Мои Конспекты
Главная | Обратная связь

...

Автомобили
Астрономия
Биология
География
Дом и сад
Другие языки
Другое
Информатика
История
Культура
Литература
Логика
Математика
Медицина
Металлургия
Механика
Образование
Охрана труда
Педагогика
Политика
Право
Психология
Религия
Риторика
Социология
Спорт
Строительство
Технология
Туризм
Физика
Философия
Финансы
Химия
Черчение
Экология
Экономика
Электроника

Зоська літасці не прасіла





Помощь в ✍️ написании работы
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой

Зоська не памятала свайго ўчынку. Сякера была яшчэ ў яе руках. Пальцы моцна ўпіліся ў тапарышча, пабялелі ў суставах, а пазуры наліліся крывёю. Яна бачыла перад сабой толькі тое, што вось павінна зараз быць: панскі сабака Макар, нялюбы і агідны, будзе з яе жартаваць, будзе з яе здзекавацца і гвалтам пацягне на панскі баль. Яго голас, круглы чырвоны твар, сіла над ёю цяпер, калі Сымонкі няма тут, даводзілі яе да таго, што зуб аб зуб ляпаў. Здавалася ёй, што рот поўны сухога гароху, і яна ніяк не можа яго выплюнуць. Гарох душыў яе, нагаганяў пену на губы. Яна хацела яго размалоць зубамі і не магла.

Апамяталася толькі тады, калі пачула галошанне маткі. Толькі тады яна заўважыла труп Макара, які ляжаў на гліняным памосце тварам да зямлі ў лужы крыві.

Сякера выпала з рук.

Зоська здзівілася і як бы супакоілася. Здзівілася таму, што раптам Макар так смешна лёг на зямлю, перакінуўшыся праз парог іхняй хаты. Супакоілася, бо Макар яе болей чапаць не будзе…

Старая маці ламала рукі і галасіла:

«А Божа ж мой! А Божа ж мой!»

Схапіла старая вядро вады і лінула на Макара. Тармашыла яго, будзіла. Нічога не памагло.

Маці выскачыла на вуліцу.

– Ратуйце, людцы добрыя! Ратуйце, – чула Зоська ахрыплы крык маткі, – ра‑тууйця‑а‑а!!!

Зоська азірнулася па хаце. Аглядала ўсе куткі, нібы ў першы раз убачыла печ, тапчан, стол, цялушку ў загарадцы; зірнула на труп Макара ў лужы крыві – і рукі ў яе павіслі, як чужыя. У сэрцы млосна стала. Кругі замітусіліся перад вачыма.

«А можа, ён зараз зноў засмяецца, зарагоча, як нядаўна рагатаў на кані…» – думала Зоська.

– Ратуйце, людцы добрыя! Рату‑у‑уй‑ця‑а!!!

Лямант маткі – такі роспачны, такі жаласлівы і спуджаны, як тады, калі бацьку‑нябожчыка катавалі ў дварэ. Зоська тады яшчэ была малая. Гэта было яшчэ пры старым пану.

Перад вачыма Зоські, як жывы, стаяў нябожчык бацька. Нізенькі, худзенькі, са скалмачанай русай бародкай. Яго вечна слязлівыя вочы былі заўсёды спалоханыя. Завостраны нос быў бледны і смешны. Зоська не памятае, за што тады бацька правініўся перад панам. Ён, бацька, тады малаціў. Там жа на гумне яго білі. Як прывезлі дахаты нежывога, дык мякінай былі абсыпаны ўсе раны на яго целе. У носе была мякіна, у вушах, між каравых чорных пальцаў – усюды афарбаваная крывёй мякіна, што да хлеба прымешваюць…

Гул галасоў чуе Зоська з вуліцы. Усё бліжэй да хаты…

Нешта страшнае будзе ёй ад гэтых людзей…

Збегліся людзі…

Разявіліся…

На Зоську ўтаропілася многа вачэй… Здзіўленыя, сумныя, вясёлыя, спалоханыя, бліскучыя. Зоська хацела ад іх схавацца, ды не магла. Яна адварочвалася – а вочы пранізвалі яе праз патыліцу, праз спіну. Яна апускала галаву ўніз – вочы грамады калолі яе. Яна тарашчыла на іх, нібы на полымя, свае бяздонныя і пустыя вочы. Тады сялянскія вочы ад яе адварочваліся. Не вытрымлівалі…

– Гэта на нас бяда… Ліха на ўсю вёску…

– Закатуюць усіх нас… Закатуюць…

– Не чапаць яго – гэтага панскага сабаку! Не чапаць! Няхай так ляжыць!

– Вось і сякера!

– Вязаць яе! Вяза‑а‑ць!

Як праз сон, як аглушаная, чула Зоська вакол сябе гоман устрывожаных людзей.

– Маці! Вяроўку дай! Вяроўку! – крычаў нехта.

Матка Зоські, жагнаючыся, божкаючыся, пабегла ў сенцы па вяроўку.

