Шчасце і няшчасце рэбэ Элі
Так. Я дадумаўся. Мне стала лёгка‑лёгка. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Я знайшоў месца для трох далараў. Я напісаў пісьмо і палажыў у кішэнь шамеса сінагогі – «рэбэ Элю з гусінымі лапкамі». Ён у той час падмятаў бярозавым венікам сінагогу.
Талмуд у галаву мне не лез. Я ўвесь час сачыў за Элем. Вось ён кончыў працу, накашляўся ад пылу, узнятага з падлогі, і пачаў церабіцца. На гэта ён быў вялікі майстар. На яго твары разлівалася незвычайная асалода. Адмарожанымі пальцамі ён церабіў галаву. Далонню старанна цёр патыліцу, бараду, пейсы. Прыхіляўся да вострага вугла стала і з натхненнем гэбляваў спіну. Касцістымі лакцямі шпарка і рытмічна перабіраў свае ўласныя рэбры, як музыкант струны балалайкі. Пры гэтым ён задумліва і радасна ўсміхаўся. Нібы нешта вельмі смачнае еў і прыслухоўваўся да смаку.
На гэты раз я з нецярплівасцю прагледзеў усю драматычную дзею яго цераблення. Церабіць локцямі бакі заўсёды было яго апошнім нумарам. Вось ён і цяпер пачаў локцямі наступаць на свае бакі, пачаў наступаць і пачуў небывалыя гукі. У яго кішэні зашастала папера. Ён здзіўлена сунуў руку ў кішэнь і выцягнуў адтуль белы канверт. Падышоў да акна, прачытаў адрас – яму! Ён з дзівам распячатаў канверт, выняў пісьмо і ўткнуўся ў яго носам:
«Мы з табою цёзкі. Ты – Эля шамес. Я – Ілья прарок. Я ўвесь час сачыў за тваім праведным жыццём, за пакутамі тваёй беднай сям'і. Ты – самы лепшы Эля з усіх Эляў на свеце. Я цяпер знаходжуся ў Амерыцы і прыглядаюся да людзей, якія носяць маё імя. Табе – найлепшаму Элю – шлю тры далары. Такую суму буду табе прысылаць кожны тыдзень на шабас. Гэтыя грошы знойдзеш у сінім канверце ў каўчэгу пад торамі. У кожную пятніцу пасля ранішняй малітвы знойдзеш на гэтым самым месцы такую ж суму».
Эля скомкаў пісьмо, палажыў у кішэнь і прамармытаў:
– Нейкі шалахвост з мяне жартуе. Каб яго паганае імя сцёрлася з памяці добрых людзей! Не трэба мне такіх пісем з святога каўчэга! Не пайду… Не пайду. Не пайду…
«Прыйдзецца забраць назад з каўчэга гэтыя тры далары, – падумаў я. – Эля ўпарты чалавек. Сказаў, што не пойдзе, дык не пойдзе. Забяру назад грошы». Я цяпер цвёрда рашыў забраць іх сабе, бо яны ж мне да зарэзу патрэбны.
Але ўжо было позна.
Цікавасць Элі ўзяла верх. Ён, крадучыся, каб ніхто не заўважыў, падышоў да каўчэга, дастаў адтуль сіні канверт. Пры гэтым замармытаў:
– Шалахвосты! І святы каўчэг не шануюць!
Ён з сумам паківаў галавой, зацмокаў губамі і падышоў да акна. Асцярожна распячатаў канверт і дастаў адтуль асігнацыю ў тры далары. Ён правяраў яе на свет доўгі час.
– З амерыканскімі даларамі Эля быў знаёмы. Яму не раз іх паказваў яго пляменнік, бацька якога жыў у Амерыцы і час ад часу прысылаў грошы.
Упэўніўшыся, што гэта сапраўдныя тры далары, Эля задрыжэў з ног да галавы. Схаваў за пазуху грошы і пачаў біць сябе кулакамі ў грудзі. Потым ён зашаптаў:
– Ілья‑прарок… Ілья‑прарок… Ілья‑прарок…
Збянтэжаны Эля ўсхліпнуў ад радаснага хвалявання, зноў падышоў да каўчэга, расчыніў дзверцы, усунуў туды галаву і доўга маліўся. У яго вачах свяцілася вялікае, як мора, шчасце. Нібы на крыллях, Эля паімчаўся з сінагогі. Крыллі, праўда, былі не арліныя, бо ён зваліўся ўніз з высокага каменнага ганка. Хутка падняўся і, трымаючыся абедзвюма рукамі за пазуху, пабег дамоў з усіх сіл. Людзі на яго аглядаліся. Ён не зварочваў увагі.
Назаўтра Эля прыйшоў у сінагогу ў новай шапцы. Сам ён, відаць, памыўся ў лазні. Валасы яго былі гладка расчосаныя, барада і пейсы ў парадку. Словам, зусім не ранейшы, а нованароджаны Эля… Аднак я на яго ілбе заўважыў хмарку незадаволенасці. Чалавек быў нечым пакрыўджаны.
Я здзівіўся. У чым справа?
Прычына яго незадаволення выявілася зараз жа. Эля падышоў да каўчэга, на гэты раз не зусім асцярожна. Ён быў узбуджаны. Расчыніў дзверцы і пачаў гаварыць гучным шэптам. Я асцярожна падышоў да каўчэга. Чуў слова ў слова:
– Дзякую, святы прарок, за тры далары! Але мая жонка сказала, што ты мог бы даць больш. У нас вялікая сям'я і вялікая нястача. Прашу цябе, святы прарок, павер маёй шчырасці і ахвяруй мне па трыццаць далараў на тыдзень. Ты ж такі добры. Я, святы прарок, ва ўсіх малітвах успамінаю цябе з пашанай і любоўю. Я ўпэўнены, што выканаеш маю маленькую просьбу. Не скупіся ў сваёй дабрачыннасці. Амінь! Амінь! Амінь!
