Мои Конспекты
Главная | Обратная связь

...

Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Пан Вольскі, купец польскі





Помощь в ✍️ написании работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Самы баль пачаўся пасля «камедыі».

Гаварыліся розныя тосты, у якіх хвалілі геній пана Вашамірскага, яго багацце і шчодрасць. Італьянская і французская музыка лілася хвалямі пад высокія суфіты.

Недалёка ад шляхціца Завішшы, у канцы стала, сядзеў малады шляхціц Вольскі. Яго называлі звычайна «пан Вольскі, купец польскі». Ён гандляваў коньмі і дробнымі фальваркамі. Апрача таго, быў пляткаром усёй ваколіцы. Меў вялікі спрыт пасварыць паноў між сабою, а сам заўсёды выходзіў сухім.

Выгляд у яго плюгавы: нізенькі, рыжыя валасы, чырвоныя вочкі. Вольскі часта божкаўся, моршчыў лоб, рабіў шчырыя і жаласлівыя вочы, біў сябе кулачкамі ў грудзі і ледзь не плакаў. Часам, калі яму трэба было разжалабіць якога‑колечы пакупца, дык нават выціскаў слёзы з вачэй, сморкаўся і хныкаў. Ён падлізваўся да кожнага пана, ад якога спадзяваўся мець якую‑колечу выгаду. Славіўся ён таксама па фальварках і маёнтках як вершаплёт.

Верш у гонар пана Вашамірскага Вольскі рыхтаваў ужо даўно, пацеў над рыфмамі некалькі начэй. Ён спадзяваўся гандляваць з панам Вашамірскім, прадаваць яму коней. Цяпер надышла яго пара прачытаць гэты верш. Ён падняўся, наморшчыў лоб і пачаў сваім рэзка‑металёвым непрыемным голасам:

Ой, пан Вашамірскі, яснавяльможны пане!

Ой, хвала табе ад рання да рання!

Бадай кожны радок верша пачынаўся ў яго ад слова «Ой». Ён войкнуў разоў сорак, хваліў пана за вялікі розум, а ўсіх іншых абзываў дурнямі.

Доктар багасловіі і філасофіі пільна прыслухоўваўся да кожнага слова верша. «Ой» яму вельмі спадабалася. У гэтым слове чуецца моцны стогн душы шчырага каталіка, пакута сэрца, закаханага ў Пана Езуса.

– Радтасць – гэта распуста, упадак пачуцця! – тлумачыў далей доктар багасловіі і філасофіі, прыціскаючы кожнае слова, нібы абцугамі, гаворачы да ксяндза Марцэвіча, якога толькі што паспеў павіншаваць з поспехам яго п'есы.

Шляхціц Завішша меў свой погляд і на творчасць Вольскага, якога ён даўно ведаў, меў свой погляд і на развагі ксяндза. Ён казаў на вуха свайму суседу:

– Дзіўны багаслоў. Сам балюе, а радасць крытыкуе. Вось фальшывы сутаннік! А Вольскі ойкае, бо рыфмы ў дзесяты пот яго кідаюць. Яму нялёгка, вось і войкае, пане дабрадзеенку! Усіх дурнямі абзывае, гіцаль рыжы, бо сам дурань, сабачая душа яго!

Завішша круціў пры гэтым вусы і злаваўся.

Усе госці бісавалі Вольскаму.

Пан Вашамірскі, які ўжо быў падвыпіўшы, папрасіў прынесці ў чэсць паэта дзедаўскі келіх.

Госці зарагаталі. Яны добра ведалі гэты паўгарцовы срэбны коўш, на якім было выразана тры сэрцы з надпісам «corda fidelium» («сэрца прыяцеляў»). Мала хто здолеў выпіць яго да канца, каб не зваліцца з ног. А пан прымушаў яго выпіць адным духам. У каго хоць трохі на дне каўша заставалася, таму загадваў другі раз піць.

Спалохаўся пан Вольскі.

– Пане Вашамірскі… – гаварыў ён, – но здолею выпіць… Ой, не здолею… ой… злітуйся, пане!

Нічога не памагло.

Лёкай у хвіліну прынёс келіх, які налілі поўна старавенгерскім віном.

Пан Вольскі вытарашчыў вочы і ледзь не да дна выпіў, але раптам пачала кружыцца галава, і ён паваліўся.

Падскочылі лёкаі і пад агульны рогат вынеслі яго з залі.

– Гэта яму кара за верш, – казаў пан Вашамірскі. – Каб пахваліць гаспадара, дык яшчэ не значыць, што трэба зганьбіць іншых. Гэта адзнака людзей не ганаровых.

