Мои Конспекты
Главная | Обратная связь

...

Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Пан цівун варон страляе





Помощь в ✍️ написании работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Гарачы летні поўдзень.

Жніво.

Больш паўсотні кабет, маладых і старых, жнуць панскае поле.

Мігацяць сярпы мядзянкамі‑змейкамі. Бялеюцца хусткі і спіны жнеек. Бабы і дзяўчаты гнуцца да самай глебы – тварам да зямлі, а спінамі да сонца.

На шырокім прасторы светла‑жоўтага жытняга поля чуваць шорханне.

Жых‑жах, жых‑жах, гутараць сярпы з цвёрдымі сцябламі.

Каласы нахіляюцца, пільна прыслухоўваюцца да глухога шуму. Туліцца‑ціснецца ў пяшчоце галоўка да галоўкі, а жняя душыць закарузлай, патрэсканай, мазалістай рукою, цэлае племя жытніх сцяблоў.

Каля жней шмыргаюць прыганятыя з бізунамі ў руках.

Конна гарцуе цівун між мэндлікаў па ржанні. Грозна крычыць:

– Прэндзэй, сабачая косць!

На вялізныя дваровыя драбіны мужыкі кладуць снапы. Трэба везці на панскае гумно.

У цівуна на плячах паляўнічая стрэльба. Ён здымае стрэльбу і пачынае цэліцца ў стада варон, што рассыпалася чорна‑шэрымі плямамі па зжатаму полю.

Цэліцца доўга. Смешна жмурыць левае вока, падымае ўверх брыво над правым…

Сяляне пачалі пазяхаць каля вазоў. Спынілі працу і давай у гультаяватай зморанасці глядзець, ці пападзе «пан цівун» у птушку.

Зацікавіліся і жнеі. Хоць прыганятыя, калі хто зазяваецца, падагравалі бізунамі, але на гэты раз і прыганятыя таксама сачылі за стральцом.

Гонар і пашана яму ад паднявольных людзей…

Паважна і пільна цэліцца цівун.

Зараз увесь прастор наскрозь прастрэліць.

Вакол ціха. Усе спынілі працу.

Павага, павага панскаму цівуну!

Адна старая сялянка не выцерпела – буркнула:

– Пану цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць…

Вырваліся знянацку ганьблівыя словы. Ніхто не цягнуў за язык.

Не паспела яна скончыць, як падскочыў прыганяты, як падняў над ёй бізун. Ён злосна прахрыпеў:

– Я табе пакажу, псякосць, як бурчэць!

Ляск бізуна па згорбленых плячах кабеты не чуваць быў, хоць пры ўдары прыганяты моцна са смакам крыкнуў: «гэ‑ээх!»

Свіст бізуна быў заглушаны стрэлам цівуна.

У адну і тую самую хвіліну трапілі.

Пакруціўся дымок. Запахла дымам.

Вароны з шумам, з лёскатам крылляў падняліся ўверх і паляцелі з трывожным карканнем у бок лесу.

– Паглядзі, лябедзіку!

Цівун паслаў мужыка паглядзець, ці папаў у птушку.

Той угодлівым крокам пабег, падскокваючы, як падстрэлены, па востраму ржышчу чорнымі босымі нагамі. Прынёс застрэленую варону, падаў пану цівуну і ўгодліва выціснуў з свайго нутра гукі, падобныя да смеху:

– Гэ‑гэ‑гэ‑э‑э!

У гэты самы час да цівуна падышоў прыганяты з даносам на старую кабету:

– Старая сука пана цівуна не паважае. Яна казала: «Цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць».

Не паспела сысці з твару цівуна ўсмешка задаволенасці ад удачнай страляніны, як твар наліўся крывёю, вочы заблішчэлі.

– Як?! во гэта падла старая будзе гаварыць? Я ёй пакажу! Палажыць ёй за пазуху мёртвую варону! Няхай трымае да самага вечара! Гэй, ты, галган, – звярнуўся ён да мужыка, – дай яму (цівун паказаў на прыганятага) варону!

Прыганяты ўзяў з рук мужыка варону і панёс з рогатам да старой бабы. За ім на кані пад'ехаў і цівун.

