Мои Конспекты
Главная | Обратная связь

...

Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Генеральная рэпетыцыя





Помощь в ✍️ написании работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Два словы, як лютыя звяры, накінуліся‑наваліліся на маёнтак пана Вашамірскага і на яго прыгонныя вёскі:

Генеральная рэпетыцыя.

Ад самога пана да апошняй замурзанай судамойкі з дваровай чэлядзі – усе на розныя лады гаварылі гэтыя словы. Кожны іх па‑свойму тлумачыў. Усіх казытаў пах гэтых слоў. Усе пранікаліся трывогай іхняга зместу, нерваваліся пры розных учынках у сувязі з генеральнай рэпетыцыяй.

Генеральная рэпетыцыя, – галасілі рэжысёр, балетмайстар, ксёндз Марцэвіч, капельмайстар, спалоханыя, устрывожаныя студыйцы, дэкаратар, краўцы, швачкі, сам пан Вашамірскі ды ўсе ў маёнтку.

На стайні гулі бізуны, чутны былі крыкі і стогны – генеральная рэпетыцыя.

Генеральная рэпетыцыя, – насілася на розныя тоны па ўсёй ваколіцы з вуснаў прыгонных.

У той жа час ляжала хворая пры смерці маці Марылькі.

Марылька, прыгажэйшая (як пан Вашамірскі сказаў) за статую грэцкай Венеры, грала ў «містэрыі» ксяндза Марцэвіча Матку Боску.

Больш паўгода маці Марылькі не бачыла яе, бо са студыі нікога не выпускалі.

Пры хворай сядзела старая шаптуха і «лячыла» яе замовамі і зёлкамі.

– Ты, кажаш, празябла? – звярнулася шаптуха да хворай.

– Няпраўда. Гэта енаральная парапіца пашкодзіла. Ты ж у панскім дварэ як папрацавала, дык вось і набралася там гэтага ліха. Ой‑ой‑ой, як цяжка жыць.

Хворая не магла гаварыць. Вочы яе былі заплюшчаны. Вусны белыя і сухія, а на худым твары гарэлі чырвоныя пляміны. Яна маўчала, а шаптуха, нібы замову, гаварыла ёй шэптам над вухам:

– Цэлымі тыднямі працуюць людзі ў дварэ для енаральнай парапіцы. Гэтая самая енаральная звядзе нас усіх са свету. Новыя чыншы на гаротных налажылі. Ой‑ой‑ой, як цяжка жыць.

Шаптуха пасунулася яшчэ бліжэй да хворай:

– Людзі кажуць, што енаральная парапіца паела шмат гавяды, кабаноў, птаства. Рыбаловам загадалі насіць рыбу ў двор для енаральнай парапіцы. Гэта парапіца нават людзей глытае, гавораць бабы. Іх душаць на панскай стайні. Шмат хто чуў адтуль страшныя ляманты. У судыі (студыі) іх там адкормліваюць як гусей, а потым рэжуць на прысмакі для енаральнай парапіцы. Ой‑ой‑ой, як цяжка жыць.

Хворая ўздрыганулася ўсім целам і ледзь прашаптала:

– Марылька яшчэ не прыйшла?

– Не, – сказала шаптуха. – Твой жа Каспар па яе пайшоў. Дык вось для страшнага цмока, які завецца такой паганай назвай «енаральная парапіца», пан Вашамірскі выпісаў з‑за акіяна немцаў‑чарнакніжнікаў. Яны сядзяць сабе ў панскім палацы і камандуюць, мая міленькая. Ой‑ой‑ой, як цяжка жыць. Птушкі чалавечай мовай гавораць пад камандай чарнакніжнікаў, аслы ў людзей перакідваюцца, людзі – у аслоў, коней і сабак. Ваўкалакі, мая міленькая, па начах выюць, людзей душаць. Ой‑ой‑ой, як цяжка жыць.

Самы меншы хлопчык, якому было каля чатырох год, заплакаў:

– Мама, есці хачу!

– Ціха ты! – крыкнула на яго шаптуха. – Маці памірае, а ты: «есці». Ой‑ой‑ой, як цяжка жыць.

Хлопчык яшчэ галасней заплакаў.

– Маўчы! – зазлавалася шаптуха. – А то прыйдзе енаральная парапіца і ў торбу цябе забярэ… Ой‑ой‑ой…

Хлопчык спалохаўся, змоўк і схаваўся пад матчыным ложкам.