Госці былі вельмі здаволены ўчынкам пана і яго тлумачэннем.

Пан Вольскі аглянуўся.

Ён знаходзіцца на канапе ў гардэробным пакоі. У срэбным ліхтарыку мігацела толькі адна свечка. На сценах гойдаўся змрок. Насупроць яго блішчэла вялізнае люстэрка, у якім святло свечкі выглядала воўчым вокам. Пакой расшырыўся ў люстэрку і выглядаў бесканечным. Сцены расплываліся ў змроку. Рад вялізных шафаў стаяў каля сцен. Драўляныя фігуры і разнастайная разьба на шафах абрысоўваліся вельмі слаба; але бронзавыя амуры на некаторых ярка мігацелі, блішчэлі, як золата. Ва ўсіх кутках пан Вольскі налічыў восем шаф.

Гэтыя шафы зазвычай прывозілі з сабою маладыя жонкі паноў Вашамірскіх.

«Восем шаф, значыць, восем пакаленняў», – падумаў пан Вольскі, моршчачы п'яны лоб.

Ён пацягнуў носам. З пакоя нясло пустыром. Як пачаў думаць аб гэтых васьмёх пакаленнях, аб вечнасці, яму жудасна зрабілася. Думкі скакалі, зблытаныя, туманныя і жаласлівыя. Яны мігацелі, як вуголлі на патухаючым вогнішчы.

З залі чуваць быў гул галасоў, які зліваўся ў нейкі манатонны гуд.

Пакрыўджаны фальварковы пясняр пачаў дзеля ўцехі выабражаць у думках, што спявае. Яму нават забаўна зрабілася ад таго, што можна спяваць мелодыю не толькі ўголас, а нават у думках. І якую б мелодыю ён ні думаў, гул галасоў з вялікай залі паўтараў гэту мелодыю.

Раптам гул сціх. Да яго плыла кволая прыгожая музыка.

«Гэта балет „Усход сонца“ цяпер выконваецца на сцэне», – падумаў пан Вольскі.

Ён ледзь не завыў ад крыўды, што не знаходзіцца ў залі і не бачыць балерын.

Музыка драпала сэрца, нервавала, і ён не ведаў, што з сабою зрабіць. Каб заглушыць боль, ён паднёс палец да агню свечкі і сцяў зубы. Нястрыманага болю доўга не мог цярпець. Прылажыў палец да губ, хукаў на яго і смяяўся:

– Вось да якога вар'яцця дайшоў! Ой!

А музыка вабіла, чаравала, кідала яго думкі, нібы вецер пыл дарожны, у розныя бакі. Здавалася, што нічога харашэйшага за гэту музыку на свеце няма.

– Нічога на свеце! – сказаў ён уголас.

З далёкага змрочнага кутка вялізнага гардэробнага пакоя кінуўся да яго водгалас: «чога на свеце!»

Пан Вольскі спалохаўся, адчуў сябе адзінокім, як у глухім лесе. Ён ведаў, што «чога па свеце» – адбітак яго голасу, як бывае адбітак твару ў люстэрку ці ў вадзе. Аднак пачаў баяцца і аднаго, і другога. Каб адагнаць ад сябе адзіноту, ён пачаў думаць аб прыгожых панях, якія былі ў залі. Усе яны зліваліся ў яго думках у адзін абраз недасяжнай вабнай жанчыны. Твару яе не бачыць; не можа сабе ўявіць яе выгляд, але яна кіпяціць‑гарачыць яго кроў.

«Трэба ёй напісаць верш! – падумаў пан Вольскі. – Я ж – рыцар яе! Я крыві сваёй шкадаваць не павінен!»

«Рыцар, кроў, верш» туманілі яго думкі, запаланілі яго новай ідэяй:

«Трэба напісаць верш сваёй уласнай крывёю».

Пан Вольскі падышоў бліжэй да свечкі, выняў з раменнага пояса нож, што вісеў у похве, і пачаў сабе калупаць нажом левую руку. Паказалася кроў. Ён дастаў з кішэні кавалак шэрай паперы, з другой кішэні – некалькі зубадлубак, якія ўзяў са стала на запас, і пачаў макаць кончыкам зубадлубкі ў сваю кроў і выводзіць літары на паперы. Ён напісаў пачатак верша:

«Ой…»

Далей у яго не ішло. Ён наморшчыў лоб і пачаў думаць.

Чырвонае крывавае слова дваілася, траілася ў вачах. Ён бачыў як бы цэлыя тузіны гэтага слова:

«Ой, ой, ой».