Старая кабета з лямантам‑выццём кінулася цівуну ў ногі. Яна крыжам распласталася на ржышчы чуць не пад самыя ногі каня і выла немым голасам. Ледзь можна было ў гэтых прыдушаных галошаннях пазнаць словы:

– Даруй, паночку… даруй, міленькі…

Строгі і грозны быў пан цівун.

Старую паставілі на ногі, расшпілілі ёй вопратку і палажылі паміж худых вісячых грудзей за зрэбную, цвёрдую, як бляха, кашулю – акрываўленую, забітую варону.

– Жаць, псякосць, ідзі! – крыкнуў пан цівун.

Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Мужыкі пры вазах пахмурнелі, сціснулі моцна, да скрыпу, зубы і давай накладваць снапы. Лаянкі і пракляцці хацелі зрывацца са смаглых губ, але нема маўчалі яны. Ад злосці толькі пляваліся людзі.

Пільней за іншых глядзелі за ўсім гэтым два чалавекі – малады Сымон і дачка пакрыўджанай старой, Зоська.

Сымон ірвануўся было ратаваць кабету, сціскваў кулакі, скрыгатаў зубамі і ледзь стрымліваў сябе.

У Зоські ў вачах заблішчэлі слёзы.

– Матанька… Маці… – шаптала яна і кусала губы да крыві.

Над шырокім полем раптам шугануў моцны вецер. Давай скубці хусткі на галовах у баб, давай трапаць чубы снапоў. Вецер прагульваўся невідочнымі нагамі па золату каласоў шырокага жытняга поля.

Пералівы жоўта‑зялёнага колеру мільгалі над жнівом.

Задрыжэў здалёку лес, завойкаў, закрахтаў. Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай бавоўны. Па небу распаўзліся хмары, накінулі на сонца ваўняную світку. Воблакі прыдушылі сонца. Дзень пахмурнеў ад злосці і згрызоты. Над абшарам навісла вялізная шэра‑сіняя каламуць.

Поле страціла залацісты бляск. Брудна‑шэры колер вісеў над людзьмі.

Дзесьці далёка за лесам глуха загрукаталі грымоты.

Нехта малаціў жалезнымі цапамі па жалезнаму таку.

Яшчэ больш пацямнела. Лес набух, як вялізная губка, наліўся сінім атрамантам. Птушкі паднялі крык.

Жнеям загадалі збіраць снапы ў мэндлікі. Рухава запрацавалі прыгоннікі. Панскае дабро можа сапсавацца. Наехала з двара яшчэ шмат фурманак.

Ледзь паспелі накласці поўныя вазы. Маланкі пачалі паласаваць неба. Чырвоныя вяроўкі раскручваліся па хмарах, сляпілі бляскам спалоханую ваколіцу.

Хтосьці лупцаваў неба агнёвымі бізунамі, хтосьці гікаў злосна па‑за хмарамі.

Нехта над лесам лаяўся на пакалечанай мове заік. Нехта глуханямы крычаў, выў, рагатаў і ржаў, як сто жарабцоў.

Вялікая грамада рушылася з поля ў бок двара.

Ліў дождж, падаў і цягнуўся вадзянымі даўжэзнымі пугамі. Людзі прамоклі да апошняй ніткі.

Ззаду ўсіх, не спяшаючыся, ішла ў затаёным роздуме з глыбокім страхам у выцвілых вачах старая кабета. Варона была за пазухай…

За ёю ішла, апусціўшы галаву, яе маладая дачка Зоська.

Ці ж старая не выканае загаду панскага цівуна? Ого, няхай толькі папрабуе!

Здавалася, што старая ніякай увагі не зварочвае на дождж, нават не адчувае яго… ступае босымі, чорнымі, патрэсканымі і паколатымі нагамі, трохі кульгаючы. Варона за мокрай кашуляй хлюпаецца аб голае цела. Дзюба і кабздзюры застрэленай птушкі час ад часу драпаюць, казлытаюць скуру.

Не заўважыла дажджу і яе дачка Зоська.

Сымон ішоў за апошнім возам снапоў. Ён заўважыў погляд старой, запрыкмеціў, што пад прамоклай наскрозь вопраткай у яе нешта за пазухай тырчыць. Ён адчуў вялікі смутак Зоські.

Нястрыманая злосць закіпела ў яго сэрцы.

Ён падскочыў да цівуна, які ехаў конна побач з вазамі.