Эля выйшаў з сінагогі, а я ўвайшоў у злосць.
Мала таго што я па дурноце сваёй выкінуў яму гэтыя тры далары, у яго яшчэ нахабнасць і прагнасць з'явілася. Ён яшчэ крыўдзіцца! Дай яму па трыццаць далараў на тыдзень. Захацеў адразу панам зрабіцца! Ды яшчэ верыць шчыра, што гэта раскашэліўся Ілья‑прарок. Ну, пачакай жа, рэб Эля! Я цябе ачалавечу! Пакажу табе, што Ілья‑прарок не такі цямця‑лямця, як я. Буду змагацца за гонар старадаўняга прарока…
На другі тыдзень я зноў палажыў у каўчэг пісьмо на адрас Элі. Ён быў надзвычайна акуратны. У назначаны час падышоў да каўчэга, нібы да сваёй уласнай шафы, і дастаў адтуль пісьмо. Ён адразу палажыў канверт за пазуху са словамі «дзякуй, дарагі прарок Ілья!» і шчаслівы і спакойны выйшаў з сінагогі, як банкір з банка.
Я, канешне, зразумеў, у чым справа. Эля быў упэўнены, што ў канверце ляжаць трыццаць далараў. Ён нават паважна выцер нос новай хустачкай, як гэта робіць самы багаты крамнік у мястэчку, рэб Носан.
Ой, хутка, рэбэ Эля, пераняў ты манеры багача! Ах, як грошы псуюць чалавека! Эля нават узгардзіўся. Калі раней ён быў з усімі ешыботнікамі за панібрата, дык у працягу аднаго тыдня ні з кім з нас ужо гаварыць не захацеў. Некаторыя з ешыботнікаў нават заўважалі:
– Эля пачаў глядзець на нас зверху ўніз…
І я рашыў:
«Я скалечыў Элю – я вылечу яго. Уся яго душа цяпер у маіх руках, як злоўлены верабей…»
І я таксама крыху ўзгардзіўся сваёй сілай над сінагагальным шамесам. Але тады я яшчэ не ўцяміў, што той самы кій, які біў Элю адным канцом, біў другім канцом і па маёй лабаціне. Я хадзіў па сінагозе галагуцкім пеўнем і ўжо радаваўся, што падкінуў Элю гэтыя тры далары. Затое цяпер вымуштрую чалавека. Такая справа даражэй за тысячу далараў. Магчыма, што гэтым я хацеў заглушыць смутак па страчаных трох даларах. Я добра не памятаю. У той час я назіраў толькі за іншымі, а не за самім сабой.
Дома Эля чытаў:
«Ты, Эля, зрабіўся адразу прагным на вялікія грошы. Гэта твой першы грэх. Ты, Эля, узгардзіўся. Гэта твой другі грэх. Вось за што я не выканаў свайго абяцання. Назначаю табе на цэлы тыдзень пост удзень і малітвы ўночы. Калі ўсё гэта будзе выканана не так сабе для віду, а шчыра, тады дам табе новую ўзнагароду. Так кажа прарок Ілья».
Увесь тыдзень пасля гэтага ліста Эля не выходзіў з сінагогі. Пасціўся ўдзень і маліўся ўночы. Апусціўся, высах. Кожны дзень прыходзіла ў сінагогу яго жонка і са слязамі ў вачах ўпрашвала яго:
– Хадзем, Эля, есці…
Эля моўчкі адпіхваў яе ад сябе локцем. Эля хадзіў увесь гэты тыдзень, як цень. Ешыботнікі глядзелі на яго і дзівіліся. Часта хто‑небудзь з іх да яго звяртаўся:
– Рэбэ Эля, што з вамі?
– Рэбэ Эля, вы нездаровы?
– Рэбэ Эля, вы вельмі схудалі.
Эля маўчаў, і на яго твары відаць былі вялікія пакуты і вялікія надзеі.
Роўна праз тыдзень Эля дастаў з каўчэга мой новы канверт. Дома ён чытаў вось што:
«Эля, ты вялікі дурань! Не вер у забабоны. Скажы „дзякуй“ за першыя тры далары і больш не чакай. Няма прарока Ільі і няма Бога. Усё гэта хлусня. Амінь! Калі‑небудзь я табе раскажу ўсё».
Эля некалькі тыдняў не прыходзіў у сінагогу. Ён захварэў на нервовую гарачку і доўгі час у сваім брэдзе нешта расказваў пра Ілью‑прарока. А як вярнуўся ў сінагогу, дык паглядаў на ўсіх недаверліва.
Тым часам я займаўся далей пісаннем лістоў у Амерыку. У хаце старой Бейлі я ажыў. Нада мною не вісеў вечны страх перад інспектарам рэбэ Шмар'я. Я мог чытаць на прыватнай кватэры хоць цэлымі начамі. Творы Пушкіна і Лермантава, Гогаля і Някрасава выцеснілі схаластычны Талмуд з яго мёртвай філасофіяй, з яго нуднымі разважаннямі аб дабры і зле, з яго дробнымі ўрыўкамі разнастайных старадаўніх навук, з прыстасоўваннем вавілонскага быту і мудрасці да ўмоў жыцця зусім іншай зямлі ды іншых людзей.
Я пачаў пісаць вершыкі на старажыдоўскай мове. Пісаў удзень у сінагозе, засланяючыся фаліянтамі Талмуда. Уночы я чытаў кнігі. Так цягнулася больш года.
