Мои Конспекты
Главная | Обратная связь

...

Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Каты і пані Вашамірская





Помощь в ✍️ написании работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Старая пані Вашамірская, маці маладога паніча, ужо некалькі год жыве асобна ў другім маёнтку нябожчыка мужа. Яна вельмі добрая – і не хоча сыну перашкаджаць. Таксама яна не хоча, каб сын перашкаджаў і ёй. Яна да таго добрая, што надзівіцца не можа сваёй дабраце і дабрачыннасці. Шмат суседніх паняў і паноў ёй аб гэтым гавораць.

Але ці людзі разумеюць яе так, як яна сама сябе разумее? Ці людзі могуць ацаніць усю яе дабрату, яе бязмерна чулае, кволае сэрца?

Не! Ніхто, толькі яна сама сябе можа ацаніць. Яна і Пан Буг! Для сябе пані жыць не хоча і не можа – жыве для іншых. Аднак дзеля таго, што людзі яе не разумеюць і, наогул, людзі – стварэнні грэшныя, недастойныя яе ўвагі і дабраты, яна ўсе свае клопаты аддае не ім. Яна вельмі любіць катоў. Калісьці, пры мужу, яна любіла сабак. Але людзі памыляюцца – памылілася тады і яна. Цяпер пані выправіла сваю памылку – замяніла сабак на катоў. Бог накіраваў яе на святы шлях.

Котка – прыгожае, лагоднае і далікатнае стварэнне. Котка больш шляхотная за сабаку.

З вялікім захапленнем старая пані Вашамірская палюбіла катоў.

Каля сваёй спальні яна мае два пакоі для катоў. У адным пакоі – здаровыя, у другім хворыя. Пры катах ёсць лекар, кухарка і некалькі нянек. Кожная котка мае аксамітную падушачку, коўдрачку, пасцель і наогул поўны гардэроб. Пад наглядам пані варыцца для іх ежа. Яна сама назначае дыету для хворых, ведаючы густ і капрызы кожнай паасобку. Сама купае іх, мые дарагім мылам і абрызгвае замежнай парфумай. Сама ўбірае катоў у стужкі, трымае іх на каленях і каля хворых часам сядзіць цэлымі начамі. Аднаго разу, як здохла такая котка, дык пані выклікала ксяндза (пані ўпэўнена, што каты – каталіцкай веры), наладзіла пышнае пахаванне ў садзе і цэлы месяц хадзіла ў жалобе.

Яна памізарнела за гэты час, пасівела. Лекару ўсыпалі тады бізуноў за тое, што недагледзеў, а нянька засталася без касы – пані загадала адрэзаць. Пані – строгая і добрая – нікому не дасць пакрыўдзіць сваіх котак.

Пані мае затое і вялікую ўцеху.

Каты таксама яе любяць. Спяць з ёю, ходзяць за ёю стадам, лезуць ёй на калені, калі па імені пакліча. Яны не такія няўдзячныя, як людзі. І пані Вашамірская мае ад іх заслужоную духоўную ўзнагароду.

Яна любіць катоў не толькі свайго пансіёна. Часам гатова палашчыць і мужыцкага ката. Яна яшчэ больш шкадуе такога: далікатная, шляхотная істота, а ў хамулы‑мужыка мышэй ловіць, прыгон адбывае. Пані нават думае забараніць сваім прыгонным трымаць катоў.

Яе захапленне катамі пераходзіць усякія межы, ды іначай быць не можа, іначай пані была б недастойна іх. Яна да таго глыбока пранікнута кашачай псіхікай, іхнімі пачуццямі, што адчувае вялікую натхнёнасць у часы кашачых канцэртаў на даху вясной. Грубыя людзі не разумеюць хараства іхняга мяўкання, вушы свае недастойныя затыкаюць. А пані ўсім імпэтам далікатнай чулай душы ўпіваецца ў гэту музыку. Наслухаўшыся да хмельнай асалоды кашачай сімфоніі, пані Вашамірская ўспамінае сваю моладасць, сваё каханне… Успаміны паўстаюць перад ёю жывой плоймай рухавых катоў. Аглядае сябе – яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая.

Вочы пані Вашамірскай свежым сокам моладасці наліваюцца. Кволым салодкім голасам яна крычыць:

– Янэк!