Зоська прыслухоўвалася да матчыных слоў. Маці, плачучы, апавядала мо ў дзесяты раз адно і тое самае. Зоська старалася ўцяміць сэнс гэтых страшных слоў:

– Дык, людцы родненькія, Зоська ўскочыла ў хату і схапіла сякеру. А ён гнаўся за ёю, Божа ж мой. Ён праз парог, а яна, міленькія, тра‑а‑ах сякерай па галаве. Трах! Ён і пакаціўся. А Божа ж мой, а родненькія, а міленькія…

Зоська з цікавасцю прыслухоўвалася да матчыных слоў. Уцяміла…

Сэрца яе то моцна калацілася, то зусім прыціхала, пуста рабілася ў грудзях. Дрыжэлі рукі і ногі, кожная жылка дрыжэла.

Зоська супакоілася толькі тады, калі рукі яе былі звязаны за плячыма. Яе пасадзілі ў кут перад абразамі.

Да ног лашчыўся стары кот, цёрся бокам да спадніцы і махаў хвастом.

Войт круціў тоўстыя вусы двума пальцамі правай рукі, падсоўваў, нібы ў падарунак камусьці, то адзін вус, то другі. Мышыныя вочы яго былі лагодныя. На гэты раз ён зусім не лаяўся. Ледзь кратаў тоўстымі губамі і цадзіў праз зубы:

– Та‑а‑ак, та‑а‑ак… Аг‑а… Аг‑а!

Спакойна распытваўся, як гэта здарылася, слухаў адным вухам, другім, жмурыў вочы, усміхаўся і нібы радаваўся. Выходзіла, быццам усё гэта было яму надта прыемна. Распытваўся ў сялян, у Зоськінай маткі.

– Та‑а‑ак, та‑а‑ак… А‑га… А‑га!..

Зоську ніхто не распытваў. Нібы аб ёй зусім забылі.

Людзі агойталіся. На душы палягчэла ад лагоднасці пана войта. З ім як бы паратунак з'явіўся для вёскі.

– Ну, разбойнікі, – грымнуў раптам войт, – вынасеце труп на санкі! А яе (войт паказаў рукой на Зоську) развязаць!

«Развязаць» было сказана з такой злосцю, нібы развязаць было для Зоські горшай карай, чымся быць звязанай.

Жылы ў войта на твары надуліся. Вочы заблішчэлі.

Людзі вынеслі труп на прыгатаваныя сані.

Войт загадаў фурману везці ў двор. Ён вярнуўся ў хату, за руку вывеў адтуль Зоську, сам накінуў ёй вяроўку на шыю, прывязаў да аглоблі побач з канём, сеў у сані і ўзяўся за лейцы і пугу. Мужыкі анямелі на месцы, казелілі вочы і толькі галовамі ківалі.

Завойкала‑загаласіла старая маці Зоські:

– Паночку… міленькі… родненькі…

– Ціха, сука! быдла! – крыкнуў войт, і вочы яго наліліся крывёю. – Маўчы!

– Ёй будзе холадна, паночку… Кажух дам ёй…

– Грэць буду! – усміхнуўся ў вусы войт.

Матка ўскочыла ў хату па кажух. Тым часам войт пацягнуў за лейцы. Паехаў лёгкім крокам.

Зоська ішла побач з канём.

Матка вынесла кажух і пабегла за фурманкай, крычала:

– Паночку… паночку…

Войт пагнаў каня шыбчэй, сцебануў пугай Зоську…

Конь панёсся.

Зоська ўся потам аблілася, расчырванелася. У вачах стаяў туман. Нічога перад сабой не бачыла. Толькі лясканне пугай па яе плячах, нібы гром, глушыла ёй вушы, кусала яе, нібы сотні аваднёў, нібы снапы іскраў.

Думкі ў Зоські блыталіся.

Яна падала ў снег. Забывалася, дзе яна знаходзіцца, што з ёю робіцца.

Войтава пуга кожны раз падымала яе зноў на ногі. Войт з кожным ударам пугі ўсё болей звярэў, ахрып ад дзікай лаянкі, і правая рука, што трымала пугу, занямела ад працы.

Зоська ні разу не крыкнула, не прасіла літасці ў войта, толькі ціха войкала і задыхалася ад гарачыні.

Мароз пашчыпліваў войта за вушы. Вусы яго пасівелі ад шэрані, павіслі на іх ільдзяныя макавінкі.

Далёка ад фурманкі адстала матка Зоські. Шэрай кропкай выглядала старая ў снежнай белі, соўвалася наперад, як мурашка. Хаткі вёскі схаваліся за касагорам. Ціха стала вакол.

Трохі не па сабе зрабілася войту. Ён стрымаў шпаркі бег каня. Пачаў ехаць крокам і перастаў лупцаваць Зоську пугай.

– Пано‑о‑очку!.. о‑о‑очку! – даносіўся да яго здалёку крык Зоськінай маткі…

Войт уехаў у лес.

Ціха было ў гушчары. У белых вывернутых шэрсцю наверх кажухах стаялі маўклівыя калматыя елкі. Санкі лёгка коўзаліся па снезе. Зоська ступала спакойна побач з канём. Войт глядзеў ёй у спіну. Жудасна зрабілася яму і як бы шкода гэтай дзяўчыны. Ён спыніў каня, злез з санак, зняў з Зоські вяроўку і казаў ёй сесці ў санкі.