Пад самыя вушы каню Сымон завыў па‑воўчаму.

Разляглося навокал сумнае выццё, працяглае, страшнае…

Конь спудзіўся, застрыгаў вушамі, захроп, панёсся і скінуў цівуна ў глыбокую канаву.

Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк.

6. Падарунак па‑панску

Пад вечар у той жа дзень Сымон сядзеў у Зоські ў хаце.

Застрэленая панам цівуном варона ляжала ў куце пад абразамі.

– Няхай Пан Бог бачыць, як паны і панскія прыслужнікі крыўдзяць бедных людзей, – сказала старая маці Зоські. – А калі не заступіцца, дык буду сабе шукаць іншага, мужыцкага бога. А гэтага (яна паказала рукой на абразы) панам пакіну!

Зморшчаная, нізенькая бабулька прагаварыла апошнія словы са злосцю.

– Я ўжо пану цівуну адплаціў за варону, – сказаў Сымон, і вочы яго весела заблішчэлі. – Вось вазьму ды зраблюся мужыцкім богам!

– Не грашы… – спалохалася старая. – Пакуль што мужыцкаму богу ад панскага дастанецца.

– За мяне, маці, няма чаго баяцца. Выкручуся з бяды. А пан цівун, пэўна, ногі выкруціў, як з каня зваліўся.

Старая засмяялася, усхапілася і сказала:

– А божачка, чаго я радуюся чужой бядзе?

– Такой бядзе грэх не радавацца, – заўважыў Сымон.

– Зарабіў ты, Сымонка, яечню за гэта!

Старая зараз жа пачала раскладаць агонь на прыпечку, каб спячы яечню.

На дварэ паўзлі змрокі. Яны наліваліся ценямі ў шызыя цэбры паветра. Праз маленькія шыбіны змрокі ўрываліся ў хату і запоўнілі яе цямрыстай ватай. Лезлі ва ўсе шчыліны.

Агоньчык на прыпечку палаў. Жоўтыя языкі спаміж дзвюх цаглін лізалі патэльню, на якой скварылася сала.

Сымон з Зосяй сядзелі моўчкі, прытуліліся адзін да аднаго на тапчане пры стале. У іх ужо было вырашана ў каляды прасіць у пана дазвол на вяселле.

А вось раптам уздрыгануліся.

Яны пачулі тупат ног, хлюпат па лужынах каля хаты. Хутка скрыпнулі дзверы, і, сагнуўшыся, каб галавой не ўдарыцца аб верхні касяк дзвярэй, увайшоў высокі малады хлопец.

Гэта быў Макар, адзін з панскіх гайдукоў.

– Добры вечар! – буркнуў ён у хату.

– Добры вечар! – адказала адна толькі старая заўпалым голасам.

Сымон пабляднеў.

– Ці не данюхаўся панскі гіцаль, што я тут. Мабыць, мяне шукаюць, – падумаў ён. – А можа, так прыйшоў – да Зосі?

Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Усялякімі спосабамі стараўся ён задобрыць яе. Але, нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, Зоська ненавідзела яго, як і ўсе сяляне, за тое, што быў мужыцкім вырадкам, здзекаваўся над імі, дзе толькі мог.

Яго ўсе называлі «панскім гіцлем».

– Што ж і сесці мяне не просіце? – сказаў Макар кплівым голасам. – Тады сам сяду.

Сеў за стол грузна, цяжка і роблена па‑старыкоўску «эхнуў».

«Пэўна па маю душу прыйшоў», – думаў Сымон і пачаў прыслухоўвацца, ці не чуваць каля хаты крокаў каго‑небудзь яшчэ. Адзін Макар не пусціцца за ім.

Сымон адсунуўся ад Зоські і давай пільней прыслухоўвацца.

За сцяной хаты на гародзе як бы хтосьці ходзіць…

– Што так вушы вострыш, Сымон? – запытаўся Макар.

– А гэта не павінна цікавіць панскага саб… – не закончыў Сымон.

– Чаму не павінна? павінна! – цвёрдым голасам сказаў Макар і заскрыгатаў зубамі ад злосці. – Ты не думай, хамула, што вырвешся з маіх рук. Хата абкружана. Цівун па тваёй ласцы выкруціў нагу, як упаў з каня. Пан гэта табе не даруе.