Мірыям
Лісты ад нявест да жаніхоў у Амерыку і чытка лістоў ад жаніхоў з Амерыкі накіравалі мяне пісаць вершы на тэму кахання. Кожны дзень – новы верш. Пры стале ў хатцы, калі старая Бейля ўжо спала, я ўпісваў гэтыя вершыкі начыста ў прыгожую запісную кніжачку, якую купіў у краме. Кніжачку я назваў «Мірыям». Яна была ўся запоўнена гімнамі неіснуючай дзяўчынцы Мірыям. Дзяўчынка майго ўзросту, пятнаццаці год, жыла толькі ў маёй фантазіі. Часта Мірыям мяняла свой выгляд. То яна была з валасамі чорнымі, як ноч, то – залацістымі, як сонца. Вочы яе былі то спелымі вішнямі, то васількамі. Голас яё гучэў, як арфа. Смех – журчанне ручайка. Дыханне – шэпты кветак і каласоў пад ветрыкам. Яе песні – спевы салоўкі. Усе радасці і смуткі свайго сэрца я прысвячаў цудоўнай мары – Мірыям… Яна была добрая і мудрая. Яна засланяла ад маіх вачэй мудрацоў Талмуда.
Аднаго разу ў жнівеньскі дзень, калі праз каляровыя шклы ў сінагогу прабіваліся сонечныя праменні і ператварылі сінагогу ў фантастычнае падзямелле часоў старадаўняга Эгіпта, калі ажылі драўляныя львы і арлы на каўчэгу, я чытаў пад сумны спеў юных талмудыстаў гімны сваёй Мірыям. Кніжачка з вершамі ляжала ў мяне на тоўстым фаліянце. Я чытаў з захапленнем уголас:
– Мірыям… Мірыям…
Перад тваімі вачыма пятнаццаць разоў цвіла чаромха і зелянела рунь.
Я пацалую залацістую пасму тваіх валасоў і ад асалоды памру ля ног тваіх.
Не! Не памру. Дазволь мне жыць і піць асалоду з тваіх галубіных вачэй. Хачу гуляць з табою, як з роднай сястрой.
Мірыям… Мірыям…
Ты мне бліжэй за бацьку і матку. Ты мне даражэй за жыццё. Ты – маё неба. Ты – мая зямля. Ты – маё шчасце. Ты звіла навекі гняздо ў маім сэрцы.
Мірыям… Мірыям…
Над полем стаіць белы, як малако, туман. Ля рэчкі пасуцца цяляты. Пастушок грае на жалейцы, а я сяджу на каменні ды спяваю песню. І кожнае слова маёй песні – любоў да цябе. І кожнае слова маёй песні – хвала красе тваёй.
Мірыям… Мірыям…
Я забуду малітвы вечнаму небу.
Дазволь раніцой і ўвечары вымаўляць тваё песеннае імя… Я гляджу на зоркі і думаю, што гэта твае вочы. Я слухаю песні салоўкі і думаю, што гэта твой голас. Я гляджу на макаў цвет і думаю, што гэта твае губкі.
Мірыям… Мірыям…
Раптам нада мною замітусіўся цень. Я ўстрапянуўся.
Ля майго штэндара стаяў высокі, грозны, чорнабароды аскет – інспектар рэбэ Шмар'е…
Рукі і ногі ў мяне амярцвелі. Мне зрабілася холадна і горача.
Рэбэ Шмар'е ўзяў з маіх рук кніжачку пад назваю «Мірыям». Чытаць было лёгка, бо я для большай прыгажосці пісаў друкаванымі літарамі. Ён углыбіўся ў кніжку. Я, нібы загіпнатызаваны, глядзеў на яго і не мог крануцца з месца. Ён чытаў доўга. Навокал майго штэндара сабраўся ўвесь юны народ, усе мае таварышы.
Скончыўшы чытаць «Мірыям», рэбэ Шмар'е закусіў бараду, пранізаў мяне наскрозь двума вострымі кінжаламі чорных вачэй і загаварыў не да мяне, а да маіх таварышаў:
– Сыны Ізраіля… ірвіце на сабе вопратку. Абсыпайце галовы попелам у знак жалобы. Гэты пасадзецкі шэйгец здрадзіў жыдоўству. Напісаў кніжачку пад назваю «Мірыям». Ні разу імя Бога не ўспамінае ў кніжцы. Яго кніжка – сорам і спакуса. Яго кніжка – усхваленне мацеры нячысцікаў – Ліліт. Утапілася ў смале пякельніцы душа маладая… Яна прапала, прапала для святой торы, для бацькоў. Пагасла іскра з полымя Адэная…
Аскет рэб Шмар'е не біў мяне. У яго вачах стаялі слёзы – кракадзілавы слёзы.
Маю кніжачку спалілі на каменнай падлозе ў пярэднім пакоі сінагогі…
Рэб Шмар'е так напалохаў юных талмудыстаў, што яны ад мяне адступіліся.
– Ухадзі з гэтага святога мура, – сказаў рэб Шмар'е са строга ўзнятай рукой. – Ухадзі! Гаспадарам тваіх дзён я скажу, каб яны цябе больш не кармілі. Ухадзі з гэтага мястэчка, бо калі я цябе ўбачу на вуліцы, не мінаваць «малкес».
Я выйшаў з сінагогі ў апошні раз. Старой Бейлі сказаў, што выбіраюся пехатой у Пасадзец. Я ўзяў з сабой толькі кніжкі. Бейля дала мне на дарогу кавалак хлеба.
Бывайце назаўсёды, таноім і амайроім – прафесары і дактары Талмуда! Вашы старадаўнія рыцары, Гілель і Шамай, Попай і Гуна, памёрлі ў маім сэрцы. Нібы туман, растаялі пад сонцам жыцця паветраныя замкі Іерусаліма і Вавілона.
Адно імя ўвасабляе маю новую мару – Мірыям…
Хацеў пабачыць Элю, расказаць яму праўду аб трох даларах і папрасіць прабачэння, але не ўдалося сустрэцца з ім. Я рашыў напісаць яму аб гэтым пісьмо дома і пераслаць поштай.