Зоська здзіўлена на яго зірнула, нешта замармытала. Губы яе былі ў крывавай пене. Уздрыгі пранікалі ўсё яе цела…

– Ну садзіся хутчэй, пся косць!

Зоська ўсміхнулася. Яшчэ раз зірнула на яго. Давай пільна ўглядацца. Вочы яе расшырыліся ад захаванага нясцерпнага страху і агіды.

– Макар… Макар… – шапнула яна, – ты Макар…

Наставіла супроць войта адубленыя рукі і закрычала:

– Не хачу на панскі баль! не хачу!

На Зоську напаў раптам смех, нястрыманы рогат. Яна глядзела на войта белымі зрэнкамі і рагатала. Корчылася ад смеху. Пена валіла з губ. Яна гогокала, выстаўляла рукі на войта, пазірала ў глыбіню яго вачэй.

– Го‑го‑го!

Жудасна зрабілася войту.

Ён даў пугай па кані. Конь ірвануўся і пабег. Зоська засталася ў лесе.

«Скажу, што ўцякла», – падумаў войт.

– Го‑го‑го! – чуў ён здалёк.

– Го‑го‑го‑о‑о!

Дзедава казка

Салавей выскачыў з палаца на шырокі дзядзінец. Пакруціўся каля будынкаў і пабег у парк. Адтуль кінуўся ў вялізнае гумно. Чуў ён крык гайдукоў, якія пусціліся за ім удагонку.

– Лавіце! Лавіце!

Забрахалі сабакі. След яго ўжо быў страчаны.

Салавей урыўся ў вялізны стог сена.

Як ўсё супакоілася, ён вылез на гумно.

Стаяла цішыня. Неба было чыстае, нібы цёмна‑сіняе шкло. Буйныя зоркі залатымі вышыўкамі віселі ў бяздоннай вышыні.

Салавей зірнуў у бок лесу, што вызначаўся шараватай сцяною. Пасля цэлага дня сядзення ў запёртым цёмным пакоі, пасля таго, як прывялі яго на панскі баль і прымусілі спяваць салаўём – ён адчуваў сябе чалавекам, ён меў перад сабою вольніцу‑волю. Але ў гэтым прасторы яму было цесна. Ён не ведаў, куды ісці, дзе схавацца ад пана і яго наймітаў, дзе дзецца ад тых людзей, якія ад страху пакажуць на яго пану.

Салавей дыхнуў халодным паветрам.

– У лес… У лес…

Там ён у маленстве пасвіў панскае стада. Там яму вядомы і блізкі, як родныя браты, кожнае дрэва, кожны кусток…

З‑за касагору зірнуў месяц – чырвоны, як кроў, што льецца на мужыцкім целе ад панскіх бізуноў.

Па сіняватаму кужалю снегу, побач з ім, як несупынны вартаўнік, ідзе яго цень. Рукі і ногі ў ценю надзвычайна доўгія. Салавей глядзіць на свой цень і думае: «Каб сам быў такой велічыні, увесь маёнтак перавярнуўся бы, камень на камені не пакінуў бы»…

Падышоў да старога дуплаватага дуба.

Не раз улетку ён тут вогнішча раскладваў. Тут заўсёды на Купалле хлопцы і дзяўчаты збіраюцца. Гуляюць. Песню пяюць… Скачуць. Тут ён з Зоськай не раз сядзеў. Яшчэ як быў малы, тут дзед Мікіта яму байкі баяў. Цяпер дупло, высмаленае вогнішчам, снегам занясло. А як быў малы, тут ад дажджу хаваўся… Шматгадовы попел таксама занясло гурбай вялізнай, як мядзведзь.

Салавей нырнуў у лес.

Яго цень драпаецца па хвоях, лезе на елкі. А месяц свеціць‑свеціць, паглядае паміж пнёў, грае па снежных абрусах, пускае дробненькі цвет па абснежаных галінах.

Крокі Салаўя аддаюцца мяккім шолахам.

І здаецца Салаўю, што ён даўным‑даўно брыдзе ў гэтым месячным лесе, многа гадоў – з тых часоў, як дзед яму байкі баяў пры вогнішчы.

Сцюжа прабірае.

Але гэта толькі зверху – рукі, твар. Унутры цёпла, горача… Месяц здаецца дзедавым тварам. Дзед Мікіта паўстае жывёханькі. Лысіна бліскучая, трохі жаўтаватая. Бародка скалмачаная. Шмат зморшчынак на дзедавым сухім твары. Яны ткуцца густа‑густа, як зрэбнае палатно. А вочы ў дзеда – маладыя, блішчаць двума аганёчкамі ад лучыны. Усміхаюцца. А голас у дзеда трохі пісклявы. Часта ён збіваецца з тону, спыняецца, кашляе, плюе.

Дзед пляце казку.

Слова ў слова памятае Салавей:

«У якімсь краі жылі людзі, і пачаў да іх лятаць змей, і пачаў дабро цягаць, і людзей к сабе хватаць. Людзі яму будавалі харомы, акопвалі іх канавамі, насыпалі валы зямлі і там гінулі. А змей хватае ды валочыць туды ўсё новых ды новых людзей».

