе крапіва і палын. Гладыш быў цяжкі: напханы зямлёй.

Ад няма чаго рабіць дзядзька дыбаў па падворку туды і сюды ды ўсё думаў:

– Каб меў сто рублёў, купіў бы яшчэ некалькі кароў, завёў бы малочную гаспадарку, сыр і масла прадаваў бы камісіянерам на Менск і жыў бы па‑гаспадарску.

Пры гэтым дзядзька Мордха‑Лейб самога сябе выкпіваў:

– Каб ды каб… Глупства лезе ў галаву. Дзе ўжо нашаму брату жыць па‑людску!..

Але дурныя мары неадчэпна лезлі ў галаву. Дзядзька не раз сніў, што нейкі незнаёмы добры чалавек даў яму сто рублёў і сказаў:

– Жыві!

Дзядзька апавядаў аб гэтым цётцы, і абодва смяяліся. Смех быў горкі, бо ў іх ужо нарадзіўся маленькі хлапчук, Мэндалька – бхор – пяршынка. Патрэбна кашулька, коўдрачка, а далей – шапачка, штонікі, чаравічкі і ўсёўсё. А гэта каштуе не толькі залатоўкі, а рублі. Ад адной Рабулькі (так звалася карова) шмат грошай не нацыркаеш. І дзядзька з цёткай думалі аб адным:

«Што рабіць?»

А тут вясна, лагодная і сардэчная… Птушкі пяюць… Неба чыстае, бы шкло… Вясковыя п'юць бярозавы сок… Ажылі лясы. Вось‑вось распусціцца чаромха. Яна так добра пахне… Тым часам у дзядзькі няма дзе і цыбулю пасадзіць – падворак, засмечаны да таго, што крый Божа!

І пайшоў дзядзька ачышчаць падворак пад гарод. Лапатай да поту напрацаваўся. І зноў гэты паскудны гладыш вока мазоліць.

Як раззлуецца дзядзька, як кінецца з жалезнай рыдлёўкай на гладыш, нібы на лютага звера. Можна было падумаць, што ў гладышы ўсё дзядзькава няшчасце жыве. Гакнуў рыдлёўкай па гладышы раз і два і тры! «Ах ты, гад!» – крычаў на яго дзядзька.

Цётка пачула яго разгневаны крык і выскачыла на двор. Глядзіць, аж дзядзька сядзіць на зямлі, раскінуўшы полы доўгай капоты над разбітым гладышом, узняў галаву ў чорнай ярмолцы, высалапіў непрытомныя вочы, балмоча і кудахча:

– Бейля‑Бейля‑Бейля…

Акурат квактуха:

– Бейля‑Бейля‑Бейля… Бейля‑Бейля‑Бейля…

Цётка Бейля спалохалася: ці не звар'яцеў яе Мордха‑Лейб?

– Мордха‑Лейбачка, што з табой? У цябе ж не твар чалавечы, і ты гаворыш недарэчы… А вохці мне! А людцы мае!..

Цётка кінулася да дзядзькі. Ірванула яго за капоту. Ён так балюча замычаў, ажно цётка падумала, што дзядзька целіцца. І павінна ж была ўзбрысці ў галаву такая недарэчная думка! А калі цётка зірнула, што дзеецца пад дзядзькавай капотай, дык таксама замычала. Глядзяць яны адзін на аднаго і мымычуць і мэмэчуць. У іх адняліся языкі. Цётка зноў засланіла зямлю дзядзькавай капотай і пабегла ў хату. Прынесла лазовы кош і давай сыпаць у кош тое, што было пад дзядзькавай капотай. Зверху насыпала пяску ды панесла ў хату.

Падышла суседка. Запыталася:

– Што нясеш Бэйля?

– Хрэну накапала. Зямлёй прысыпала, каб не высах.