Іду лясной дарогай. Пахне смалою, багуном і грыбамі. Спяваюць жаўранкі. Можа, гэта грае на лютні мая Мірыям? Здалёк плывуць да мяне гукі жніўных песень. Спявае некалькі жанчын. Палоняць мяне жыватворныя сілы зямлі – яе радасці і смуткі. Можа, гэта сумуе і радуецца Мірыям?
Навіны пасадзецкія мне вядомы. Памёрла мая бабуля. Памёрлі стагоднія дзяды Юстын і Мірон. Мае таварышы па хедэру памагаюць працаваць бацькам. Дзеці карчмара гандлююць. Пані Чапкоўская судзіцца з вёскай за луг. Мае таварышы‑пастушкі праходзяць свой парабкоўскі талмуд. Нудна паўзе жыццё. Стагоддзямі яно стаіць на месцы.
Іду дамоў і думаю: «Такая ў хаце цесната, што мне прыйдзецца спаць на падлозе».
Я набліжаюся да родных мясцін.
Як мяне сустрэне бацька? Ведаю. Ён запытаецца:
– Што з цябе будзе?
Пасля гэтага пакутліва на мяне зірне і паведаміць:
– У мяне ж і без цябе шэсць чалавек дзяцей. Было восем, дык пару бог забраў. З табою было б якраз дзевяць… Табе ўжо пятнаццаць год. Сам павінен разумець.
Ён змоўкне на хвіліну, зірне на мяне, як утапаючы на човен, і дадасць шэптам:
– Такія сыны, як ты, ужо дапамагаюць бацькам… Ведаеш. Я ж вечна гарую аб адным, каб хаця хлеб быў у хаце.
Так. Мае дзіцячыя гады скончыліся.
Трэба працаваць і вучыцца!
Гэта было ў 1902 годзе.
Салавей
Аннотация
Старонкі аповесці 3. Бядулі (1886–1941) «Салавей» вяртаюць нас у мінулае нашай бацькаўшчыны. Пісьменнік гістарычна праўдзіва намаляваў карціну жыцця сялянства ў тую змрочную пару – у час прыгону: звярыную жорсткасць паноў, іх пагарду да ўсяго беларускага – да імён, да мовы, да нацыянальнай культуры. Але ніякія катаванні не маглі заглушыць народныя таленты, прыгажосць душы народа. Пакуты герояў аповесці выкклікаюць боль, але яго перамагае пачуццё зачаравання іх чалавечнасцю, самаадданасцю і высакародствам.
Частка I
Спевы салаўя
Вясна.
Дазваляецца чытачу маляваць вясну па свайму густу.
Салоўка спявае.
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?
Яна сваімі спевамі давала натхненне (як даўней гаварылі) песнярам усіх краёў зямлі.
Пакаленне за пакаленнем ткала шматмільную плахту вякоў, а салоўка ўсё спяваў ды спяваў, дыктаваў вершы рамантычна настроеным юнакам. Істужкаю гэтых вершаў можна аплятаць галу зямлі, як гліняны гляк дротам. Калі не верыце – папрабуйце!
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?
Яна вясной атуляе музыкай наш бярэзнік, брызгае ў месячную павуціну гучным вадаспадам разнастайных трэляў.
Тады здаецца, што зоркі падаюць у хмызняк і звіняць срэбрам і шклом.
Тады здаецца, што салаўіная песня застывае на лузе кроплямі расы, дыяментамі радасных слёз.
Тады здаецца…
Кожнаму ўсё па‑свойму здаецца.
А месяц – чырвоны, чырвоны. Вясновую ноч крывавіць. А часам ён сіні або іншага колеру.
Бывае месяц выглядае, як серп, як падкова, напамінае жывёліну, выстаўляе рукі, як чалавек, на хвойку ўзлезе.
Гэта ўсё залежыць ад аўтара.
А вочы ў яе робяцца таемнымі, вабнымі, а твар – бледны.
Вечная, яна марыць аб вечным ім.
А ўсяму гэтаму вінават салоўка.
Ці варта чапаць гэту маленькую птушачку?
Мы і не думаем чапаць.
Наш сказ аб такім салоўцы, які спявае нават узімку.
Нядзельныя званы
Тры гады таму назад.
Летняя раніца. Сонца лезе гарэзліва ў акно. Не дае спаць. Тупат ног па тратуарах. Людскі гоман. Нядзеля.
На вуліцы рух.
Па кроках, па гутарках, якія чуваць праз ценкія драўляныя сцены маёй кватэры, пазнаю большасць маіх суседзяў і суседак з прадмесця.
Праходзяць каля майго акна дзве старыя дзевы: панна Вікторыя і панна Канстанцыя. Яны гутараць аб «пончках з кавай», якімі даўней карміліся. У галасах шасцідзесяцігадовых «панн» аддуваецца апетытнасць, імкненне да асалоды. Мне здаецца, што бачу іхнія шамкаючыся, слінявыя зморшчаныя губы і галодна‑жаласныя падслепаватыя вочы.
Цяпер яны абедаюць у сталоўцы нейкай дабрачыннасці і патрохі жабруюць па суседзях.
Панна Вікторыя – пані, у якой панна Канстанцыя служанкаю ўжо гадоў трыццаць.
Панна Вікторыя часам заходзіць да мяне па «бжонтак» (кіпяток). Лічыць мяне «пожондным» чалавекам і стараецца адшліфоўваць, каб я зрабіўся «гжэчным» (далікатным).
Першыя правілы «гжэчнасці» ўжо ведаю, я павінен ёй казаць не проста «дзень добры!», а «дзень добры, панна Вікторыя!». Тады яна робіць «кніксен» і ўсміхаецца як пятнастоўка.
Пасля такога «свецкага этыкета» панна Вікторыя хоча мне пачытаць французскі раман – у знак пашаны да маёй асобы. Я рознымі хітрыкамі кожны раз выкручваюся ад такіх сеансаў.
Часта яна мне робіць заўвагі, што першы кланяюся панне Канстанцыі (а не панна Канстанцыя мне) і служанцы таксама кажу: «дзень добры, панна Канстанцыя!»