Яны мітусіліся перад ім, нібы «божыя кароўкі».

Вольскі плюнуў, вылаяў сам сябе за такое вар'яцце, абвязаў параненую руку хустачкай і прылёг на канапе.

«Ой, ой, ой, ой, ой» – звінела музыка ў яго вушах. Галава зрабілася цяжкаю, і ён хутка заснуў.

Праснуўся ад шэпту і ціхага плачу ў пакоі. Уздрыгануўся, прытаіўся і давай прыслухоўвацца.

– Паночку… паночку міленькі, не чапай мяне! – прасіла‑маліла дзяўчына.

– Ціха ты! – бурчаў у адказ п'яны голас аднаго з гасцей.

– Ага, – успомніў пан Вольскі, – гэта ж халопкі стаялі на галёрцы, апусціўшы голавы ўніз на залю, і глядзелі, як авечкі.

Пан Вольскі з вялікім смакаваннем і зайздрасцю лавіў кожны гук…

Прарочыя сны

Балет быў самым удалым нумарам балю. Госці вельмі здаволены. Такой пышнай фантастычнай пастаноўкі яны ніколі не бачылі. Такой зграбнай музыкі ніколі не чулі.

Не спадабаўся балет адной толькі пані Вашамірскай.

– Нешта бязбожніцкае, д'ябальскае, – гаварыла яна.

Прычына яе нездаволенасці іншага характару.

Яна ўвесь вечар была задумёная і смутная. Смутак пані Вашамірскай цягнецца з таго дня, калі ў яе апошні раз быў сын з Салаўём.

Прарочыя сны пачалі ёй сніцца бадай кожную ноч: яна чула ва сне спевы салаўя. Спеў маленькай птушачкі пранікаў у яе нутро, у самае сэрца вясновымі срэбнымі трэлямі. Спявала птушачка на розныя лады, і пані Вашамірскай гэта здавалася райскай божай музыкай. Кожны гук, ледзь прыкметны зык птушачкі ліўся як бы з неба і салодкім смуткам атуляў усё вакол.

І пах бэзу прыемна кружыў ёй галаву.

Кожны раз прабуджалася яна са стогнам. Песня птушачкі яшчэ звінела ў яе вушах.

Пані Вашамірская страціла апетыт. Ранейшае замілаванне да катоў прапала. Удзень яна не ведала, як дачакацца ночы, каб зноў чуць ва сне песні птушкі.

Па‑рознаму тлумачылі ёй суседкі з блізкіх маёнткаў гэты дзіўны сон.

Некаторыя гаварылі, што гэта д'ябал хоча яе спакусіць салаўінай песняй. Іншыя казалі, што гэта яе ўласная яснавяльможная душа ўночы ад цела адыходзіць, лунае над ёю, спявае.

А ксёндз Марцэвіч запэўніваў, што гэта даносіцца да яе ветрам звон касцёла. Звон напамінае пані аб тым, каб пабудавала касцёл у сваім маёнтку, каб давала грошы на божыя справы.

Ксёндз Марцэвіч ужо даўно збірае ахвяраванні і падарункі на касцёл «Сэрца Езуса». Яму яшчэ не хапае грошай на званіцу. Вось птушачка і звоніць ува сне…

Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі каменнямі, сама аддала іх ксяндзу Марцэвічу.

Песні салоўкі ўсё роўна не спыняліся. Наадварот, гэты сон прыняў болей ясныя вобразы і формы; кожны раз падыходзіла да пані здань, атуленая ў сялянскае грубае палатно. Пані спачатку думала, што гэта таемная фігура – смерць, але спевы салаўя, яшчэ болей прыгожыя, чымся раней, ліліся з‑пад гэтага палатна. Пані супакоілася: смерць не можа так хораша спяваць…

Нарэшце палатно апусцілася – і перад паняй стаяў анёл і спяваў па‑салаўінаму.

Пані пачала прыглядацца і заўважыла, што гэта не анёл, а фокуснік яе сына, пад мянушкаю Салавей.

Пра гэты сон пані ўжо нікому не гаварыла, нават свайму духоўніку.

Яна нечага і баялася, і саромілася.

Страх гэты быў страхам божым, а сорам – сорамам Дзевы Марыі, нявіннай і чыстай.

Так тлумачыла пані сама сабе.

Яна пачала разумець, што гэтым сном Пан Буг выстаяўляе ёй напаказ яе памылкі. На яе напаў страх: яна раней была так упэўнена ў сваёй непамылковасці…

Яна кленчыла перад вобразам Маткі Боскай, прызнавалася ў вялікіх грахах: ужо шмат гадоў песціць і няньчыць катоў, а пра людзей забылася…

Адчуваючы свой вялікі грэх, пані па‑ранейшаму глядзела за катамі. Што ж яны, бедныя, вінаваты?