Сымон маўчаў. Зоська і матка яе таксама як бы анямелі.

Яечня была гатова.

Старая запаліла лучыну і палажыла белы абрус на стол. Тую вячэру, якую яна рыхтавала для Сымона, падсунула Макару.

– Еш, паночку! – сказала яна ціхім голасам, і зморшчаны твар яе зрабіў лагодную ўсмешку.

Сымон не пакрыўдзіўся на старую, бо добра зразумеў яе бабскія хітрыкі.

– Еш, паночку! – паўтарыла яна другі раз яшчэ болей лагодна.

– Ды я не галодны! – аднекваўся Макар.

– Не павінен ты ганьбаваць маім хлебам‑соллю, саколік, калі хочаш мець за жонку маю Зоську… – не адступала старая.

Сымон уздрыгануўся:

«Мо старая гэта шчыра гаворыць…»

Макар спадлобку зірнуў на Зоську і прыняўся за яду.

Зоська яшчэ далей адсунулася ад Сымона і ціхенька зацягнула песню:

Дайце вы мне вольку –

Я ў зязюльках апынуся;

Дайце вы мне крылкі –

Я да пташак прылучуся…

У Сымона зрабілася цяжка на душы. Яго мала непакоіла тое, што за сцяной панскія гайдукі.

– Чорт іх няньчыў гэтых баб. Што гэта ў іх – ці хітрыкі? Можа, сапраўды павярнулі ў бок панскага сабакі, паквапіліся на лепшае жыццё…

Зоська зрабіла ласкавае вока да Макара. Ён не здымаў з яе вачэй. Трымаў лыжку ў руцэ так моцна, як бы рыхтаваўся стрэльнуць лыжкай у сквараду з яечняй.

– Ды еш жа, каток! – не адставала старая.

У яе голасе звінелі ноткі любасці, крэўнасці, шчырасці…

«Старая ведзьма», – падумаў Сымон.

Макар прыняўся шчыра за яду. Чаўкаў гучна, як жывёліна. Сківіцы яго хадыром хадзілі.

Старая завіхалася каля яго, круцілася ўюном, спрытна паказваючы заскарузлым пальцам на смачнейшыя кавалкі сала ў скварадзе.

Сымон кожны раз, як толькі Макар браўся за новы кавалак яды, думаў: «Давіся! панскі гіцаль, давіся!»

Апетыт у Макара рос. Ён увесь аддаўся ядзе. Аднак спадлобу кідаў погляды на Сымона і Зоську. Яна стаяла пры лучыне, папраўляла яе, мармычучы сабе пад нос:

Дайце вы мне вольку…

Дым ад лучыны еў вочы, запаўняў хату лёгкім туманам. На сценах мітусіліся людскія цені; яны ківаліся, вялізныя, нехлямяжыя, як малпы.

– Давіся, давіся, – хацеў крычаць Сынон.

Макар еў самым спакойным чынам… Спацеў, расчырванеўся. Раптам звярнуўся да Сымона.

– Ведаеш што, Сымон. Выйдзеш сухім на гэты раз, калі я захачу. Уцячэш. Толькі… толькі вось што.

Усе трое напружана наставілі вушы.

– Ты раз назаўсёды павінен адмовіцца ад Зоські. Сюды не хадзіць…

Сымон крыва ўсміхнуўся. Падышоў да Макара. Палажыў яму руку на плячо. Моцна палажыў, як жалезную булаву. Ляск пачуўся. У Макара вочы крывёй наліліся.

– Ведаеш што, Макар, – сказаў Сымон, – ад Зоські адмовіцца павінен ты, панскі гіцаль.

Голас яго быў да таго падобен да голасу панскага гайдука, што здаваўся водгаласкам Макара. У дадатак Сымон плюнуў Макару ў самыя вочы і кінуўся да дзвярэй.

– Лавіце яго! Трымайце Сымона! – не сваім голасам крычаў Макар. Ён нават забыўся выцерці твар.

Каля дзвярэй крычалі людзі, барокаліся з Сымонам.

Старая і Зоська анямелі ад страху.

Макар выцер заплёваны твар, па‑заліхвацку ўзяўся ў бокі і звярнуўся да Зоські:

– Калі вяселле будзем гуляць?

– Вон адгэтуль, панскі сабака! – крыкнула дзяўчына звычайным голасам і тупнула босай нагой аб гліняную падлогу.