– Так не выпадае, – іртуецца панна Вікторыя. – Першым чынам, нязручна пану (гэта значыць, мне) наймітцы (Канстанцыі) кланяцца і называць яе паннай.
Па‑другое – я, мабыць, не здолен успрымаць навукі добрага тону, бо не такога пахаджэння, як панна Вікторыя.
На гэта яна мне робіць тонкія намяканні, аднак удастойвае пашанай і кліча «до покою». Яна хоча паказаць свае дваранскія паперы з фамільным гербам.
Я кожны раз адмаўляюся, кажу, што веру ёй на слова. Яна гэтым вельмі незадаволена.
– Нех пан зобачэ, – не адстае яна.
Разнастайны стукат ног каля майго акна.
Ціхае шарканне яшчэ адной пары далікатных асоб – яшчэ дзве старыя панны, дзве сястры Браванжыцкія. Даюць прыватныя лекцыі французскае мовы.
Абедзве – высокія, ценкія, у чорных даўгіх польтах і чорных капялюшах. Яны падобны да старых ксяндзоў.
Абедзве закаханы ў маладога прыгожага ксяндза і гавораць цяпер аб ім з няменшым апетытам, чымся ранейшыя «панны» аб «пончках з кавай».
Такіх дэвотак праходзіць шмат каля маёй кватэры. З кантычкамі ў руках ідуць у касцёл, які знаходзіцца недалёка ад маёй кватэры, за могілкамі.
Звоняць званы.
Медзяныя гукі то жаласліва‑пакорліва, то пагрозна‑прызыўна клічуць у «божы дом».
Я пачынаю падбіраць біблійныя тэксты пад спеў званоў. Нічога не выходзіць. Даўгія радкі псальмаў ніяк не ўкладваюцца ў адсечаныя рытмы «глін‑глан, глін‑глан», што расплываюцца з‑пад званіцы. Куды лягчэй падбіраць пад гэтыя гукі смешныя дрындушкі. Якраз званы хуткім тэмпам пачынаюць вырабляць:
«Глі‑гла‑глі‑гла‑глі‑гла
Глі‑гла‑глі‑гла‑глі‑гла».
Зноў прыслухоўваюся да тупату на тратуары. Стараюся па характару крокаў пазнаваць людзей.
Шмат незнаёмых.
Па кроках я, аднак, пазнаю – мужчына ці жанчына, стары ці малады.
Дзеля ўпэўненасці падымаюся з ложка і гляджу ў акно праз вышыўку фіранкі. У большасці не памыляюся.
Тук‑тук‑дук! Тут‑тук‑дук!
Нібы не дзве, а тры нагі. Што за стварэнне з трыма нагамі?
Гэта ж мая кватэрная гаспадыня, у якой жыў у 1920 годзе.
Таксама набожная. Таксама маршыруе ў касцёл пад музыку званоў, бы ваяка пад стук барабана.
Ёй ужо больш за восемдзесят год. Яна набыла трэцюю нагу – моцны кій. Худы твар. Злыя, чырвоныя вочы. Нос да губ апусціўся. Сківіцы завостраныя, жоўтыя, як пергамін. Яна вельмі баіцца смерці – і мае ад гэтага адзін паратунак: вечна есць. Ад гэтага ў яе заўсёды надзьмуты жывот – тырчыць, як у цяжарнай. Заўсёды яе непакоіць нястраўнасць. З жыватом у яе частыя непаразуменні. Яна кволым басам скардзіцца:
– О, Езу… Езу…
Тып‑дрып! Тып‑дрып!..
Пазнаю вас, старыя ногі пана Міханевіча!
Вострая бародка сівым трыкутнікам наперад, нібы працярэблівае сабе дарогу ў паветра. Сінія вочкі з‑пад густых кустоў брывей пільна глядзяць удаль. Зірк‑зірк жвава ва ўсе бакі, як дзве мышкі.
Ды ён (пан Міханевіч) слаўны, стары паляўнічы.
Пан Міханевіч нешта апавядае незнаёмаму мне (незнаёмы тупат ног) аб сваім удачлівым паляванні.
Пан Міханевіч мае прывычку паўтараць канцы слоў:
– Дык я пайшоў‑шоў рана‑на, яшчэ‑чэ сам Бог спаў‑паў, з сваёй‑ёй дубальтоўкай‑кай, ажна‑на ў лёсе‑се цецерукоў‑коў! Я за імі‑мі цікаваць‑ваць, потым‑тым калі трахнуў‑нуў!
Далей не чую.
Нехта стукаецца ў дзверы.
Мой сябар В., загадчык савецкай гаспадаркі за дзесяць вёрст ад Менска.
Моцна лае за такое познае спаннё. Трэба зараз жа ехаць з ім у саўгас. Фурманка тут жа.
Прывесці да парадку свой «туалет» – справа пяцёх хвілін.
– Снедаць будзем там. Яечня, малако, сыр і…
Мой сябар робіць «зладзейскія» вочы.
Я заўважыў, што адна кішэня ў яго моцна адтапырана. Стуль тырчыць старчма нешта падобнае да галавы гусака, абверчанае газетай.
– Спецыяльна дзеля гэтага газету купіў! – апраўдваецца мой сябар, – а то ўбачаць. Не выпадае.
Каля вачэй у яго зайгралі таемна‑вясёлыя змаршчынкі.
Ільвіныя лапы
Мы паехалі.
Каламажка грукатала і тарахтала па бруку, як вясковая сакатуха.
Горад быў абліты сонцам.
Конь бег шпарка. Будынкі мітусіліся ў вачах.
Выехалі за горад.
Новыя думкі, новыя настроі плылі‑паўзлі да мяне ад вакольных пейзажаў, якія паволі чаргаваліся адзін за адным.