Салавей нібы бачыць перад сабою дзеда, які рукамі паказвае, як людзі харомы будуюць і як змей людзей хватае. Спрытна дзед умеў байкі баяць. Ён цягне іх доўга‑доўга. Начлежнікі слухаюць. Ціха сядзяць.

«Працуюць людзі на змея, а самі пухнуць з голаду і мруць, бы мухі. Тыя людзі, што засталіся жыць у харомах змея, зрабіліся яго ліхімі слугамі і пачалі дзёрці скуру з людзей».

– Якраз як гайдукі нашага пана! – кажа хтосьці з начлежнікаў.

– Ціха, не перабівайце! Каб на вас звод! – злуецца дзед і далей гавора:

«І ліхія слугі змея пачалі лічыць людзей горш гавяды, пачалі сароміцца, што самі яны людзі, пачалі выдумоўваць сабе ўсялякія назвісткі. Хто назваў сябе змеем, хто ваўком або мядзведзем ці другім зверам, хто арлом, каршаком ці другою птушкаю, хто якім‑кольвек дзеравам. І гэтак яны далі сабе назвісткі. Ды от скуль узяліся паны Свінскія, Ваўковічы, Арлоўскія, Дубавіцкія і цэлая процьма іншых».

– А Вашамірскі скуль узяўся? – запытаўся малы тады хлопчык Сымонка.

Ён шчыра верыў кожнаму слову байкі.

– Не перабівай! – грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі.

«Тым часам змей пачаў гніць, бы падла (дзед плюнуў пры гэтым аж тры разы). Ляжыць ён на адным баку тысячу гадоў. Разышоўся ад яго смурод па ўсіх пакоях. Пайшла вонь на ўвесь свет. Прасмярдзелі і пачалі гніць і паны».

Сівенькі дзед сашчаміў нос двума закарузлымі пальцамі і давай чыхаць. Слухачы зарагаталі. Але дзед цягнуў байку далей мінорным тонам:

«От служаць людзі дохлым панам і гнілому змею, аддаюць ім апошняе, а самі ходзяць галодныя ды халодныя, за працаю сонейка яснага не бачаць. І людзям здаецца, што лепшага жыцця і не трэба, бо так жылі іх дзяды і прадзеды».

Ціха‑ціха вядзе дзед сваю гутарку, да шэпту даводзіць. Начлежнікі апускаюць галовы, нібы вінаватыя. Сумна і жудасна робіцца Сымонку. Вакол вогнішча стаіць начны змрок, густы, душны.

Пасля доўгага спынку дзед больш цвёрдым голасам цягне далей:

«Але вось нарадзіўся ў тым краю хлапчук. Быў ён вельмі благенькі, заняпаў з маленства, ды так астаўся да трыццацёх год. І назвалі яго людзі Іванкам Прастачком. Прыйшлі да Іванкі старцы‑дудары. Першы раз зайгралі – язык Іванку развязалі. У другі раз зайгралі – у сэрца жаласці нагналі. Трэці раз зайгралі – Іванку сілу далі.

І пачаў Іванка Прастачок па свеце хадзіць, у дудачку граць, людзям праўду казаць. От учулі ў палацах той вялікі голас ды і спалохаліся слугі змея. Пачалі яны войска збіраць ды Іванку Прастачка шукаць…»

Салавей ішоў па лясной дарозе і, думаючы і паўтараючы дзедаву казку, не глядзеў, што робіцца вакол. Але раптам успомніў, што яго могуць тут знайсці панскія гайдукі. Ён збочыў з дарогі ў лес і думаў аб дзедавай казцы, у якой гаворыцца аб «жалезнай булаве ў сорак пудоў». Надта баяўся змей гэтай булавы.

Салавей падумаў, што на пана Вашамірскага не шкодзіла б пайсці з такой булавой, і больш шпаркім крокам пайшоў наперад.

Ён не ведаў, куды ідзе. Не думаў аб гэтым. Толькі каб быць далей ад маёнтка. Раптам убачыў нешта шэрае каля пня. Сэрца калатнулася.

Ён падышоў бліжэй.

– Няйначай чалавек…

Нагнуўся.

Шэрань пакрыў сівізной дзявочыя скалмачаныя валасы.

Перад вачыма Салаўя пачалі кружыцца дрэвы.

Ён не сваім голаса крыкнуў:

– Зоська!..

Карова ацялілася

– Жывём мы на жарты і кпінкі для гояў, – гаварыў Меер свае ранішнія псальмы, паглядаючы на ўсход у бок невідочнага Сіона.

Яго голас быў роўны, манатонны і меланхалічны. Меер жмурыў вочы, ківаўся направа і налева, шчоўкаў ад вялікага пачуцця пальцамі і забываўся аб усім на свеце… Ён вёў цяпер бяседу з богам Элагімам, апавядаў яму аб здзеках з сябе на балі ў пана Вашамірскага; скардзіўся на тое, чаму Элагім так захацеў.