Малады, прыгожы, выфранчаны Янэк, лёкай пані, нячутнымі крокамі з'яўляецца перад ёю. Нібы з‑пад зямлі вырастае.

– Што, яснавяльможная пані?

– Пойдзем да маёй усыпальні. Пяткі мне пацярэбіш.

Пані аднаго разу зацікавілася Салаўём свайго сына, маладога Адася. Надта ўжо яго хваляць. Ці ж нейкі Салавей сапраўды цікавейшы за яе катоў?

Адась абяцаў прывезці Салаўя.

Сягоння яна іх чакае: Адася, Салаўя і ксяндза Марцэвіча, які кожны месяц прыязджае сюды спавядаць паню.

За месяц у старой пані Вашамірскай набіраецца цэлы жмут грахоў. Кожны месяц пані аддае грахі свае ксяндзу. Яна не задумваецца над тым, куды ён іх дзяе. На тое ён духоўнік. Мо ён Папе Рымскаму ў канверце адсылае, мо самому Пану Богу ў рукі аддае – не яе справа. Яна ведае толькі адно – ксёндз дае ёй кожны раз вызваленне ад грахоў, і душа пані застаецца чыстай, як у младзенца. Пасля споведзі яна адчувае лёгкасць бязгрэшнай душы. Каб у яе былі крыллі, дык, як анёл, у неба залунала б…

У працягу месяца набіраюцца новыя грахі. Ходзячы каля замілаваных котак, не хочучы грэшыш: то аднаму кату на хвост наступіш, то скінеш з кален другога, то крыкнеш на трэцяга, то мала няньку пакараеш за тое, што малога коціка перакарміла. Ды ці мала грахоў бывае ў чалавека пры такіх цяжкіх абавязках? Чалавек жа толькі чалавек, хоць і вышэйшай панскай пароды…

Пані прыслухоўваецца да самага ледзь прыкметнага шолаху на дварэ – ці не едуць?

Яна ўздрыгвае ад кожнага скрыпу дзвярэй, ад кожнага тупату на дзядзінцы. Нарэшце пачула суматоху. Прыбегла пакаёўка і паведаміла, што малады паніч прыехаў з ксяндзом ды яшчэ з некім.

Выскачыўшы з панінага пакоя, пакаёўка стукнулася лоб у лоб з лёкаем, які таксама спяшыў паведаміць паню аб прыездзе гасцей.

Абодва захіхікалі і зараз жа змоўклі, пабаяліся, каб пані не пачула. Лёкай ушчыпнуў моцна пакаёўку за руку вышэй локця, ад чаго яна вельмі смешна зморшчыла твар і хацела крыкнуць. Ён строга кінуў вокам у бок паніных дзвярэй і паказаў сабе пальцам на лоб. Гэта значыла: «ціха, бо пані пачуе».

Ва ўсёй чэлядзі быў умоўны знак – пакруціць пальцам над сваім лобам абаранак у паветры, калі хто хацеў казаць пра паню.

Гасцей, сына і ксяндза, пані прыняла ў кашачым – самым ганаровым пакоі. Салавей астаўся ў пярэдняй.

Паветра ў пакоі для катоў было затхлае, змяшанае з дарагой пахучай парфумай. Пан Вашамірскі і ксёндз Марцэвіч ледзь прыкметна моршчыліся і чмыхалі насамі, стараючыся пры гэтым не глядзець адзін на аднаго.

Тут адчувалася поўнае панства катоў. На мяккіх дыванах, на шоўкавых і аксамітных рознакаляровых падушках каты рознага росту і масці спацыравалі нячутнымі крокамі, сядзелі і ляжалі ў разнастайных позах. Некаторыя з іх былі падобны да тыгрыцаў, некаторыя выглядалі какетліва, як паненкі. Поўзалі па падлозе і маленькія, як мышкі, кацяняты. Тут было некалькі пакаленняў катоў розных парод, рознага заводу.

Ад вечнай панінай няволі каты былі млявыя, гультаяватыя, з заплюшчанымі вачыма. Аднак выраз вачэй у кожнага з іх быў асаблівы і як бы асмышлены.

– Няма разумнейшых і далікатнейшых стварэнняў на свеце! – тлумачыла пані гасцям.