Кожны ўзгорак, кожная хвойка на мяне паглядала ветла і ўважліва. Над роўнымі шнурамі жытняга поля гойдаліся, віселі жаўранкі.
Дарога паволі соўвалася наперад. Сустракаліся конныя чырвонаармейцы. Бабы босыя, у святочных хустках, ішлі ў горад. Дзе‑нідзе на полі недалёка ад якогасьці хутара сядзелі хлопцы і дзяўчаты. Высіліся ўгару жураўлі студняў. Тылілікаў гармонік.
Ад моцнага паху лугу і поля ледзь кружылася галава. Пад сінім прасторам сонечна‑жаўранкавага неба я адчуваў сябе новым, іншым, чым у горадзе.
Мне здавалася, што ўся ўвага ваколіц звернута на мяне. Адвык ад вясковых палёў.
Праз усю дарогу мой сябар апавядаў аб жыцці рабочых у гаспадарцы, аб тым, як ён малочную справу добра нарыхтаваў і як наогул паставіў гаспадарку на ногі.
Толькі па інтанацыі яго голаса здагадваўся аб сэнсе слоў сябра і час ад часу мармытаў:
– Так, так. Добра, добра. Не, не.
Мы былі ўжо недалёка ад саўгаса.
Ехалі між ліпавых прысад.
Дрэвы высокія і густыя. Зверху, над дарогай, яны зрасліся ў адну лісцяную павець. Пад імі цень. Толькі дзе‑нідзе між кучаравых галін прабіваліся, як праз замочныя дзіркі, сонечныя круглячкі. Яны блішчэлі на жвіровым пяску новымі медзянымі пятакамі.
Забялеўся былы палац. Як на цэраманіял, выстраіўся вялізны сад. За ім – сталетні парк.
Мы саскочылі з каламажкі.
На зялёным, вялізным, як поле, дзядзінцы мяне сустрэў каля заросшай аірам сажалкі статак гусей. Гусак з ваяўнічым задорам кінуўся на мяне, выцягнуўшы, як дзіду, даўгую шыю з завостранай змяінай галавой.
– Ідзём снедаць! – сказаў мой сябар з заклапочаным відам.
Яго заклапочанасць павялічылася з таго моманту, як толькі мы тут апынуліся.
Усё заўважала яго гаспадарчае вока. То каровы пасуцца на пасеках, дзе ён думаў касіць. То скошаная трава не вынесена на ўзгорак з мокрай лагчыны. На мяжы нехта ссек елку.
Мы ўвайшлі ў палац. Паснедалі хутка. Пасля гэтага ён пазнаёміў мяне са старэнькім дзедам, які ўзяўся паказваць мне стары палац. Сябар мой пайшоў брысці па гаспадарцы з рабочымі, каб размеркаваць працу на заўтрашні дзень.
Дзеду было гадоў шэсцьдзесят пяць: белавусы, худы, з ружовай лысінай, з жоўтым пухам вакол, якраз дмухавец. Відаць, фізічнай працай мала займаўся. Нягледзячы на свае гады, ён быў стройны і рухавы. Рукі гладкія з ценкімі пальцамі. На ім старая вайсковая вопратка колеру хакі. На нагах – «хадакі» з старых ботаў.
Дзед служыў у гаспадарцы вартаўніком. Да рэвалюцыі быў лёкаем у пана Вашамірскага – ранейшага ўладара гэтага маёнтка. Дзед ведаў усе закуткі строгага белага мура. Ведаў усю сямейную хроніку пана Вашамірскага і шмат цікавых гісторый пра бацьку і дзеда пана яшчэ з часоў паншчыны.
З абурэннем дзед гаварыў, як увосень 1917 года руйнавалі панскі маёнтак, як вакольныя сяляне выбівалі шыбы ў вокнах, хто нагамі бразгаў па фартэп'яна, хто абрываў плюш з пакояў Кацярыны II (яна калісьці спынялася ў гэтым маёнтку), хто аблупліваў скуру фатэляў, і як падпальвалі будынкі на дварэ.
Я тлумачыў дзеду, што, безумоўна, сяляне ўчынілі гэта непрактычна, бо дабро засталося б тут для іх жа. Але пачуццё помсты і нянавісці да паноў за векавечныя здзекі над імі, сялянамі, узяло верх, і яны хацелі знішчыць дашчэнту ўсе панскія сляды.
Ад усяго палаца, хоць ён быў заселены рабочымі, веяла непрытулам. Не гарманавалі сасновыя сталы, даўгія лавы і простыя ложкі з вялізнымі высокімі пакоямі. Палац больш падыходзіў для школы, чымся для жылля. Тут улетку, нават у гарачыя дні, было холадна.
Дзед апавядаў мне аб кожным пакоі. Маляваў ранейшую абстаноўку, паказваў, дзе быў панскі габінет, спальня, салон, дзе жыла дачка пана Вашамірскага, маладая панна Ядвіга.
Я заўважыў на сцяне апошняга пакоя прыбітыя металёвыя планкі. На кожнай з іх быў выгравіраваны год па парадку ад 1898 да 1917 знізу ўверх.
Дзед тлумачыў, што кожны год на імяніны панны Ядвігі мералі яе рост. На памятку прыбівалі гэтыя мядзяныя дошчачкі.
Нарэшце дзед мяне завёў у флігель, які ўпіраецца сваім акругленым фасадам у вялізны парк.
Гэты пакой – пусты, авальнай формы – вышынёю ахоплівае два паверхі. Праз каляровыя шыбы, аплеценыя густой павуцінай, прабіваецца святло сонца, раскідвае на сцены фантастычныя плямы. Звышку, ля суфіта, тырчаць вялізныя галовы сатыраў у старагрэцкім стылі. На фізіяноміях застылі гуллівыя ўсмешкі. Вакол сатыраў – барэльефы з шматгаловымі змеямі. Суфіт аздоблены трохкутнікавымі арабескамі, а ў самым цэнтры – стылізаваны польскі арол.