Пры гэтым спалохаўся:

– Гэта ж грэх… Я – нікчэмны чалавек, жанчынай нараджоны – учыняю грэх… Пачуццё спакоры слабее. Замест спакоры злосць кіпіць у маіх грудзях. Д'ябал думкі блытае…

Лісток за лістком Меер перагортвае стары пажоўклы Псалтыр, што перайшоў да яго ў спадчыну ад дзіда‑дзеда.

Меер стогне.

Літары на жоўтым полі паперы скачуць перад ім, як чорныя кузуркі.

Чырвоная паласа ўсходу палае над лесам.

У хаце шэра. Ранічны светазмрок прабіваецца праз маленькія шыбіны. Жонка Меера, нізенькая і дробная жанчына, тупаецца ля печы, соўвае гаршкі, ладзіць сняданне. Першым чынам трэба накарміць карову, яна ў гэту ноч ацялілася, і ў хаце вялікая радасць. На гэту сямейную ўрачыстасць прыйшла і жонка суседа Міхалкі – высокая, круглая і ружовая, з вечным дзівам у вачах.

Каля печы стаіць цэбар. У ім ладзіцца сягоння смачнае сняданне для каровы: запарваецца мякіна, абмешваецца варанай бульбай і аздабляецца высеўкамі ад жытняй мукі.

– Гэта ж проста панскае сняданне! – жартуе Меерыха. – Ледзь дачакаліся малачка. А цяпер цэлы скарб у хаце будзе. Проста рай для дзяцей.

– А як жа, а як жа! – згаджаецца Міхальчыха. – Парсюкоў вы ж не колеце. У вас усё малако ды малако.

Меерыха пачынае пералічаць усе выгады ад каровы:

– Тут табе і сыр, і масла, і смятана, і тварог, і кіслае малако, і маслянка, і сырое малако, і паранае. Тут табе і да бліноў ёсць прысмакі! Тут табе і да рознай стравы акраса. Без малака пустая хата. Без малака як без рук.

– Дый што казаць, – спагадвае Міхальчыха, – паўнюткая хата дабра, калі карова дойная.

Меер чытае псалмы і прыслухоўваецца адным вухам да бабскай гутаркі. На яго твары з'яўляецца ўсмешка, але хутка хаваецца ў чорнай густой барадзе, бо радавацца – грэх. Ён бярэ са стала акраец хлеба, крышыць пальцамі і кідае ў цэбар. Пры гэтай рабоце ён не спыняе сваіх псалмаў – глытае іх на памяць.

А яго старшы сын, Мендэлька, новага сябра набыў: забаўляецца з цялушкай. Яна яшчэ ледзь стаіць на тонкіх ножках. Хлопчык мукае, як карова, пабрыквае вакол цялушкі на руках і нагах, гладзіць яе жоўтую шэрсць і нарадавацца не можа гэтай вялізнай падзеі ў яго жыцці.

Лёгка казаць, такога слаўнага таварыша мае.

Праз дзень‑два цялушка ўжо будзе пабрыкваць, скакаць ад стала да печы, ад печы да ложка. У хаце пойдзе такі гармідар і тарарам, ад якога Мендэлька ўжо цяпер мае вялікую ўцеху. А праз тыдзень, дык чаго добрага, яму і Юрку, сыну Міхалкі, у цялушкі вучыцца прыйдзецца, як час праводзіць, як на свеце жыць…

У хаце радасць. Кожны па‑свойму малюе змену ў жыцці да лепшага: ацялілася карова.

Скрып дзвярэй перабіў агульны ўрачысты настрой. Адчыніліся дзверы, і пасля цэлага воблака пары на парозе паказаўся высокі дзяцюк.

– Дзень добры ў хату! – казаў ён трохі ахрыплым голасам.

– Добры дзень! – адказалі кабеты.

– М‑гу, – буркнуў і Меер, каб не перарваць малітвы.

– О‑о‑о! ну! – вёў далей Меер гутарку з дзецюком на мігі, як нямы, і паказаў рукою на зэдлік, што азначала: «прашу сесці».

– Дзякую! – адказаў дзяцюк. – Буду грэцца каля печы, бо вельмі азяб!

– Грэйся! Грэйся! – гасцінна папрасіла Меерыха. – Вельмі ўжо ты лёгка адзеты. Не па‑зімоваму…

– Відаць, душа грэе, – пажартавала Міхальчыха і давай прыглядацца пільней да дзецюка. – А ці не Сымон, панскі салавой.

– Пан Вашамірскі выгнаў мяне.

– Ой, ой, не можа быць! – казала Міхальчыха.

– Праўду, я цэлую ноч у лесе бадзяўся. Там Зоська Халімонава мёртвая ляжыць. Трэба як‑небудзь яе матцы наказаць.

– А Божа ж мой! – здзівілася Міхальчыха. – Што дзеецца на свеце!

Меер, не спыняючы псальмаў, звярнуўся да жонкі на мігі.

– О‑о‑о! гам!

Яна зразумела адразу і папрасіла Салаўя на сняданне:

– Сымон пэўна снедаць хоча!

Міхальчыха задзівілася.

– Божа ж мой! Што на свеце робіцца! Ідзём у маю хату снедаць!