А ў гэты самы час Каспар, бацька хлопчыка, пайшоў да пана Вашамірскага літасці прасіць:

– Яснавяльможны пане! Я з самага рання чакаю цябе. Ледзь дапусцілі.

Пан Вашамірскі злаваўся. Яго адарвалі ад генеральнай рэпетыцыі. Перад ім стаяў у пярэдні чалавек з ускалмачанай чорнай галавою. У вачах чалавека блішчэлі слёзы.

– Гавары хутчэй!

– Адпусці, паночку‑лябедзіку, маю Марыльку на дзянёк. Маці пры смерці. Хоча дачку паглядзець.

– Не магу. Генеральная рэпетыцыя.

– Злітуйся, даражэнькі пане…

– Не магу!

Каспар кінуўся вобземлю да панскіх ног. Заплакаў.

– Маці памірае… дачку пабачыць хоча перад смерцю.

– Разумееш, галган, – крыкнуў пан, – ге‑не‑раль‑на‑я рэ‑пе‑ты‑цы‑я!

– Злітуйся…

– Ідзі, ідзі! Ты мне сапсуеш генеральную рэпетыцыю, Свенту Матку, якую грае Марылька. Маці няхай памірае без Марылькі. Разумееш, ёлап, мастацтва вышэй за жыццё і смерць…

Пан Вашамірскі яшчэ хацеў разгортваць сваю філасофію аб вялікім значэнні мастацтва, але ўгледзеў ля сваіх ног распластанага крыжам бруднага «хама»… «Перад кім гэта я перлы сыплю?» – падумаў ён і крыкнуў не сваім голасам:

– Во‑о‑о‑о‑н!

Каспар хутка ўскочыў з падлогі. Яго вочы высахлі. Сціснуліся кулакі. Нізенькі і шчупленькі Каспар падскочыў і зароў дзікім голасам:

– Згарыць няхай енаральная парапіца! Згарыць няхай твая Свента Матка! Згары сам разам з імі!

Да хаты Каспар ужо не вярнуўся. Каспарыха не дачакалася і пад гутарку шаптухі аб «енаральнай парапіцы» ціха сканала.

Пан перадаў Каспара ў рукі лютага войта.

Яго трэба было караць за тры злоўчынкі:

непашана да панскага тэатру,

знявага да Свентай Маткі

і бунт супроць самога пана Вашамірскага.

Генеральных рэпетыцый у грыме і вопратках пры дэкарацыях адбылося ажно тры ў вялізнай панскай залі, дзе была зроблена сцэна і ўсё было прыстасавана пад таэтр. Тры дні ішлі генеральныя рэпетыцыі.

На гэты раз студыйцаў не каралі фізічна: рэжысёр і балетмайстар не дазвалялі. Але карэктаванні ігры, розныя папраўкі, пераробкі, незвычайная нервознасць, заклапочанасць французскіх педагогаў перадаваліся кожнаму са студыйцаў. Ім на гэты раз мо лягчэй было б перанесці катаванні, чымся збянтэжаны выгляд і літасцівыя словы педагогаў, сталёвыя вочы пана і ламанне рук з шапатлівым «Езу‑Марыя» ксяндза Марцэвіча.

Апрача таго, пан строга загадаў усёй чэлядзі ў палацы, каб ніхто са студыйцаў не ведаў, што сюды прыходзіў Каспар прасіць сваю дачку на развітанне з маткай перад смерцю. А то як Марыля даведаецца, дык не зможа граць і сапсуе ўсё тэатральнае прадстаўленне.

У часе такой суматохі на Салаўя ніхто ніякай увагі не зварочваў.

Была тады месячная ноч.

Сіняватыя водсветы месяца гралі па снежнай паляне змруднымі іскрамі.

Панскі парк цягнуўся аж да гэтай паляны. Высокія, аснежаныя стаялі дрэвы. У марознай цішыні дрэвы застылі і вершалінамі паказвалі на буйныя яскравыя зоркі, якія віселі ў цёмна‑сінім бяздонні.

Мароз трашчэў.

Непрытульнасцю аддавала ад снежнай паляны. Яна слалася сіне‑белым палатном да самага хвойніка.

Яшчэ ўдзень таўставусы войт пана Вашамірскага агледзеў гэтае месца.

– Тут і трэба пакараць Каспара, – сказаў ён гайдукам.

– А можа, што‑небудзь лягчэйшае прыдумаеш? Каспар не вытрымае, – папрасіў адзін з гайдукоў.