Цэлы дзень яны абодва дрыжэлі ад страху. А як надышла ноч, яны засланілі акенцы дзядзькавай капотай і цёткавай спадніцай, запалілі курнік, замкнулі дзверы на ўсе запоры, на ўсялякі выпадак палажылі ля сябе сякеру, нож і высыпалі на стол тое, што было ў кашы. Цётка зірнула на дзядзьку, як на прынца. Дзядзька зірнуў на цётку, як на прынцэсу.

На стале ляжала куча срэбраных рублёў.

Усю ноч лічылі і пералічвалі. То было трыста, то трыста адзін, то дзвесце дзевяноста дзевяць.

Вось табе стары гладыш!

У галовах дзядзькі і цёткі круціліся і гулі жорны.

Сэрцы стукаталі, як цапы на таку. Рукі дрыжэлі. Пальцы без толку скручваліся і раскручваліся. Яны ўсыпалі грошы ў новы гладыш, закрылі анучкай, зверху навалілі тварагу і паставілі ў печ. На ўсялякі выпадак.

Дзядзька і цётка спыніліся сярод хаты. Дзядзька трымае ў руках сякеру, цётка – нож. Неспадзяваныя ваякі! На ўсялякі выпадак. І яны пачалі думаць услых:

– Ісці спаць?

– А можа, нападуць…

– Не спаць?

– Таксама кепска.

Але хутка іх занепакоіла думка:

– А можа, гэта чары?

– А можа, гэта не грошы, а кавалкі шкла?

– А можа, чорт перакінуўся ў срэбраныя рублі?

На гэта ёсць сродак.

Дзядзька з сякерай на стале дачаў чытаць Псалтыр. Цётка з нажом у правай руцэ стала ля прыпечка і давай шаптаць:

Духі злыя, прэч адгэтуль!

Злыя, прэч адгэтуль, духі!

Духі, прэч адгэтуль, злыя!

Тры дні і тры ночы дзядзька і цётка займаліся гэтай справай. Дзядзька чытаў Псалтыр, а цётка выганяла злых духаў. Пасля такой трохдзённай вайны са злымі духамі яны дасталі гладыш з печы. Паглядзелі: серабро – серабром, рублі – рублямі. Яшчэ некалькі разоў пералічвалі – трыста рублёў – адзін у адзін!

Пакрысе дзядзька з цёткай супакоіліся, увайшлі ў звычайны стос жыцця. Дзядзька купіў некалькі кароў, каня, заарандаваў у пані гарод, сенакос і зажыў так прыстойна, як чалавеку прыстойнаму жыць трэба. На сваім кані дзядзька вазіў сыр і масла ў Пасадзец камісіянерам на Менск, зарабляў грошы – і не лыс.

За Мэндалькам нарадзілася дзяўчынка Міня. За дзяўчынкай Міняй – дзяўчынка Дуся, і жывы ланцужок расцягваўся даўжэй і даўжэй… Выгадавалі яны дзяцей, выпраўлялі іх па чарзе ў Амерыку – а ўсё з таго разбітага гладыша. Скарб у іх не выводзіўся. Засталіся яны адны – дзед з бабай. Дзеці ім пішуць з Амерыкі лісты. Цяпер у іх толькі адна карова і пяцьдзесят старых рублёў – са скарбу… Сваіх грошай хопіць ім і на пахаванне пасля смерці.

Так пратанцавалі яны ўсё сваё доўгае жыццё на гэтым гладышы, як акрабаты.

Аднак там, дзе ёсць мёд, бываюць і пчаліныя ўкусы. Дзядзьку і цётцы таксама жылося не заўсёды салодка. У чым справа? Яны вечна сварыліся. Сваркі началіся на трэці дзень пасля знаходкі скарбу. Іншыя людзі пры такой радасці толькі любуюцца і мілуюцца, жывуць у лагодзе і згодзе, а мае родныя – дзядзька з цёткай – пачалі між сабой вайну на ўсе шэсцьдзесят год абаюднага жыцця пасля вяселля. Прычынай быў той жа гладыш.