– А наша хата – не хата? – пакрыўдзілася Меерыха.

Меер спыніў малітву і пачаў злавацца:

– Садзіся, Сымон! Зараз есці будзем!

– Для Сымона сала на снеданне зажару! – не адставала Міхальчыха, і яе здзіўленыя вочы паглядалі на ўсіх з просьбай.

Пачуўшы слова «сала», Меер заткнуў вушы і адвярнуўся да сцяны, каб не атрафіць малітву…

Міхальчыха павяла Салаўя ў сваю хату.

У часе яды Салавей з Міхалкай доўга шапталіся.

Пасля гэтага Салавей лёг спаць на печы. А пад вечар Міхалка даў яму стары кажух, торбу харчоў і выправіў у дарогу.

Божая Маці

Праз колькі дзён пасля спектакля пан Вашамірскі дазволіў Марылі, «прыгажэйшай за статую Венеры», ісці дахаты.

Марыля ўзрадавалася.

Пры гэтым прысутнічаў ксёндз Марцэвіч. Яго шэрыя вочы бліснулі. Ён строга замахаў на яе пальцамі і сказаў урачыстым голасам:

– Не радуйся дабраце пана! Табе грэх радавацца. Ты грала на сцэне святую Матку Боску. Ты выасабляла яе цудадзейны вобраз. У твае грэшныя вусны былі ўложаны яе нябесныя словы. Калі на шляху сустрэнеш вялікія пакуты, дык памятай, што пакуты цела гояць душу. Ты павінна дзякаваць пана за тое, што выконвала ў палацы слаўную ролю Свентай Маткі. Адмаўляйся ад сваіх бацькоў ды лепш ідзі ў ціхі манастыр. Я падрыхтую цябе пастамі, малітвамі ды споведдзю. Я буду тваім духоўным айцом!

Ксёндз Марцэвіч вільготна‑маслянымі вачыма аглядаў прыгожую постаць Марылькі.

Дзяўчына пабляднела. Апусціла вочы і шэптам сказала:

– Хачу да бацькоў…

– Ідзі! – гнеўна сказаў ксёндз. – Але памятай, што ты перад намі грала святую Марыю. Не грашы!

Было яснае сонечнае надвор'е, калі Марылька ішла да бацькоў. Яна не ведала, што дома робіцца.

Пад яе нагамі скрыпеў снег. Дарога блішчэла шліфаваным серабром.

На парозе маленькай хаткі яе сустрэў бацька, Каспар. Рукі і твар былі ў яго абматаны анучамі. Толькі вочы блішчэлі.

– Дачушка! – абрадаваўся бацька. – Марылечка…

І раптам бацька заплакаў.

– Чаго плачаш? – спалохалася Марылька.

– Хадзем у хату, раскажу.

– Дзе маці?

– Раскажу… Я вось рукі і твар адмарозіў па панскай ласцы.

У хаце Марылька аб усім даведалася.

– Дык чаго ты так рагочаш? – устрывожыўся бацька. – Радавацца няма чаго.

Марылька слова не сказала. Рагатала цэлы дзень. Не магла стрымаць свайго смеху. Калі змарылася, павалілася вобземлю ды ўсё рагатала. Трымалася за бакі ды рагатала… Глядзела на людзей непрытомнымі вачыма ды рагатала… Змоўкла толькі тады, калі на яе вылілі вядро студзёнай вады. Пасля рогату на яе напаў вялікі смутак. Пацямнелі яе сінія вочы, твар быў белы, і вуснамі яна ледзь шаптала:

– Я матка боска…

– Яна звар'яцела, – тлумачылі Каспару суседзі. – Пільнуй, каб з хаты не ўцякла!

Вясной яна ўцякла.

Каля рэчкі зелянелі кволымі фарбамі вербы. У сінявасці неба купаліся птушкі, звінела на розныя галасы зямля, а шалёная Марылька брыла па палях і дарогах. Хадзіла босая ў зрэбнай кашулі з распушчанымі валасамі. У яе вачах застыў вялікі сум. Хадзіла яна павольным крокам, моўчкі.

– Хто ты?

– Я матка боска…

Іншых слоў ад яе ніхто не чуў.

Часам дождж і навальніца пануюць над зямлёю, вые‑крэхча бор ад ветру, птушкі палохаюцца, людзі па хатах сядзяць. Часам сонца пячэ, сушыць глебу. Людзі ценю шукаюць. А шалёная ўсё ходзіць, брыдзе ад вёскі да вёскі ў доўгай зрэбнай кашулі. Людзі кормяць яе, пояць, а яна толькі адно шапаціць:

– Я матка боска…

І чуткі, і казкі, і дзівы носяцца па ваколіцы ад аднаго цёмнага чалавека да другога:

– Матка Боская ходзіць па зямлі. Яна ў доўгай зрэбнай кашулі. Смутак у яе вачах. А над яе галавою ззянне.

Салоўка спявае ў густых ляшчынах. Трэлі яго звіняць насупроць чырвонага месяца. А ўдзень на гэтым самым месцы зязюлька кукуе грудным голасам.