– Вытрымае чорная костка! – сказаў аканом. – Пан Вашамірскі ледзь не панамі хоча зрабіць іхніх дзяцей у сваім тэатры, а яны яшчэ бунтуюцца! Мы ім пакажам!

Войт задаволена гладзіў вусы. Мышыныя вочкі яго жвава бегалі ва ўсе бакі.

– Уначы, як мароз павялічыцца, прывяжаце Каспара да гэтага дрэва. Да пояса каб ён быў голы!

Войтавы вочы па‑воўчаму засвяціліся.

Так было зроблена.

Шчуплы і тонкі быў Каспар.

Пад голай жоўтай скурай рэбры хадыром хадзілі. На спіне, нібы рад гузікаў, тырчэлі хрыбетныя косткі.

Ціха брыла па панскіх абшарах у снежнай спадніцы марозная сіняя ноч. Не чуваць было яе крокаў у бязветранай шліфаванай пустэчы. Было так ціха, ажно вогнішча на крокаў дваццаць ад дрэва, да якога быў прывязаны да пояса голы Каспар, гарэла, як у печы. Жоўтае полымя ад сухіх бярозавых пален не калыхалася туды і сюды разнастайнымі залатымі язычкамі, а гарэла роўнай агнёвай шапкай. Трашчэлі драўлянымі галасамі сухія палены, шыпелі тым бокам, які ляжаў на снезе. Снег пад вогнішчам таяў і пачарнеў ад вуголляў. Агонь злізаў яго да голай зямлі.

Над агнём грэў рукі пан войт і гайдук Макар. Абодва былі апрануты ў цёплыя кажухі.

– Злітуйцеся, людзі… – лямантаваў Каспар.

Рагаталі каля вогнішча пан войт і гайдук Макар. Звярынай радасцю блішчэлі іхнія вочы, цёмныя пры вогнішчы.

– Што, вушы адмарозіў? – пытаўся войт.

– Злітуйцеся…

– Як табе падабаецца генеральная рэпетыцыя? – крыкнуў Макар Каспару.

– Зліт…

Якраз супроць Каспара блішчэў халодны жоўты месяц. Ён здаваўся Каспару рыжым чалавечым тварам без носа, з цёмнымі ямінамі замест вачэй. Месяц глядзіць на Каспара і дзьмухае на яго нястрыманым марозам, страшнай, ціхай, як смерць, сцюжай. Каспар адчувае, што ў яго кроў у жылках стыне, слёзы на твары цвярдзеюць ад марозу. Спачатку ён ляскатаў зубамі, але хутка супакоіўся. Толькі вушы і нос як бы нехта адрэзаў. Каб рукі ў яго не былі прывязаны да дрэва, ён памацаў бы нос і вушы.

Смяецца рыжы твар месяца. Чуе Каспар яго смех, дзікі рогат, але не бачыць яго. Перад вачыма сіне‑снежны туман. Голкі вострыя, шчокатныя, колюць голыя грудзі. Дрыжыць Каспар і гудзе працягла і тоненька, нібы камар:

– Гу‑у‑у… з‑з‑з‑з…

І забывае Каспар пра жонку, якая канае ў курнай хаце, пра дачку, якая грае «свенту матку», і пра генеральную рэпетыцыю. Іх ніколі не было. Не было і самога Каспара. Ёсць толькі ціхі страшны мароз, які закаваў у сталёвыя панцыры сінія начныя абшары.

У аксамітнай спадніцы брыдзе ноч па абшарах. Крокі яе ціхія.

Набожны быў пан войт. Часта слухаў духоўныя настаўленні ксяндза Марцэвіча. Яму надакучыла стаяць у валёнках. Ногі стаміліся. Як на падушках, ён разлёгся па пухкім снезе супроць вогнішча. Доўга маліўся. Як прагаварыў адну і тую самую малітву трыццаць разоў (гайдук Макар акуратна лічыў), ён падняўся з месца і сказаў:

– Годзе.

Пан войт і гайдук Макар падышлі да дрэва, дзе быў прывязаны Каспар.

Гэткай прыемнасці Каспар ніколі ў жыцці не адчуваў. Зноў ва ўсе жылы льецца прыемнае, як подых летняга ветрыку, цяпло. Рукі развязаны. Хтосьці снегам трэ моцна грудзі, вушы, твар. Ледзь да яго даходзіць цяпло ад вогнішча, а ў вочы глядзіць той самы твар жоўтага круглага месяца. Толькі на гэты раз ён цёплы і прыемны як ніколі.

– Эх, вечна так ляжаў бы, – думае Каспар. Ён адчувае пад спіною цёплую шэрсць мяккага кажуха.