Дзядзька даводзіў, што гладыш ім падкінуў прарок Ілья, а цётка пераконвала яго, што гэта справа рук разбойніка Ціхана.

Дзядзька гаварыў:

– Прарок Ілья!

Цётка крычала:

– Разбойнік Ціхан!

Хто ж ведаў, у чым справа, думаў, што яны дражняць адзін аднаго:

– Прарок Ілья!

– Разбойнік Ціхан!

– Ілья‑прарок!

– Ціхан‑разбойнік!

Ад слоўнага турніра яны часта пераходзілі да зброі. Дзядзька бараніў гонар прарока Ільі цяжкім і цвёрдым Псалтыром. Цётка адстойвала рыцарства разбойніка Ціхана качаргой.

Заўсёды качарга пападала ў Псалтыр, а Псалтыр – у качаргу.

– Разбойнік Ціхан!

– Прарок Ілья!

– Ілья‑прарок!

– Ціхан‑разбойнік!

– Разбойнік Ілья!

– Прарок Ціхан!

Калі дзядзька з цёткай даходзілі ў сваёй вайне да такой блытаніны, яны рабілі часовую згоду. Дзядзька клаў Псалтыр на стол, а цётка ставіла качаргу ў кут.

– Так мы і заканчваем жыццё сваё, – шаптала мне цётка Бейля, родная сястра маёй бабулі, і падала мне на вячэру печаную бульбу і жбаночак малака.

Я павячэраў і лёг спаць, забыўшыся пра сваю бяду з пісталетамі.

Тым часам дома мае бацькі ўзнялі трывогу. «Пісталетнік прапаў!» Гэта значыць – я… Пасля поўначы мяне разбудзіў бацька. Ён прыехаў сюды конна. Я хутка апрануўся, бацька пасадзіў мяне на каня перад сабой і прывёз дамоў.

Назаўтра мяне паклікаў да сябе ўраднік. Усе пісталеты майго вырабу ляжалі ў яго на стале. Ураднік пахваліў за добрую работу і напалохаў турмой, калі яшчэ буду майстраваць стрэльбачкі. За маю фабрыку зброі ўраднік дастаў ад дзеда хабару тры рублі.

Калі я вярнуўся дамоў ад урадніка, бацька сустрэў мяне ўрачыста – супоняй. Ён ужо замахнуўся на мяне супоняй ад хамута, але маці схапіла яго з плачам за руку:

– Ты ж яго скалечыш… Вока выб'еш…

У бацькі гарэлі вочы ад гневу. Неспадзявана для самога сябе загневаўся і я.

– Калі мяне толькі кранеш, я ад цябе ўцяку назаўсёды, – крыкнуў я не сваім голасам.

– Дык ты мяне яшчэ палохаеш?! – грымнуў бацька і так ударыў супоняй, ажно дзеці заплакалі.

Я ўжо быў на тым баку дзвярэй. Бацькаў удар папаў у сцяну. Я ўцякаў гародамі да возера. За мною з плачам гналася маці.

Калі я вярнуўся дамоў, бацька ўжо быў спакойны. Ён звярнуўся да мяне з мяккім дакорам:

– Ты ўжо не малы. Табе ўжо дванаццаць год, а ты глупствам займаешся. Што з цябе будзе, як вырасцеш?

Я маўчаў.

Пасля вялікага правалу фабрыкі зброі, я цэлы тыдзень быў збянтэжаны. Мне было шкада пацярпеўшага хлапчука і крыўдна за сваю няўдачу.

У хедэры я лічыў сябе дарослым. Калі рэбэ пробаваў узняць на мяне руку, я пагражаў сваёй. Біць мяне я не дазваляў. Я часта адлучаўся з хедэра на пару гадзін, а рэбэ маўчаў.

Я таксама знайшоў скарб – адвагу. Я пачаў бараніцца ад сваіх крыўдзіцеляў, і мяне перасталі крыўдзіць.