І плыве, коціцца ад вёскі да вёскі, нібы вільготны белы туман уночы:

– Матка Боская ходзіць па зямлі. Дзе ступіць нагою, там жыта родзіць; дзе гляне вокам на гаўяду – гаўяда здаровая. Ваўкі ў полі чапаць не будуць. Гляне на хворага – ачуняе. Гляне на сляпога – свет сонейка пабачыць…

І людзі цёмныя на каленях, з малітвамі «матку боску» сустракаюць.

Ходзіць‑брыдзе па ваколіцы шалёная Марылька.

І сустрэў яе каля цвінтара адзін ксёндз – Курачковіч, тоўсты і кароткі, і завуць яго «Кірачковіч», каб прозвішча не ішло ад слова «курыца». Ён доктар багасловіі і філасофіі.

«Маці боская», якая прывыкла жыць у панскім палацы пад камандай ксяндза Марцэвіча, спалохалася ксяндза і ўпала перад ім на калені.

Доктар багасловіі і філасофіі загадаў ёй ісці да яго ў памяшканне. Яна паслухалася. Там угледзела яна шмат кніг, шмат панаў езусаў: вялікіх і малых, драўляных, масянжовых, каменных, на малюнках.

Дзесяць дзён і дзесяць начэй яна жыла ў доктара багасловіі і філасофіі.

Як пайшла ад яго, дык гаварыла сустрэчным і папярэчным на дарогах шырокіх:

– У маім чэраве сын божы. Маліцеся, людзі!

І зноў хадзіла «маці боская» па зямлі ўжо не адна, а з сынам божым у чэраве.

Гаварылі людзі цёмныя, што Маці Боская з неба спусцілася, з яснага сонейка на зямельку панскую, каб змякчыць сэрца лютых паноў, каб яны не здзекаваліся з прыгоннікаў.

Падхапіў гэтыя словы людскія доктар багасловіі і філасофіі – ксёндз Курачковіч, як завуць яго за вочы, або Кірычковіч, як кажуць пры ім.

Ён задумаўся над адным пытаннем багаслоўска‑філасофскага сэнсу – аб раўнавазе ў людскіх суадносінах на зямлі:

– Тады паны, можа перастануць здзекавацца з прыгоннікаў, калі прыгоннікі зробяцца паслухмянымі. Паслухмянства чалавек набывае праз страх божы. Страх божы павінен сеяць між людзей ён – доктар багасловіі і філасофіі.

Ён у другі раз залабуніў да сябе «матку боску».

Дзесяць дзён і дзесяць начэй звар'яцелая Марыля знаходзілася ў пакоях Курачковіча. Слухала там яго святыя словы. Пасля гэтага народ бачыў яе ў касцёле «Кроў Езуса». Яна паказвалася перад народам у залатых рызах, у бліскучай кароне. Бровы яе былі падмазаны грымам, роўныя, даўгія. Твар яе быў пакрыты бяліламі. Ва ўсёй яе постаці прыкметны былі: сум, спакора, набожнасць, рахманасць і мудрасць райская.

На гэта быў вялікі майстар грыміроўшчык з тэатра пана Вашамірскага. Жывая «матка боская», здавалася, толькі што сышла з святога абраза. Яна маўчала, глядзела на народ, не мігала вачыма і не рухала рукамі і нагамі.

Доктар багасловіі і філасофіі гаварыў казанні перад народам пра божую славу, пра пакуту на зямлі, пра спакору перад панамі, якім Пан Буг аддаў люд паспаліты пад апеку. І яшчэ шмат аб чым гаварыў ён з багасловія і філасофіі.

Народ падаў на калені, маліўся, плакаў і не ведаў, што яшчэ рабіць трэба.

Тады доктар багасловіі і філасофіі тлумачыў, што яшчэ трэба:

– Трэба ўтрымаць святы касцёл «Кроў Езуса». На гэта патрэбны людскія падаянні‑ахвяры. Шчыра даюць паны на божы храм, але паноў мала. Люду паспалітага многа, а люд мала дае ахвяр. Гэта вялікі грэх. Прыйдзі сюды, пакалечаны целам, і калецтва тваё загоіцца! Прыйдзі сюды, накалечаны духам, і дух ачысціцца ад пошасцей, помыслаў злых ды ўчынкаў ганебных. Калі пан твой цябе крыўдзіць, памятай, што на тым свеце ён за гэта будзе пакараны панам над усімі панамі. А пакрыўджаны панам на зямлі будзе ўзнагароджаны на небе панам над усімі панамі. Толькі супраціўляцца пану няможна, бо тады будзе ліха і на гэтым і на тым свеце. Амін!

– Амін! – казала пры гэтым уголас і матка боская.

Праславіўся па ўсёй ваколіцы касцёл «Кроў Езуса».

На багамолле сюды хадзілі з блізкіх і далёкіх месц розныя людзі. Прывозілі хворых дзяцей, старых, розных кручаных і сапсаваных людзей.