І ксёндз і сын хвалілі катоў, ад чаго пані ўзрадавалася, і вочы яе блішчэлі ласкаю і гордасцю. Яна апавядала радаслоўе кожнага ката паасобку. Яна ведала ўсё хітра спляцёнае дрэва іхняй радні, іхняга сваяцтва між сабою. Гэта ўсё было запісана панінай рукой у скураных фаліянтах на добрай французскай паперы…

Яна вадзіла гасцей ад сцяны да сцяны, на якіх былі развешаны малюнкі катоў у натуральнай велічыні: работа найлепшых маляроў, якіх яна дзеля гэтага выпісвала з Варшавы, плаціла ім вялікія грошы…

Ксёндз Марцэвіч хітра паглядаў на пана Вашамірскага, той адварочваўся.

Раптам пачулася дзікае і жаласлівае мяўканне з суседняга пакоя – «з кашачага шпіталя». Пані ўздрыгнула і пабялела як палатно.

– Пэўна Атлантыда каценіцца! – сказала яна не сваім голасам і пусцілася, заклапочаная, у другі пакой.

Пан і ксёндз асталіся адны. Яны адвярнуліся адзін ад аднаго, і кожны з іх душыўся ад нахлынуўшага знутры смеху.

Да ксяндза падышоў вялізны, белы як снег, кот і давай яму глыбока пазіраць у вочы.

Ксяндзу нялоўка зрабілася. У яго зараз жа адпала ахвота смяяцца.

Залаціста‑зялёныя вочы ката з вузкімі цёмнымі рыскамі глядзелі на яго задумёна і як бы пранікаючы наскрозь. Ксяндзу здавалася, што паміж ім і катом ёсць сакрэт, таямніца, вядомая толькі ім адным. Тая вера ў д'ябла, якая страцілася з сэрца ксяндза, вярнулася назад.

«Хто яго ведае, – падумаў ён, – звычайны кот так разумна не глядзіць. А гэты – нібы ўсе думкі мае знае…»

Кот пачаў выгінацца ў дугу, пазяхаць, церціся галавой, хвастом каля ног ксяндза, пакідаючы на чорнай сутане белую поўсць.

Ксёндз перамог сваё непрыемнае пачуццё, надаў сабе празмерную харобрасць, нагнуўся і пстрыкнуў ката пальцам у слізкавата‑ружовы мяккі нос.

Кот бліснуў вачыма ад неспадзявання, ад дзіва, і ледзі не чалавечы выраз адлюстраваўся ў яго вачах. Ён грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці…

Ксёндз крыкнуў. З яго падрапанай правай рукі капала кроў…

Спалохаўся спачатку і пан, але потым засмяяўся, кажучы, што ксёндз гэта шчыра зарабіў.

Ксёндз выцер руку хустачкай і хутка забыў аб ране, бо катам неслі полудзень, неслі на тацах у дарагіх пасудзінах.

Яго зацікавіла адна з нянек. Ад гэтай кашачай нянькі ён вачэй адарваць не мог.

Квапным позіркам утаропіўся ў тое месца, дзе пад лёгкай сукенкай вызначаліся акругленасці бёдраў…

За сцяною чуваць быў лямант «парадзіхі» Атлантыды і пяшчотнае супакойванне яе спрытнай бабкі – старой пані.

Кашачы канцэрт

Пасля таго як накармілі катоў, як Атлантыда ўдачліва спарадзіла пяць кацянят, як пані ў старасвецкім календары знайшла для іх імёны, якія панапісала на шоўкавых істужках і абвязала імі кацянят, пасля таго як яна ўпісала ў кнігу новых кацянят з адзначэннем дня нараджэння, – гасцей папрасілі на абед.

Пані яшчэ была ўзварушана вялікімі падзеямі сённяшняга дня: новым пакаленнем катоў. Такая ўрачыстаць не праходзіла ціха. Якраз цяпер чуваць была суматоха на дварэ: вялі на стайню лейб‑доктара паніных катоў, каб пакараць яго за тое, што не паведаміў паню раней, калі Атлантыда павінна была каціцца, і пані зусім да гэтага не была падрыхтавана.

– Ёсць рай, ёсць і пекла, таксама радасць не бывае без смутку. Ва ўсім божая гармонія, – разводзіў сваю філасофію ксёндз Марцэвіч, запіхваючы ў рот тлусты кавалак смажанай гусяціны з яблычнай начынкай.