– Вон адгэтуль, панскі сабака! – сказала яе маці злосным голасам, схапіла застрэленую варону і кінула яму ў твар.

– Вось табе падарунак па‑панску!

Умею быць панам

Пан Вашамірскі сам за гаспадаркай мала глядзеў. Ён толькі год таму назад вярнуўся з заграніцы, дзе праходзіў адвакацкую навуку. Маёнткамі яго кіравалі аканомы. Ён больш за ўсё цікавіўся сваёй новай справай – тэатрам.

Гэта мастацтва ён да вар'яцтва палюбіў яшчэ ў Парыжы, калі закахаўся ў адну прыгожую францужанку‑акторку.

Як вярнуўся на бацькаўшчыну, у родны маёнтак, пан Вашамірскі задумаў наладзіць свой уласны тэатр. Выпісаў з Парыжа рэжысёра, балетмайстра. Аркестр з васьмі чалавек прыгонных з капельмайстрам ён адкупіў у суседняга пана Ваяводскага за дзве тройкі стаеннікаў і за дзесятак лепшых сабак з славутай псарні нябожчыка бацькі. Падабраў са сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат і адчыніў студыю.

Пан вечна знаходзіўся ў студыі, бо прыходзілася яму быць тлумачом паміж французамі і студыйцамі. Хаця французы трохі ведалі па‑польску, але згаварыцца з студыйцамі, якія зналі добра толькі «па‑хлопску», ім было цяжка.

Сёння пана Вашамірскага адарвалі ад улюбёнай працы ў студыі. Цівун нагу зламаў якраз у самы гарачы час працы на полі. Аканом падняў такі шум, што пан адлажыў студыю і ўзяўся за «гаспадарчую справу» – пакараць вінавайцу Сымона. Пан яшчэ ўдзень паслаў ганцоў ва ўсю ваколіцу шукаць яго.

Цяпер абдумваў вельмі важную справу: «Як пакараць „хама“?»

У канцы вырашыў: «Усыпаць добрых бізуноў і аддаць у салдаты!»

Пасля гэтага думкі яго зноў пакіраваліся, нібы хмары ветрам, у другі бок – да тэатра.

Ён толькі сёння заўважыў нешта вельмі цікавае, – знайшоў, можна сказаць, скарб. Сярод балерын прыкмеціў адну, што калі б яе апрануць на французскі лад, дык мо цікавей была б за французскіх паненак, за якімі ён там, у Парыжы, заляцаўся.

«І трэба ж ведаць: у гэтых хамаў‑„беларусінаў“ красуюць такія кветкі, як Марылька. Правільнымі рысамі твару і лініямі цела яна не горшая за грэцкую статую Венеры. Дарэмна ўсе народы лічаць Венеру за найвялікшы ідэал жаночага хараства. Нават сярод хамак ёсць харашэйшыя».

Свечкі ў масіўных бронзавых кандэлябрах адкідвалі бледнае святло. Твар пана быў матава‑бледны. Чорныя вочы блішчэлі квола, як бы пад лёгкай павалокай туману. Ён неспакойна хрустаў тонкімі пальцамі. Усмешка азарыла твар.

Сёння ўшчыпнуў яе…

«Трохі вульгарна, але ж яна не парыжанка – мая ўласная халопка. Хто з імі лічыцца! Ды гэта ж быдла, а не людзі», – прыпомніў ён словы сваёй маці, якая цяпер жыве ў другім маёнтку.

Ён прыпомніў, як аднаго разу, калі яшчэ быў малым хлапцом, ехаў улетку з маткай у госці. З імі былі лёкай і фурман. Пасярод дарогі, дзе лесу не было, яго матка злезла з фаэтона па сваіх патрэбах. Яму, Адасю, яна сказала адвярнуцца, а фурмана і лёкая зусім не засаромілася, як не саромілася сваіх коней…

«На тое ж быдла!»

Потым, як вырас, маці параіла яму «дзеля здароўя» мець зносіны з дзяўчатамі гэтага «быдла». Лепш, чым з парыжанкамі, ад якіх можна набыць паганую французскую хваробу.

Хвараблівыя ўздрыгі прамільгалі па яго твару.