І доктар багасловіі і філасофіі парады даваў:

– У каго няма грошай, можа абкруціць тры разы хворага палатном, а пасля кінуць гэтае палатно перад нагамі маткі боскай. У каго няма палатна, можа зважыць хворага, пасля такой вагі збожжа даць на карысць «Крыві Езуса». У каго няма збожжа, можа даць авечку, гуся, цялушку, на тую ж карысць. У каго такой жыўнасці няма, можа прынесці сыру, масла, мёду, воску.

Голас ксяндза Курачковіча быў салодкі, як мёд, і пранікаў у сэрцы парахвіян, нібы святы меч анёла. Бліскучы ланцужок яго казання ў стылі «калі няма таго, можна чаго іншага» цягнуўся доўга‑доўга – ад касцёла «Кроў Езуса» да Бэтлеему.

Святая Марыля часта паўтарала слова «амін».

Яна прывыкла да сваёй ролі. Пакруглела ў твары. «Кроў Езуса» ёй пайшла на карысць. Палюбіла «матка боска» гэты касцёл. А багасловія і філасофія расла ў ксяндза Курачковіча, як вінаградны сад пад пільным наглядам кемнага вінаградара. Показам гэтаму быў святы жывот ксяндза. І меў ён блаславенне за такое божаскае выхаванне парахвіян ад самога біскупа. А біскуп меў пахвалу за такога ксяндза ад самога Папы Рымскага.

Тым часам Каспар, бацька Марылі, абмотваў анучамі рукі. Па кавалачках, па суставах адпадалі пальцы, якія ён адмарозіў дзякуючы лютаму панскаму войту. Твар у яго лупіўся, быў заўсёды чырвонага колеру, нібы голае аблупленае мяса. Вочы гнаіцца пачалі, вечна слязіліся, і было непрыемна на яго глядзець не тое, што шляхотнаму чалавеку, але нават самаму простаму прыгоннаму.

– За грахі свае вялікія Каспар мае такі ганебны выгляд, – пусціў нехта пагалоску.

Каспар грашыў супроць святой Марыі. Ён гаварыў:

– Пан Езус – мой унук, бо святая Марыя – мая звар'яцелая дачка Марылька… Няхай бы мяне ўзялі за бога айца. Я тады загадаў бы ўсіх паноў перадушыць.

Словы гэтыя былі такія страшныя, ажно людзі баяліся данесці аб гэтым да вушэй пана Вашамірскага.

Тым часам доктар багасловіі і філасофіі любіў карміцца не толькі багасловіяй і філасофіяй, але і ахвяраваннямі людскімі, што прыносілі багамольцы ў касцёл «Кроў Езуса». Пры гэтым ён быў вельмі шчодры, частаваў сваіх бліжніх сытнай ядою і хмельным пітвом. Не ўсіх бліжніх карміў ён, бо тады абяднеў бы касцёл «Кроў Езуса». З усіх бліжніх ён выбраў самага лепшага – «матку боскую».

Аднаго разу «матка боская» наелася пшанічных бліноў, праз меру напілася касцёльнага віна.

Пры набажэнстве, калі сотні васковых свечак гарэлі ў касцёле, нібы зоркі ў чыстым небе, калі сотні багамольцаў позіркамі ўпіваліся ў жывую «матку боскую», яны заўважылі ў яе вачах вясёлы бляск.

– Павесялела Матка Боская, – радаваліся людзі. – Глядзеце, яна нам жартаўліва падміргвае! Благадаць божая на нас знісходзіць.

Раптам пачала прысядаць «матка боская» і нават ляскаць у далоні і прытаптываць нагамі.

І людзі пачулі новыя словы «маткі боскай» у залатых рызах і бліскучай кароне:

Тра‑ля‑ля, тра‑ля‑лю,

Я ксяндзуліка люблю!

Захацелася «матцы боскай» яшчэ спяваць, але рогат багамольцаў спыніў яе. Яна апамяталася пад жудасным позіркам заільдзянелых вачэй доктара багасловіі і філасофіі ды ўцякла за святы амбон у цень каменных ніш.

– Гэта ж Каспарава Марылька! – рагаталі багамольцы.

Рогат даходзіў да скляпення касцёла «Кроў Езуса», прабіў скляпенне і залунаў у самае неба да «пана над усімі панамі».

Здавалася, што васковыя свечкі ўсміхаліся дзесяткамі мігатлівых аганькоў. Здавалася, што святыя на абразах жартаўліва паглядалі на людзей грэшных. Не смяяўся адзін толькі доктар багасловіі і філасофіі. Ён пачырванеў, пабляднеў, яшчэ раз пачырванеў і яшчэ раз пабляднеў і спыніў чытанне святога Евангелля на паўслове.

І пасля гэтага матка боская была выгнана з касцёла «Кроў Езуса».

Яе зноў прытулілі людзі па вёсках, кармілі яе, паілі. Але ранейшага страху перад ёю ў іх не было. Людзі з ёю жарты заводзілі, гутаркі простыя.

А яна рыхтавалася да новага цуда. Ужо колькі месяцаў носіць у сваім чэраве сына божага.

Доверь свою работу ✍️ кандидату наук!
Поможем с курсовой, контрольной, дипломной, рефератом, отчетом по практике, научно-исследовательской и любой другой работой



Поиск по сайту:







©2015-2020 mykonspekts.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.