Возера

Сяброўства з пастушкамі я не парываў і зімой. Коўзаліся па возеры, каталіся на саначках і нават снежныя хаты ляпілі. Вясной пры ледаходзе мы каталіся па возеры на крыгах, як на пароме.

Аднаго разу ўлетку я пакінуў хедэр на пару месяцаў раней тэрміну. Бацька гаварыў аба мне:

– Ні да Бога, ні да людзей.

Некалькі месяцаў я быў вольны ад «навук». Глядзеў, як Лук'янскі рыбу ловіць. Прасіў яго прывучаць мяне да гэтай справы.

– Буду вучыць цябе так, як дзед твой вучыў мяне ў кузні. Дзед твой гаварыў, што кожны чалавек павінен займацца сваёй справай. Памятаеш?

– Памятаю…

Лук'янскі засмяяўся.

– Ну, вось! Ты сабе хадзі ў хедэр Біблію лавіць, а я – на рэчку рыбу лавіць. Кожнаму сваё…

Аднак я зрабіўся рыбаловам і без дапамогі Лук'янскага. Трэба было паправіць грэблю. Мельнік падняў усе застаўкі, адчыніў шлюзы і спусціў возера. Рыбу ён дазваляў лавіць усім местачкоўцам, якія наракалі, што возера часта затапляе гароды і лугі.

Я, чалавек вольны ад хедэра, стаяў на беразе і глядзеў з цікавасцю, як відавочна ўбывае ў возеры вада. Праз пару гадзін яна сплыла ўся. На месцы возера засталася вузенькая рэчка, лужыны і шмат топкага ілу. У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Усе кінуліся ў амярцвелае возера збіраць рыбу рукамі. Я брыў у адной кашулі па пояс у гразі і лавіў рукамі рыбу. Яна мігацелася на сонцы, як бліскучыя нажы.

Дзесяткі людзей лавілі рыбу кошыкамі, торбамі, рэшатамі і нават уласнымі кашулямі.

За два дні я назбіраў аж два пуды рыбы. Набегла народу з усяе ваколіцы. Шмат рыбы падохла ў іле. На яе накінуліся вароны, буслы, сабакі, каты. Мельнік наладзіў пір для ўсіх.

Мы з Фолем і пастухом Прахорам пайшлі ўночы на возера глядзець русалак. Мы прытаіліся недалёка ад высокага аіру. Свяціў яркі круглы месяц. Мёртвае возера было цяпер сумнае, непрытульнае, і я вельмі шкадаваў, што яно спушчана.

– Вунь русалка… – шапнуў мне на вуха Фоля.

Густы аір рухаўся, нешта шастала ў трысці.

– Русалка! – крыкнуў Прахор.

З аіру выскачыла з рыбай у зубах рудая лісіца.

– Ацю‑га! Ацю‑га, лісічка! – крычалі мы.

Лісічка ўцякла ў блізкі бярэзнік.

– Русалка ў лісічку перакінулася, – тлумачыў нам Прахор.

Іл быў такі тлусты, што ўсе вакольныя сяляне вазілі яго на поле замест гною. Мельнік быў рад: дармовая чыстка возера. А я ўсё прыходзіў сюды сумаваць па памёршым возеры. Але праз пару месяцаў яно зноў ажыло. І месяц, і зоркі, і неба любаваліся возерам, глядзелі ў яго, нібы ў люстэрка.