Ён успомніў, што ў студыі застаўся драматург – ксёндз Марцэвіч, настаўнік рыторыкі слуцкай гімназіі, якога спецыяльна выпісаў для свайго тэатра.

Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі!

Ксёндз занадта многа піша на рэлігійныя матывы. Вальнадумцу пану прыелася. Трэба нешта даць свецкае і вясёлае: на парыжскую манеру, каб можна было пасмяяцца шчырым здаровым смехам!

Ксёндз тлумачыў, што ён, духоўнік, таксама вальнадумец, але люду патрэбна рэлігія, як цуглі гарачаму каню.

З гэтым пан Вашамірскі згадзіўся, але цяпер гэты самы ксёндз псуе яму нервы; ласым вокам на ўсіх балерын паглядае.

Пану жыва ўявілася агідная фігура езуіта.

Высокі, трохі сутулы. Светла‑шэрыя, хітрыя вочы яго пастаянна ўсміхаюцца. Заўсёды вочы як бы кпяць з цябе, пранізваюць наскрозь. З табою ён ва ўсім згодзен, але відаць, што ні з чым не згаджаецца. А ў выпадку патрэбы, калі толькі ён можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе або нож у бок суне.

«Езу‑Марыя» з вуснаў ксяндза не сыходзіць.

«Небяспечны чалавек, – падумаў пан, – прывязаўся да маіх дзяўчат і да маіх грошай. Ніяк цяпер не адвяжашся ад гэтага д'ябла ў чорнай сутане».

Раптам пачуўся лёгкі стук у дзверы.

– Хто там? – крыкнуў пан.

– Яснавяльможны пане! – адклікнуўся ўслужлівы голас. – Прывялі хлопа.

Пан выйшаў у пярэдні пакой.

Перад ім стаялі тры ўспацелыя гайдукі, яны трымалі Сымона з звязанымі вяроўкамі рукамі за плечы.

Сымон быў без шапкі са скалмачанымі валасамі, у падранай вопратцы, з акрываўленым, апухлым тварам. Дзіка таропіў вочы ў пана, як зацкаваны звер.

Не лепш выглядалі і панскія гайдукі.

Нялёгка ўдалося ім злавіць і прывесці сюды Сымона.

Ад ранейшай панскай вальнадумнасці і кволасці і сляда не засталося. Вочы наліліся вялікім гневам, падбародак завастрыўся, высунуўся наперад.

– Ну? – казаў пан.

Сымон маўчаў.

– Цо? – крыкнуў пан.

Сымон не варухнуўся.

– Закатаваць галгана да паўсмерці і адправіць у салдаты!

Губы ў пана Вашамірскага дрыжэлі.

Сымон пабляднеў. Яго постаць яшчэ больш выпрасталася ад захаванага гневу.

– Слухаю, яснавяльможны пане! – сказаў аканом.

Пан павярнуў было да дзвярэй пакоя, а гайдукі штурхнулі Сымона, каб вывесці на двор, але раптам пан крута адвярнуўся назад, як бы нешта ўспомніў.

– Пачакайце, пачакайце! – сказаў ён змененым тонам.

– Ану, хаме, – звярнуўся пан яшчэ больш мяккім голасам, – пакажы, як ты спудзіў каня цівуна?

Сымон здзіўлена зірнуў на пана. Ён не ведаў, – ці пан жартуе, ці ўсур'ёз гэтым зацікавіўся.

– Прэндзай, прэндзай!

Пан быў вельмі зацікаўлены.

Нягледзячы на тое, што чакала Сымона на панскай стайні, – у яго сэрцы загаварыў артыст.

– Няхай яснавельможны пан загадае развязаць мне рукі, а то не магу, – папрасіў ён.

– Развязаць! – загадаў пан.

Сымону развязалі рукі.

Ён выпрастаўся, прыставіў далоні да губ, схіліўся напалову і пачаў.

Выццё ішло ціхае, ціхае, як бы з далёкага лесу.

Потым яно расло – жудаснае, сумнае, запоўніла лямантам увесь вялікі пакой, перакідвалася самотнымі зыкамі ад акна да акна, кацілася дрыжыкамі па шыбінах. Здавалася, не адзін воўк вые, а іх тут цэлая гання галодных, худых звяроў. Выццё пераліваецца на розныя лады. Па скуры драпаюць нейчыя вострыя кіпцюры. Драпежніцкая звярыная смага студзіць кроў.