– Кара робіць людзей шляхотнымі, болеч цела дае гаенне духу, – казаў ён салодкім голасам, запіваючы гусяціну чырвоным віном з срэбнай чаркі.

– А дзе ж Салавей? – успомніла пані. – У клопатах ледзь не забылася аб ім.

– Трэба яго паклікаць! – сказаў пап, выціраючы губы белай галяндэрскай сурвэткай.

– Так, Салавей, – разважаў ксёндз, паглядаючы ласа на марынаваныя грыбкі, – назвалі чалавека салаўём. Але ж ён вые, як воўк, брэша па‑сабачаму, хрукае, як свіння, – чаму ж салаўём яго назвалі? Чаму, пане Адасе? – звярнуўся ён да пана Вашамірскага. – Маглі б назваць воўкам, сабакам, свіннёй.

– Маглі б назваць і ксяндзом, бо ён і ваш голас падрабляе! – казаў пан Вашамірскі. – Назвалі салаўём, бо яго амплуа салаўём свістаць, бо нам якраз гэта роля патрэбна. А вашай ксяндзоўскай ролі ён не адбярэ…

Ксёндз трохі паморшчыўся і, каб лягчэй зглынуць крыўду, зноў пачаў разважаць.

– Такія, як гэты чалавок‑салавей, называюцца брухамоўцамі. Гэта чараўнікі, у іх нячыстая сіла сядзіць, аб іх у Бібліі гаворана. Яшчэ цар Саул загадаў выразаць усіх чараўнікоў і ведзьмаў у сваёй дзяржаве.

Ксёндз зірнуў у бок пані, якая ціха ойкнула і вытарашчыла вочы.

– Ой, вельмі баюся нячыстай сілы, – прашаптала пані і давай хрысціць рукою дзверы кашачых пакояў.

– Ды кіньце, войча, глупства гаварыць і маю маці палохаць! – зазлаваўся пан Вашамірскі.

Але ў гэты час ксёндз Марцэвіч быў захоплены зусім іншай справай. Ён, не звярнуўшы ўвагі на словы пана Вашамірскага, спакойна прысунуў да сябе апетытны ружовы торт, які выглядаў, нібы яснае сонца.

У старой пані заўсёды торт (вельмі мастацкай работы) быў традыцыйнай украсай стала. Яна была вялікім аматарам майстраваць торты. Адслужыўшы прываблівай дэкарацыяй для шаноўных гасцей, торты заўсёды заставаліся цэлымі, нечапанымі, як Дзева Марыя. Пасля пані Вашамірская аддавала іх сваім пестунам – катам.

Ксёндз Марцэвіч гэта ведаў. Але, выпіўшы цяпер лішнюю чарку віна, яго апанавалі спакусы пакаштаваць хоць раз у жыцці панін торт.

– Зусім магчыма, – казаў ксёндз, – што нячыстая сіла і ў Салаўі сядзіць…

Пры гэтым ён адрэзаў ёмкі кавалак торта і пачаў есці, любуючыся і смакам і выглядам, бо торт у разрэзе адкрываў захаваныя таямніцы рознакалёрных слаёў начынкі. Торт меў унутры цэлую тройцу райскіх смакаў.

Пані, захопленая гутаркай, не заўважыла ксяндзоўскага ўчынку.

– Грэшны дух, – далей вёў гутарку ксёндз, – прыходзіў і да святога Аўгусціна ў выглядзе анёлаў і нават прымаў постаць самога Пана Езуса. Але са злом трэба змагацца!

Пры гэтых строгіх словах другі кавалак смачнага торта паехаў у ксяндзоўскі рот з такім спрытам, нібы торт быў гэтай нячыстай сілай, якую ён стараўся знішчыць.

Пані раптам заўважыла празмернае самачаставанне духоўніка, крыху зморшчылася і адсунула ад ксяндза пачаты торт.

У гэты час лёкай прывёў Салаўя. Той нізка пакланіўся, аглядаючы ўсіх смелымі, спакойнымі вачыма.

Пані зірнула на яго са страхам, цікавасцю і павагай.

Словы ксяндза зрабілі на яе ўражанне.

– Ну, нячыстая сіла, – пажартаваў пан, – свісні салаўём!