Па сценах, паміж замыславатых арнаментаў, мітусяцца разнастайныя старасвецкія княжацкія гербы. Супроць высачэзных напаўкруглых дзвярэй, таксама з каляровым шклом, выступае невялічкая галёрка.
Ранейшага прызначэння гэтага пакоя дзед не мог мне вытлумачыць. Пры ім пакой быў заўсёды пусты. Загадчык, у якога я пасля аб гэтым пытаўся, таксама не ведаў.
Гаварылі, нібы калісьці тут была масонская ложа ці, можа, пан сюды склікаў падданых на гаспадарчыя гутаркі. Для тэатра пакой таксама не падыходзіў. А можа, гэта быў летні салон, а галёрка была для музыкаў?
– А ўночы праз разбітыя вокны сюды кажаны набіваюцца, пішчаць, як мышы, – казаў мне дзед з вінаватай усмешкай на губах.
Цяпер, удзень, ластаўкі тут кружацца, гарэзліва б'юцца крыллямі аб каляровыя шыбы. Вее рамантызмам у гусце Генрыха Гейнэ.
Я быў ахмелены паўзмрокам пакоя.
Дзед вывеў мяне на тэрасу, якая спускался ў парк.
Пад стагодняй ліпай ляжала галава каменнага льва. На дарожцы вакол вялізнага запушчанага кветніка, нібы косці шкілета, тырчэлі з пяску абломкі львіных вялізных лап: рэшткі панскай культуры. Яна, безумоўна, мела сваё хараство, але гадавалася на нявольніцкім карку мужыкоў.
Міжволі носіш у сэрцы такое пачуццё да гэтае культуры, якое мелі да яе тыя, хто з дзікімі ад злосці вачыма нішчылі панскія маёнткі сабе на ўрон…
З нейкай палёгкай на сэрцы я выйшаў з цяністага парка на пагорак – на санцапёк.
На мяжы каля жытняга поля журчэла вясёлая рэчка, пенілася па адшліфованых каменнях, і здавалася, што статкі маладых гусянят нырцуюць у вадзе між каменняў. У паветры стаяла млявасць сонечнага гарачага паўдня. Дрыжэў над зямлёй ледзь прыкметны залаты пылок. Ад бярозавага плота, аброслага губкамі, што стаяў вакол канюшыннага поля, аддавала прэласцю. Павольна чылікалі птушкі. Здалёк, пад лёгкім курадымам поўдня, драмаў бор. Як шэрыя, закарузлыя скрыніны, былі раскіданы дзе‑нідзе хутаркі. Усё гэта ў нядзельны дзень абамлела пад сонцам.
Людзей, што даюць ажыўленне пейзажу, было мала на полі.
Я разлёгся на траве.
У шаўку лугу і над ім кіпела жыццё.
Мітусіліся, рухаліся, дзынкалі, гудзелі розныя кузуркі, мухі, матылькі. Соўваліся па лістах блакітныя і зялёныя кволыя чарвячкі.
Гэтым усім істотам луг здаваўся, мабыць, вялізным лесам.
Дзед сядзеў побач і апавядаў мне розныя гісторыі з часоў паншчыны.
Галасы зямлі
Вельмі жвавы хлопчык быў Сымонка. Да ўсяго прыглядаўся, да ўсяго прыслухоўваўся.
Хлопчыка апанавалі колеры і гукі.
Усімі пачуццямі ўбіраў у сваю істоту вакольнае. Увесь свет быў, як у гняздзе, у яго сэрцы, для яго ж. Нават сам пан Вашамірскі, якому належалі ўсе вакольныя вёскі, той самы пан, што купіў яго, Сымонкі, бацьку за каня ў суседняга пана Весялоўскага, быў цікавым для хлопчыка. Ён наглядаў і за панам.
Што ж! і кузурка, што паўзе па лістку, мо думае, што свет створан спецыяльна для яе.
Школу жыцця Сымонка пачаў праходзіць маючы шэсць гадоў ад нараджэння. Спачатку пасвіў гусей на вялікім выгане, пасля – свіней; за гэтым давалі пад яго апеку авечак, потым – кароў, а ў канцы зрабіўся і баранавалокам.
Ён паволі і грунтоўна падымаўся ўгору па лесвіцы мужыцкай навукі.
Апрача гэтага, Сымонка меў яшчэ незвычайную здольнасць, якой навучыўся ў палях і лясах пана Вашамірскага: падрабляць гукі прыроды і жывых істот.
Гаўкаць па‑сабачаму, кукарэкаць, як певень, мяўкаць, як кот, мэкаць, як цялё, выць па‑воўчаму – было для яго самай звычайнай і простай штукай.
Ён да таго па‑мастацку мог брахаць, што перадаваў самыя замыславатыя тоны і пералівы голасу кожнага паасобку сабакі з псарні пана Вашамірскага.
Падрабляць голас і інтанацыю людзей было для яго самым простым жартам.
Ён мог губамі перадаваць дзынканне пчалы, гуд камара, шэпт лесу, скрып варот. Кракаў, як варона, кукаваў зязюляй, спяваў жаўранкам і заліваўся салаўём на розныя лады, на ўсялякія манеры.
У дадатак ён мог яшчэ падрабляць рухі і міміку.
Здаецца, як можна адной мімікай твару паказваць пеўня?
А Сымонка мог – скорчыць такую фізіяномію, зрабіць такія вочы, што кожны гаварыў:
– Певень, дый годае!
Скакаць, як заяц, як цялушка – гэта нават увагі не варта.
Вялікая кемнасць да ўсяго гэтага была ў Сымонкі. Ён сваім дзівацкім талентам сам захапляўся, углыбляў яго, развіваў, адшліфоўваў. Гэта не было ў яго толькі забавай дзіцячых гадоў – наадварот: практыкаваўся ў гэтым штукарстве з кожным годам усё больш і больш.