Дзед Юстын

Аж некалькі месяцаў быў я вольны ад «навук». Скончыўшы рыбалоўства, бегаў з пастушкамі па ваколіцы. Здружыўся са стагоднім пастухом Юстынам. Я глядзеў на яго, як на прафесара. Лысіна на ўсю галаву, з жаўтаватай імшыстай бародкай, увесь твар у дробненькіх зморшчынках, без зубоў, выцвілыя вочы, сам тонкі і роўны, як жэрдка. Ён насіў белую доўгую палатняную світку, якая нагадвала хітон афінян. Быў ён надзіва вясёлы – песні спяваў, падскакваў, жартаваў, смяяўся, гаварыў пагаворкамі ды яшчэ ў рыфму. Апрача таго, ён ведаў лекавыя травы ад розных хвароб. Па шолаху лістоў на дрэвах, па рыканню кароў, па колеру неба, па водгаласках на полі ён заўсёды трапляў, якая заўтра будзе пагода. А якія цудоўныя байкі ён апавядаў! У яго памяці было ўспамінаў і матэрыялаў народнай творчасці на некалькі тамоў. Ён быў жывым увасабленнем мудрасці, паэтычнасці і вопытнасці жыцця ўсяго народа, жывой энцыклапедыяй самых разнастайных ведаў.

Я ад яго атрымаў першыя лекцыі па гісторыі.

Ён апавядаў мне пра паход Напалеона ў 1812 годзе. Сам ён, маленькі тады хлапчук, выгнаў з хлява трох французаў, абадраных і галодных, што схаваліся ад казакаў. Дзед Юстын паказаў мне курган, дзе былі пахаваны некалькі дзесяткаў французскіх салдат.

Пра паншчыну стары пастух апавядаў мне цэлыя эпапеі. На яго спіне засталіся рубцы ад панскіх бізуноў… Нямала ён гаварыў пра польскае паўстанне 1863 года. Расказаў, што за вёскай Бладыкі закапаны некалькі дзесяткаў польскіх графаў і магнатаў. Гэту магілу я бачыў на некалькі год пазней. Ён мне апавядаў пра бітву Пятра I са шведамі ў нашай мясцовасці. І ён вадзіў мяне аж да «шведскага маста». Так у народзе і цяпер называюць два рады дубовых паль, што цягнуцца па балоце на цэлы кіламетр ад лесу да сплаўной рэчкі Слязанкі. Шведскія сапёры будавалі тут мост для пераходу войска.

– А чаму рэчка Слязанкай завецца, ведаеш? – пытаецца дзед Юстын і тут жа сам адказвае: – Бо паны тапілі тут прыгонных. Людскія слёзы тут бясконца ліліся… Праз гэту рэчку ўброд пераганялі з панскіх маёнткаў людзей, закаваных у кайданы. Паны аддавалі іх другім панам за сабак і коней ці выпраўлялі ў салдаты на дваццаць пяць год. Тут абяздоленыя людзі‑нявольнікі разлучаліся навекі са сваімі бацькамі або жонкамі і дзецьмі… Плакалі. Вось і Слязанка!

Я глытаю кожнае дзедава слова. Гэта не Біблія і не Талмуд, а зусім блізкае жыццё. Голас дзеда Юстына здаваўся мне голасам гаротнай зямлі.

Эх, ці надыдзе той час, калі наш брат зажыве, як чалавек?.. – запытаўся дзед і глыбока ўздыхнуў.

Юстын паглядзеў на вершаліны лесу. Заходняе сонца асвяціла яго твар. На момант Юстынавы вочы запаліліся юнацкімі аганькамі. Яго белая світка паружавела ад сонечных блікаў, паружавела бародка. Дзед Юстын здаваўся пранізаным полымем, велічным казачным уладаром лугоў і лясоў.

Не паспеў я ўдоваль налюбавацца агнёвым дзедам на захадзе сонца, як мне пачулася працяглае войканне не то чалавека, не то жывёлы:

– А‑а‑а‑ай…

Я ўстрывожана азірнуўся. З лесу бег у адной кашулі чалавек. Раскалмачаная галава без шапкі, рыжая барада да грудзей. Ён бег з усёй сілы ды крычаў немым голасам «А‑а‑а‑ай»…

– Не пужайся! Гэта шалёны… Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае.

І дзед Юстын расказаў пра гэтага Арцёма.

Доверь свою работу ✍️ кандидату наук!
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой



Поиск по сайту:







©2015-2020 mykonspekts.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.