– Каб так шчыра не маліўся, дык, можа, і не выжыў бы… псякосць гэта… – чуе Каспар знаёмы голас.

Плыве да яго гэты голас з нейкіх невядомых далячынь.

– Цяпер ён будзе добрым чалавекам. Усё кепскае ў ім мы вымаразілі, – чуе Каспар другі знаёмы голас.

– Генеральную рэпетыцыю ён будзе памятаць аж да магілы.

Пазнаў Каспар галасы пана войта і гайдука Макара, хацеў было зноў спалохацца, але яго цела апанавала такая млявасць, што яму было ўсё роўна.

Вогнішча дагарэла. Чырвоныя вуголлі мігацелі. Над снежнай палянай віселі ў бяздонні неба буйныя зоркі.

Ноч нячутнымі крокамі брыла па снежным абшары.

Дубовы Пан Езус

У Зоські праца з рук валіцца. Маці скардзіцца на яе. Не разумее, у чым справа.

– Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, – скардзіцца маці суседкам.

Сусёдкі ківаюць галовамі і рады розныя радзяць.

Але старая маці баіцца прыступіцца да Зоські, бо тая пачынае злавацца ды з хаты ўцякае.

Зоська не любіць, каб хтосьці калупаўся ў яе бядзе. Зоська аддаецца свайму смутку тады, калі ніхто гэтага не бачыць – уначы. Плача на пасцелі, так плача, ажно здаецца, што ў плачы яна рэчкай разальецца. Кропля за кропляй разальецца, і ад яе нічога не застанецца…

Сны страхотныя сняцца ёй.

То Сымон у труне ляжыць. Твар сіні. Увесь ён выцягнуўся. Хаўтурныя песні спяваюць.

А то музыку вясёлую чуе. Бяжыць Зоська на гэту музыку праз лясы, праз пушчы, праз дзікія балоты. Парвала свае вопраткі аб вострыя карчы. Да крыві цела падрапала. Бяжыць і бяжыць. Ажно вось скуль музыка – з незнаёмай хаты. Гэта гуляюць вяселле Сымона з адной з панскіх артыстак.

Зоська туліцца да сцяны і слухае… Ловіць кожны гук з хаты, голас Сымона. Сымон адчувае яе блізкасць, выходзіць на двор, і Зоська… прабуджаецца.

Зоська ўпіваецца сваім горам. Нейкі цяжар вісіць у яе на шыі і душыць‑давіць. Яна скована жалезнымі путамі з галавы да ног. Хоча вызваліцца ад іх і не можа. Гэтыя путы – яе думкі аб Сымоне. Пэўна, Сымонка даўно забыў аб ёй…

Часам Зоська пабяжыць у маёнтак: можа, пачуе аб ім, можа, пабачыць…

Доўга туліцца да халодных сцен панскіх палацаў, каб ніхто яе не бачыў. Прыслухоўваецца да музыкі з пакояў студыі. Але галасы мала пранікаюць з белага мура на двор. Сымона няма… Аб ім ні слуху ні духу.

Сэрца Зоські стукае моцна, здаецца, – во‑во вываліцца з грудзей… Перад вачыма кругі мітусяцца…

Вусны самі сабою шэпчуць:

– Сымонка..! Сымонка…

З маёнтка Зоська пускаецца ў панскую каплічку, якая стаіць недалёка на крыжаванай дарозе. На вялізным дубовым крыжы вісіць дубовы Пан Езус ва ўвесь чалавечы рост. Зоська доўга ўглядаецца ў дубовыя вочы Бога. Вецер калыша Божы хвартушок. Цені мітусяцца на ўсім яго целе, і ёй здаецца, што ён жывы, зараз гаварыць пачне…

Во‑во скажа ёй слова міласці…

Яна вельмі расчулёна, што адно вока ў Бога большае, другое меншае. «Бедненькі, – думае яна, – гаротненькі»… «А можа, у Бога так павінна быць», – з'яўляецца ў яе новая думка. Расце ў яе душы пашана да Бога, салодкі страх перад ім. Яна – нікчэмнасць перад такім Богам, з дубовымі ранамі, з дубовымі думкамі і дубовай сілай.

Зоська падае на калені, не адрываецца разгарачанымі, слязлівымі вачыма ад нязграбнай фігуры, шэпча тую малітву‑замову, што навучыла яе старая суседка:

Святы Сымон, вялікія вочы,

Устань мне ўдзень, як уночы.