Салавей паказаў сваё мастацтва.

Пані слухала спакойна.

Такая незацікаўленасць роднай маткі да свайго Салаўя пану не зусім спадабалася.

– А што? – звярнуўся ён да маткі.

– Эт! Так і птушка можа, тысячу разоў чула.

– Ану, прадстаўляй ксяндза! – звярнуўся пан да Салаўя.

У адну хвіліну Салавей ператварыўся ў ксяндза Марцэвіча: пачаў сыпаць ксяндзоўскай філасофіяй, якой многа наслухаўся ў студыі. Падрабляў яго голас да таго натуральна, ажна ксёндз здэтанаваўся і пакрыўдзіўся…

– …Як жа гэта можа быць, каб асёл сына божага не гаварыў?! – дзівіўся Салавей. – Аб гэтым і так кожны можа разумець! І так ясна.

Салавей нібы папраўляў сутану. Ён граў ксяндза Марцэвіча. Нават выраз вачэў быў падобны да ксяндзоўскіх.

– …Боль грэшнага цела гоіць вечную душу, – кончыў прадстаўленне Салавей.

Пан Вашамірскі рагатаў шчыра і гучна, адкінуўшыся галавою на спінку крэсла, палажыўшы рукі накрыж на жываце.

Ксёндз апусціў галаву, а пані была незадаволена, што так выкпіваюць духоўную асобу.

– Так сам ксёндз патрапіць. Тут ніякага дзіва няма! – казала пані няласкавым тонам.

– Але ж тут ёсць мастацтва! – гарачыўся пан. – Ёсць лес, які мы бачым штодня, і не дзівімся яму, а калі гэты самы лес намалюе мастак, дык мы дзівімся малюнку. Малюнак ужо ёсць мастацтва!

Пан Вашамірскі націскаў на слова мастацтва, нібы гэта мастацтва было абасобленай істотай, якую ён бачыў перад сабою, адчуваў сваімі нервамі.

– У Салаўя таксама шмат мастацтва! – кончыў свой доказ пан Вашамірскі і выпрастаўся на сваім крэсле.

– Не мастацтва, а брухамоўства, – ціхім голасам паправіў пана ксёндз Марцэвіч, бліснуў набожнымі вачыма ў бок пані і зноў прысунуў да сябе пачаты торт, нібы зброю супроць пана.

– Я прызнаю мастацтва толькі ў катоў, – казала пані і пагладзіла пры гэтым двух катоў, якія сядзелі на яе каленях.

– Ану, заняўкай! – звярнуўся пан Вашамірскі да Салаўя і бліснуў весела вачыма.

Салавей пачаў няўкаць.

Кашачыя марцаўскія спевы ліліся з яго горла, запоўнілі пакой. Ён на розныя лады перадаў няўканне катоў. Няўкаў нібы не адзін кот, а дзесяць. У гэтых агідных галасах чулася роспач, быццам рэзалі кагосьці па горлу тупым шклом ці душылі вяроўкай. У гэтых жудасных хрыпах і стогнах была цяга самца да самкі, тая цяга, ад якой непрытомнымі робяцца, ідуць на розныя злоўчынкі.

Пан заткнуў вушы.

Уся чэлядзь збеглася спалоханая і здзіўленая. У пансіёне катоў пачалося занепакоенне. Каты пачалі драпаць дзверы.

Старая пані была ў захапленні. У яе засвяціліся вочы, як дзве свечкі, паружавеў твар. Яна не адрывала вачэй ад Салаўя, упівалася са смагай у гэты дзікі канцэрт. Ёй здавалася, нібы чуе гранне аргану ў касцёле або спевы анёлаў у раі, што былі ёй знаёмы з яе ўласных «прарочых сноў», якія часта сніла.

Ксёндз Марцэвіч у гэты час з'еў увесь торт. Пані не заўважыла.

– Вось гэта мастацтва! – казала пані горача і шчыра. – Вось гэта я разумею! Адно захапленне…

– Ага! – крыкнуў пан Вашамірскі голасам пераможцы. – Ага!

Вельмі хацелася ў гэты час пані Вашамірскай загадаць Салаўю пацерабіць ёй пяткі…

Доверь свою работу ✍️ кандидату наук!
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой



Поиск по сайту:







©2015-2020 mykonspekts.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.