Пан зажмурыў вочы ад нейкай дзікай прыемнасці.

Абразок дзіцячых гадоў ажыў‑уваскрос перад ім:

Вечар марозлівы, калядны. На сіняваты снег падае водсвет месяца. На гурбах абапал дарогі мігацяць іскры. Ён – малы яшчэ хлопчык. Едзе з нябожчыкам бацькам да маёнтка. Тройка мчыцца. Бразгулькі звіняць. Па небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Раптам коні пачалі храпці, стрыгчы вушамі – здалёк, з лясной далі, якая вызначалася ярка‑сіняватай палоскаю на снежнай паляне, пачулася выццё ваўкоў… Яму, маленькаму хлопчыку, зрабілася так страшна, што зуб аб зуб заляпаў. Бацька меў стрэльбу пры сабе. Выстраліў у бок лесу, у выццё, у сіне‑снежную ноч…

Коні шыбка паімчалі. Снег закурэў вакол і белым пухам пыліў у вочы. Здавалася тады яму, маленькаму хлопчыку, што ў паветры носіцца.

Сьшон скончыў выццё і выпрастаўся.

Пан Вашамірскі ачнуўся, спрыяюча зірнуў на Сымона.

– Лоўка! А што яшчэ ўмееш?

– Усё ўмею, яснавяльможны пане…

– Ён умее свістаць салаўём, гэты блазан, яснавяльможны пане! – дадаў аканом.

– Папрабуй!

Сымон засвістаў…

Пяшчотныя, зычныя трэлі салаўя запоўнілі пакой. Пан разявіў рот і глытаў гэтыя трэлі, як пітво.

Спачатку гукі былі рэдкія, нясмелыя, потым пачалі гусцець, перасыпаліся срэбрам, журчэлі непрытомна, горача, ажна кроў зайграла ў пана.

Ён успомніў адну вясну… Яму было ўсяго шаснаццаць гадоў. Ён любіў. На балі ў іх маёнтку была яна, панна Ядзя. Падобна да Джаконды на малюнку Леанарда да Вінчы.

Спяваў тады салоўка. Густы парк. Белая, як анёл, панна Ядзя мігацела між дрэвамі, па роснай пахучай траве. Ён у жарт гнаўся за ёю. Яна ўцякала. Потым…

Сымон змоўк.

– Брава, брава! – запляскаў пан у далоні, як у парыжскім тэатры – біс!

Слова «біс» ні для каго не было зразумелым.

– А як жа, яснавяльможны пане, акурат бес! – уставіў слова аканом.

– Маўчы, галган! – крыкнуў пан.

– Ану, што яшчэ ўмееш? – пытаўся пан з захапленнем ды ласкай у вачах.

– Усё ўмею, яснавяльможны пане, – спакойна адказаў Сымон. – Умею быць панам.

– Ён вельмі лоўка падрабляе галасы, яснавяльможны пане, – замармытаў аканом, – акурат бес!

– Ану, падрабі мой голас! – казаў пан з усмешкай. – Пакажы, як ты ўмееш быць панам!

Сымон скоса зірнуў на свайго заядлага ворага гайдука Макара, крыкнуў панскім голасам, зрабіў панскі гэст і паказаў на Макара:

– Усыпаць таму галгану дваццаць бізуноў, але гарачых, каб аж іскры ляцелі!

– Го‑го‑го! – зарагатаў пан. – Го‑го‑го! – і браўся за бокі.

Рогат – нервовы, істэрычны трос яго, да слёз мучыў.

– Го‑го‑го! – сыпаў ён шчырым смехам ва ўсе бакі.

– Го‑го‑го! – паўтаралі за ім услужлівы аканом і гайдукі.

Толькі Макару было не да смеху. Ён маўчаў як вады ў рот набраўшы.

– Пане аканоме, – урачыста сказаў пан Вашамірскі, – зараз жа няхай Сымон памыецца, выдаць яму вопратку і адправіць у студыю! А тэму галгану (пан паказаў рукой на Макара) усыпаць дваццаць бізуноў.

– Слухаюся, яснавяльможны пане, – сказаў аканом і нізка пакланіўся.

Доверь свою работу ✍️ кандидату наук!
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой



Поиск по сайту:







©2015-2020 mykonspekts.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.