На небе крыж,

На крыжы тры зарніцы –

Гэта родныя сястрыцы:

Адна прывара,

Другая прыпале,

Трэцяя прывяртае,

Прывярні, Божа, раба божага Сымона,

Каб ён любіў мяне,

Каб ён не мог жыць без мяне,

Як рыба без вады,

Як мерац без зямлі,

Як дзіцё без грудзі…

Ад такой дзівоснай малітвы ва ўсім целе Зоські разліваецца цяпло. Зоська выліла перад Богам сваё гора, патаемны смутак сэрца. Ёй лягчэй, расцвітае надзея, упэўненасць. Яна варочаецца да хаты выгаеная, вылечаная, нібы напілася цудадзейнага зелля.

Некалькі дзён думкі яе купаюцца ў сонечных хвалях радасці: Сымонка яе не забыў. Яна хутка пабачыць яго…

Але такі настрой цягнецца нядоўга.

Мала памог Пан Езус. Зоська пакрыўдзілася на яго. Не хоча пакутаваць, як ён. Яна ж не дубовая.

Тады Зоська задумала пачаць справу з нячыстай сілай – шаптух шмат па вёсках. Іх многа ў карчме.

Выняла Зоська з кубла кавалак палатна – гасцінец для шаптухі, накінула на плечы кялім каляровы і выйшла з хаты.

Была мяцеліца. Юда ў чыстым полі вяселле‑гульню ладзіў.

Гурбы снегу перакідваліся з месца на месца невідочнымі вялізнымі шуфлямі. Пылілася снежная мука ад плота да плота. У чыстым полі бель‑бялугай мітусіліся снежныя палотны, чапляліся аб хмызнякі, завісалі на паадзіночных дрэвах.

Зоська ўкуталася, ішла наперад, мала аглядалася па баках.

Грозны выгляд лютай мяцеліцы, свісты і войканне ветру збілі яе з толку, яна самой сабе паказвалася мізэрнай, маленечкай, нібы ягадка‑рабіна… Яна зледзянела, ад ветру і сцюжы застылі яе думкі. Мяцеліца выставіла насупраць сотні снежных лап і шаптала:

– Засні на маёй ледзяной пасцелі. Пад коўдрай снегу будуць табе сніцца лёгкія сны, белыя, нібы кужаль бялёны, нібы паніна кашуля гафтаваная. І не будзеш, Зоська, мець ні смутку, ні радасці. І не будзеш крыўдзіцца на Бога ў панскай капліцы…

Адну хвіліну Зоська думала кінуцца ў белую снежную гойдаўку – няхай мяцеліца яе на векі вечныя засыпле, але…

– Хоць яшчэ разок пабачыць яго… А хто з равесніц вясну гукаць будзе? А хто купальскую кветку шукаць будзе?

У карчме стаяў нядзельны шум‑крык.

Каля вялізнай дубовай кованай жалезам кухвы з гарэлкай з бровара пана Вашамірскага круціўся‑вярцеўся стары карчмар Лейба. Каля бочкі на тапчане стаялі рознай велічыні медзяныя пасудзіны: гарнец, кварта, паўкварты і сотка. Здавалася, што гэта дзеткі вялізнай кухвы, якая толькі што ацялілася.

Лейба, у вопратцы старадаўняга жраца, маліўся свайму «Аданаю». У часе малітвы ён з гасцьмі‑сялянамі не гаварыў, аднак наліваў ім гарэлкі ў пасудзіны. Ён часам спыняў малітвы, зварочваючыся да гуляк не словамі, а рознымі гукамі: «мгу», «ну‑ну», «агэ», «ум», «ай», «фэ». Да гэтых невыразных гукаў дадавалася выразная інтанацыя і гэсты.

Сяляне добра яго разумелі. І жыдоўскі бог «Аданай» не крыўдзіўся, і панская гарэлка добра прадавалася.

Сяляне рознага ўзросту і старыя бабы тупаліся вакол рыбакоў Міхалкі і Меера, якія нешта вясёлае сказалі пад музыку вандроўнага дудара.

– Далібог, Меер да нашага брата падобен! – гаварылі адны.

– Не! Міхалка да жыда падобен! – гаварылі другія.

У гэтых поглядах сяляне падзяліліся на дзве групы, і ў п'яных настроях гатовы былі кулакамі бараніць свае словы.