Пані пацяшала сябе тым, што памылка ўжо напалову выпраўлена, калі выкрыта. Толькі трэба старацца выправіць памылку да канца.

«Як выпраўляць памылку?»

Цяжкое «як?» непакоіла пані Вашамірскую. Пад уражаннем гэтага «як?» яна сядзела ўвесь вечар, не прымаючы ніякага ўдзелу ў вясёлых і мудрых гутарках гасцей. «Божы смутак» лунаў на яе твары. Пані апускала вочы і з‑пад апушчаных расніц пазірала з зацікаўленасцю ва ўсе бакі.

Яна шукала вачыма Салаўя.

Яго не відаць было.

Не было яшчэ самага галоўнага эфекту панскага балю.

Пані Вашамірская чакала яго з хвіліны на хвіліну. Яна забыла гладзіць і песціць катоў, што сядзелі ў яе на каленях. Ад нецярплівасці яна кожны раз уздрыгвала, калі да яе зварочваліся суседзі пры стале з запытаннямі і заўвагамі.

У гэты час пан Вашамірскі гутарыў з суседам з блізкага маёнтка аб тым, што студыя ўсё ж яго не задавальняе, бо акторы яго – выдрэсіраваныя мядзведзі. Нутранога агню, натхнення няма ў іх. Вось ён зараз пакажа ўсім на закуску балю сапраўднае дзіва – чалавека, які спявае салаўём.

– Я думаю павезці яго за граніцу напаказ! – павысіў пан Вашамірскі голас.

– Салаўя сюды! Салаўя! – папрасілі госці.

Пані Вашамірская пабляднела ад хвалявання. У гэтую хвіліну Салавей быў яе апошняй нябеснай справай.

– Паслухаць цяпер салаўя – штука фвельмі пікантная! – сказаў доктар багасловіі і філасофіі. – Гэта тонкая хгустоўнасць і вышэйшы эстэтызм! Дтзіўлюся здтольнасцям пана Вфашамірскага, шчыра дтзіўлюся!

Ксёндз пачаў доўгую тыраду аб спевах салаўя, аб цудах божых.

Хоць пан Вашамірскі добра разумеў, што гэта толькі няшчырая ксяндзоўская льсцівасць, аднак перад вялікай грамадой гасцей яму было прыемна ад слоў ксяндза.

– Прывесці сюды Салаўя, – крыкнуў пан гайдукам.

Пан расказаў гасцям падрабязна ўсю гісторыю, як ён першы раз пачуў фокусы Салаўя і як дзеля жарту загадаў тады ўсыпаць некалькі гарачых гайдуку Макару. Пры гэтым успомніў, што гайдука Макара няма. Ён падазваў стольніка і запытаўся, дзе Макар.

– Макара знайшлі сягоння забітым, яснавяльможны пане, – спалохана сказаў стольнік, – яго забіла Зоська Халімонава, што ў канцы вёскі жыве, недалёка ад лесу.

– А Зоська дзе? – пабляднеўшы ад злосці, сказаў пан.

– Зоська ўцякла, яснавяльможны пане.

– Зараз жа яе злавіць! Скажы аб гэтым войту!

– Слухаю, яснавяльможны пане!

Пан Вашамірскі быў выбіты з раўнавагі. Перад гасцямі стараўся гэта не паказваць. Ён не шкадаваў гайдука Макара, але злаваўся на тое, што нейкая халопка парушыла яго панскі супакой, сапсула гармонію балю.

«Ну і дзікія гэтыя хлопы! Ну і разбойнікі ж яны! Засяку Зоську насмерць. Сваімі рукамі засяку, – пастанавіў ён у думках. – Ну і гадзюка яна!»

Пані Вашамірская не заўважыла змены настрою ў сына. Яна была занепакоена тым, што ён хоча забраць Салаўя за граніцу. Салавей быў патрэбен ёй. Яна гатова аддаць за Салаўя ўсіх сваіх катоў… Яна гатова… Сама ў гэту хвіліну не ведала, на што яна гатова, каб толькі дастаць сабе Салаўя.

Яна кіўнула сыну і сказала ўстрывожаным голасам:

– Салаўя не трэба везці за граніцу, не трэба!

Доверь свою работу ✍️ кандидату наук!
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой



Поиск по сайту:







©2015-2020 mykonspekts.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.