Цяжка вытлумачыць, чаму спадабалася яму якраз такое штукарства, а не, напрыклад, ігра на музычным інструменце або звычайныя спевы. Звычайнае яго не вабіла, мабыць, дзеля таго, шго гэта ён бачыў і чуў многа ў панскім дварэ.
Яму хацелася быць такім, якім свет (яго ваколіца) яшчэ нікога не бачыў.
Сымонка, яшчэ мілым хлопчыкам, любіў спевы салаўя. У вялізным панскім парку ў кожную вясну іх было многа.
Інакш, чым на іншых людзей, рабілі на яго ўражанне разнастайныя гукі лесу ўлетку, калі ён цягаўся туды са стадам.
Цяга да гукаў запанавала ім. Не так, як усе людзі, прыслухоўваўся да разнастайных пераліваў чалавечага голасу, да шораху пяску пад босай нагой, да скрыпу снегу, да выцця і свісту ветру, да шэптаў жыта на полі.
Вялізнае багацце гукаў, вечную іх іначасць ён знаходзіў усюды. Ён выкрыў, што ў тых мільёнах гукаў, якія чуе на кожным кроку, усюды, у любы час, няма сходных між сабою. Такое з'явішча яго вельмі дзівіла. Гукамі цэлы свет поўны не менш, чым мора – хвалямі, зямля – пяском, дрэвы – лісцем. Вялізны няведамы інструмент, які працягвае свае нябачаныя струны, нібы павуцінне, па ўсім свеце з канца ў канец.
Сымонка адчувае ў вакольным зусім не тое, што яго равеснікі. Часам сядзіць у полі на пні і пазірае ўдаль. Глядзіць і не бачыць, што зараніца палыхае ў нябесным бяскраі, пераліваецца ў розныя колеры. На кустах блішчыць шкляным шротам раса.
Ён прыслухоўваецца да галасоў зямлі – да яе тысячаструнных гусляў.
Дзіцячыя мары ахопліваюць яго:
– Эх, каб сабраць усе гэтыя гукі ў адно – у сваю жменю, і потым патрохі, кропелькамі, выпускаць іх адтуль. Аслабіў жменю: пачынаюць сыпацца розныя чалавечыя гутаркі. Раздаецца страшны плач‑стогн, як анэгды плакаў Рымарчук, калі на стайні яму ўсыпалі гарачых бізуноў па загаду пана Вашамірскага. Адпусціў крыху яшчэ адзін палец – хтосьці зарагатаў. Замахаў жменяй – лясныя птушкі спяваюць, жабы квакаюць. Кіўнуў рукой яшчэ раз – вецер вые, грымоты гагочуць, паласуюць неба маланкі.
А вакол усюды ціха‑ціха…
Усе галасы зямлі сціснуты ў кулаку Сымонкі.
Людзі анямелі, гаварыць не могуць. Жывёлы, птушкі – усе маўчаць. Не шумяць дрэвы. На зямлі пануе такая нямота, такая дрымотная ціша, што сполах бярэ. Панскі фурман махнуў у паветры даўжэзнай пугай. Яна самастрэлам заўсёды страляе, а на гэты раз анямела.
Захацеў пан Вашамірскі загадаць камусьці даць дваццаць бізуноў – голасу не мае…
Усе галасы зямлі захаваны ў кулаку Сымонкі.
Пры гэтым у выабражэнні Сымонкі паўстаюць, як жывыя, смешныя малюнкі: людзі, жывёлы перапалоханы, не разумеюць, што чыніцца вакол. Кожны паасобку думае – ці ён аглох, або свет увесь вымірае.
Сымонка бачыць перад сабою небывалыя, дзівацкія малюнкі.
Нацешыўшыся ў меру такім фокусам, ён, – фокуснік, што забраў у жменю ўсе гукі зямлі, – раптам расчыняе кулак, і галасы, песні, скрыпы, шумы, стогны, свісты, стрэлы, шолахі, звоны пачынаюць сыпацца ў свае ранейшыя месцы, як невідочны дождж. Для Сымонкі, можа, нават і відочны, бо ён адчувае рух і хваляванне паветра ад кожнага гуку і шуму; для яго, калі прайшоў гук які, – тое самае, што жывая істота, якую можна намацаць рукою. Вось як бы праходзіў чалавек ці жывёліна…
Патрохі ўсё зноў ажывае. Ніхто, апрача Сымонкі, нават і не прыкмеціў, як гэта сталася.
Сымонка ачуньвае ад сваіх сноў у яве. У яго толькі ёсць магчымасць падрабляць гукі, а не мець іх у сваёй уладарнасці. Але і гэта яго кемнасць дзівіць людзей.
Выйдзе ўночы. Ціш на дварэ. Раптам як закукарэкае, дык саб'е з панталыку ўсіх пеўняў. Яны пачынаюць за ім кукарэкаць не ў пару. Разам з імі збіваюцца з толку і мужыкі, і панскія чаляднікі. Певень паказвае людзям, калі на работу ўставаць.
Часам здумаецца яму завыць ваўком. Тады ўсе сабакі пачынаюць за ім цягнуць жудасную музыку. Па ўсіх вакольных вёсках людзі палохаюцца.
Чаляднікі паміж сабою пачынаюць часам шэптам праклінаць пана. Падкрадаецца, немаведама скуль, Сымонка і як загрыміць цюцелька ў цюцельку голасам пана Вашамірскага: «А бізуноў, лябедзіку, хочаш?»
Усе з перапугу пабялеюць, зуб аб зуб заляпае.
А здумаецца яму ні з таго ні з сяго ўзімку, у трыскучы мароз, заспяваць салаўём. Выйдзе на дзядзінец, як зацягне, пакуль хто з панскіх гайдукоў, па загаду цівуна, бізуном іх не разгоніць.
Так праходзілі дзіцячыя гады Сымонкі.
Поиск по сайту:
|