На шчасце, ігра скончылася, бо стары Янка, які выпіў лішнюю чарку гарэлкі, пачаў апавядаць аб тым, як яго анегды чэрці круцілі на выгане ўсю ноч. Ён і тады быў пад хмяльком. Ехаў дахаты з карчмы пасля пахавання сына. Ён заснуў на санках, падцягнуўшы пад сябе правую лейцу так моцна, ажно конь галаву абярнуў направа і за ноч вялізны круг вытаптаў у снезе на выгане.

Сяляне шчыра рагаталі над старым Янкам, кажучы, што гэта «енеральная парапіца» з панскіх пакояў круціла яго.

– Праўда?! – дзівіўся Янка, і ў п'яных вачах яго відаць былі непакой і страх. – Яшчэ добра, што цэлы застаўся!

Стары Янка схіліўся над брудным, завэцганым гарэлкай і закускамі сталом і задумаўся аб сваім сыне, якога на тым тыдні пахаваў. Тая жаласлівасць да згінуўшага сына, якую стараўся ўтапіць у гарэлцы, цяпер выбухнула пад хмелем, як вогнішча.

Янка хрыплым ад гарэлкі голасам пачынае расказваць усім аб смерці яго сына. Як ён, Янка, з сынам для пана дровы сек у лесе, як падсеклі хвою, як ён крыкнуў сыну, каб той уцёк з‑пад пня, як сын пусціўся наўцёкі ўздоўж хвоі, якая зачапіла яго вершалінай па галаве. Сын нават не крыкнуў…

Старыя кабеціны сядзелі на лаве, утаропілі вочы адна ў адну і, зачараваныя ад хмелю, спявалі, ківаючы галовамі:

Ёсць у лузе каліна,

Пад калінай дзяўчына;

Пад калінай стаяла,

Цвет каліну ламала,

Русу косу часала.

Пад'ехаў к ёй дваранін,

Схіліў каліну, каня напаіў,

Да дзяўчыны гаварыў:

– Чаго ж, дзеўча, тут стаіш,

Двараніна не баіш?

– Чаго ж мне баяці,

Пад калінай стоячы?

Ты дваранін – вашэць‑пан,

Шукай сабе, як ёсць сам.

Шукай сабе ў Любліне,

Не чапай мяне, дзяўчыну:

Шукай сабе ў Аршаве,

Не рабі мне благой славы;

Шукай сабе ў злоце,

Дай мне спакою, сіроце.

Сум і радасць зліваліся ў адну хвалю п'янага чаду. Пад закуранай столлю карчмы луналі – і малітвы карчмара, і вясёлая ігра дудара, і слёзы гаротнага Янкі, і песні старых баб.

У кутку сядзелі двое. Адзін з чорнай ускалмачанай барадою. Вочы яго былі бліскучыя і гарачыя. Тоўстыя чырвоныя губы. Шырокія плечы. Другі малады, тонкі, з сінімі вачыма. Віхрыстыя валасы на галаве.

Абодва пілі моўчкі і шапталіся між сабою.

П'яныя глядзелі на іх скоса.

– Язэп! – зварочваліся час ад часу п'яныя да чорнабародага. – Ты не злуйся, а хадзі да нас!

– Пятрусь! – клікалі яны маладога. – Што звязаўся з ім? Хадзі сюды!

Язэп і Пятрусь не адказвалі.

– Вясною, – шаптаў Язэп да Петруся, – у цімакі пойдзем, як толькі пацяплее. Эх, на волю хочацца вырвацца!

– А як зловяць? – занепакоіўся Пятрусь.

– Нічога, братку. Лес не выдасць. Харчоў дастанем у добрых людзей. А там на Ўкраіну павернем да вольнага казацтва. У казакі запішамся.

– Ты ж там ужо быў, чаго назад вярнуўся пад панскі бізун? – запытаўся Пятрусь.

– Надта дзяцей малых і жонку пабачыць хацелася…

– Чаму ж ты іх з сабою не забраў?

– Нялёгка было. Сам, як воўк, па кустах хаваўся.

– А цяпер іх зноў пакінеш?

– Старшага сына з сабою вазьму. Дык ты пойдзеш з намі?

– Пайду… Не магу далей цярпець.

– То‑то ж…

У карчме быў такі шум, што гутаркі ніхто не чуў.

Ніхто не заўважыў, як Зоська ўсунулася ў хату. Яна страсла снег з вопратак і, прыкрытая тканінай да самых вачэй, падышла да п'яных кабет. Пашапталася з адной і, абагрэўшыся трохі, выйшла з карчмы.

Доверь свою работу ✍️ кандидату наук!
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой



Поиск по сайту:







©2015-2020 mykonspekts.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.